Прэм’ер Малдовы з трыбуны ААН запатрабаваў вываду расійскіх войскаў з Прыднястроўя
Прэм’ер-міністр Малдовы Валерый Стралец выступіў учора ад сваёй краіны з галоўнай трыбуны ААН у рамках юбілейнай 70-й сесіі Генеральнай асамблеі, на якой лідары дзяржаў — членаў абмяркоўвалі ролю ААН у захаванні міру і міжнароднай бяспекі, а таксама зацвердзілі Праграму развіцця пасля 2015 года. Закрануў ён і сітуацыю на Украіне.
«Малдова падтрымлівае мірнае рашэнне канфлікту ў Данбасе ў адпаведнасці з Мінскімі дамоўленасцямі, паважаючы суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Мы салідарныя з украінскім народам у гэтыя цяжкія моманты», — заявіў Стралец.
Закрануўшы працэс урэгулявання прыднястроўскага канфлікту, прэм’ер-міністр выступіў за яго вырашэнне шляхам вызначэння спецыяльнага статусу з захаваннем цэласнасці і суверэнітэту Малдовы. Таксама кіраўнік малдаўскага выканаўчага органа пацвердзіў пазіцыю адносна неабходнасці вываду расійскіх войскаў і ўзбраення з тэрыторыі Малдовы ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі і канстытуцыйнымі палажэннямі.
«Мы ў чарговы раз заяўляем сваю рашучую пазіцыю настойлівага патрабавання аб вывадзе расійскіх войск і ўзбраенняў з тэрыторыі Рэспублікі Малдова ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Малдовы і ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі», — сказаў малдаўскі прэм’ер.
Прыднястроўе — сепаратысцкі рэгіён Малдовы, фактычна незалежны ад Кішынёва з 1992 года. Паводле малдоўскага заканадаўства, тэрыторыя на левабярэжжы Днястра з насельніцтвам каля паўмільёна чалавек мае статус «аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння з асаблівым прававым статусам».
У ролі «міратворцаў» у Прыднястроўі дзейнічаюць расійскія войскі.
Паводле Радыё Свабода; kp.md