Зміцер Левіт: Якія гэта выбары, калі пераможца ўжо вядомы?

У Нью-Ёрку працягваюцца пратэстныя акцыі каля будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Прычына пратэстаў —удзел у сесіі Генеральнай асамблеі ААН лідараў краін, якія маюць рэпутацыю дыктатарскіх. Найбольшае абурэнне ўдзельнікаў пратэстных акцый выклікала запрашэнне ў Нью-Ёрк расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.



2015_09_29_achromienka_pratesty_u_aan.jpg

На здымку: Зміцер Левіт у час пікета насупраць ААН

Карэспандэнт "Радыё Рацыя" Марцін Война пагутарыў са Зміцерам Левітам, беларускім актывістам і адным з удзельнікаў беларускай пратэстнай акцыі каля будынка ААН у Нью-Ёрку.

Зміцер Левіт: Пікет праводзіўся насупраць будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Найбольш актыўнымі выявіліся беларусы і ўкраінцы. Таксама былі прадстаўнікі краін Балтыі.

РР: Колькі ўсяго людзей брала ўдзел у пратэстах?

Зміцер Левіт: Некалькі сотняў.

РР: Пад якімі лозунгамі праходзілі пратэсты?

Зміцер Левіт: Супраць Пуціна, супраць Расеі, супраць вайны ва Украіне.

РР: Ці згадвалася ўдзельнікамі акцыі каля ААН сітуацыя ў Беларусі?

Зміцер Левіт: Вядома ж, так. Былі антылукашэнкаўскія лозунгі, а таксама лозунгі супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі.

РР: У прамове на Генеральнай Асамблеі ААН Аляксандр Лукашэнка прыгадаў Кадафі, Хусэйна ды іншых зрынутых дыктатараў. Чаму менавіта іх, на ваш погляд?

Зміцер Левіт: А хто ведае, што цяпер у ягонай галаве? Я не разумею, якое дачыненне менавіта гэтыя дыктатары маюць да яго. Можа, такім чынам ён хоча даць зразумець, што амерыканцы прагнуць зрынуць і яго? Неяк адціснуць ад улады, што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Але ж трэба паказаць, пэўна, што яго атачылі ворагі…

РР: То бок, правальная эканамічная сітуацыя ў Беларусі — гэта, з пункту гледжання Лукашэнкі, выключна віна Амерыкі?

Зміцер Левіт: Дык трэба ж кагосьці вінаваціць! Пуцін вінаваціць амерыканцаў у тым, што ён уварваўся ва Украіну. Усім дыктатарам трэба знайсці вінаватага “з боку”, і Лукашэнка ў гэтым выпадку не выключэнне.

РР: У размове з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зеядам Раадам Аль-Хусэйнам Аляксандр Лукашэнка заявіў наступнае: “Мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека”…

Зміцер Левіт: Я нават не ведаю, што Лукашэнка лічыць “правамі чалавека”. Напэўна, “чарку і шкварку”…

РР: Наколькі падобныя акцыі дзейсныя, на ваш погляд?

Зміцер Левіт: Людзі проста выказваюць стаўленне да пэўных палітыкаў і пэўных падзеяў. А наколькі яны дзейсныя… У тае ступені, у якой яны асвятляюцца медыя.

РР: А ці быў нейкі розгалас у СМІ?

Зміцер Левіт: Бачыў журналістаў, нехта здымаў. Таксама былі і ўкраінскія сродкі масавай інфармацыі.

РР: На ваш погляд, і візіт Лукашэнкі да Злучаных Штатаў, і ягоны выступ на Генасамблеі ў ААН нейкім чынам можна звязаць з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі?

Зміцер Левіт: Гэтыя выбары праводзяцца толькі дзеля таго, каб Захад іх прызнаў. Якія могуць быць выбары, калі пераможца ўжо вядомы?

Мяркуецца, што пратэстныя акцыя будуць працягвацца да заканчэння паседжання Генасамблеі ААН 3 кастрычніка.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя