Ідэалогія ў лампасах
Усе значныя рашэнні ў нас прымаюцца паводле метаду «ісці ад жыцця». Гэта наш фірмовы стыль. З ім мы звязваем свае надзеі на тое, што Беларусь будзе вечна жыць і квітнець. Гэта надзея замацаваная ў дзяржаўным гімне.
Аднак плямы бываюць не толькі на сонцы. Пры першых жа спробах перайсці ад слоў да справы высвятляецца, што жыццё ў кожнага сваё, і таму тыя, хто «ідзе ад жыцця», не маршыруюць адзінай калонай, а разбягаюцца ў розныя бакі, нібы тараканы.
Аўтар «азбукі паліталогіі» — пенсіянер, які цэлымі днямі ляжыць на канапе. А калі ўлічыць, што канапа размешчаная на першым паверсе, дык нескладана зразумець, які паліталагічны гарызонт даступны для агляду.
Цікава, а якая карціна адкрываецца з верхніх узроўняў уладнай «вертыкалі», калі пры гэтым стаяць па стойцы «смірна» і рукі трымаць па швах?
На гэту тэму можна пафантазаваць, але навошта, калі існуе часопіс «Беларуская думка», у якім друкуюцца паважаныя людзі, чые нагавіцы часам упрыгожваюць лампасы. Чытачам НЧ пашчасціла. У жнівеньскім нумары часопіса апублікаваны артыкул «Асновы кансалідацыі грамадства». Яго аўтар — генерал-маёр, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Аляксандр Гура.
Але перш чым перайсці да аналізу артыкула, прапаную адну цытату. Унікаць у яе сэнс не абавязкова. Тым не менш яна дапаможа нам зразумець, ад якога жыцця «ідзе» аўтар і якая карціна адкрываецца яму з акна генеральскага кабінета.
Цытую: «З прычыны павярхоўнага разумення дамінанты нацыянальных інтарэсаў суб’екты ідэалагічных дзеянняў, надзеленыя дзяржавай адпаведнымі паўнамоцтвамі, з аднаго боку, не заўсёды здольныя самі ініцыяваць працэсы, якія дамінаваныя нацыянальнымі інтарэсамі, з другога — своечасова разабрацца ў ініцыятывах, якія праходзяць пад прыгожай шыльдай патрыятызму».
Інтэрферэнцыя двух слэнгаў
Ад якога жыцця і колькі гадоў трэба ісці, каб фармуляваць думкі падобным чынам? Той, хто лічыць, што перад намі бессэнсоўны набор слоў, — памыляецца. Асабіста я з трэцяй спробы ўсё зразумеў і гатовы падзяліцца набытымі ведамі. Але які стыль!
Мова кожнай прафесійнай групы ўтрымлівае асаблівыя словы (слэнг), і гэта зусім не словы-паразіты. Функцыяй слэнгу, як падказваюць слоўнікі, з’яўляецца маскіроўка інфармацыі ад людзей, не дасведчаных у гэтым відзе прафесійнай дзейнасці. Але што і ад каго спрабуе схаваць палітработнік з лампасамі? Мяркую, нічога і ні ад каго. Ён папросту інакш не можа выказваць свае думкі, а яны ў яго ёсць, і нават з лішкам.
Прыведзеная цытата — вынік своеасаблівай інтэрферэнцыі (узаемнага накладання) двух слэнгаў: ідэалагічнага і армейскага. Адсюль такая канцэнтрацыя сэнсаў у адным сказе.
Але час перайсці да перакладу. Пачну з суб’ектаў ідэалагічных дзеянняў (СІД). Хто гэта? Ды ўсе знаёмыя нам асобы. Гэта штатныя ідэолагі, работнікі ідэалагічнай вертыкалі. Чым яны адрозніваюцца ад простых смяротных? Наяўнасцю асаблівых паўнамоцтваў, якімі іх надзяліла дзяржава. Што гэта за паўнамоцтвы? Адказ на гэта пытанне можна знайсці ў дакладзе адзінага палітыка (АП) на ідэалагічным семінары, які адбыўся ў сакавіку 2003 года.
Але спачатку нам неабходна разабрацца, што ж такое «ідэалогія». Прымем у якасці базавага вызначэння наступнае: «Ідэалогія для дзяржавы — тое ж самае, што імунная сістэма для жывога арганізму». Такім чынам, канчатковай мэтай ідэалогіі з’яўляецца абарона дзяржавы шляхам знішчэння чужародных элементаў (агентаў «пятай калоны», дармаедаў і г.д.).
У жывых арганізмах гэту функцыю выконваюць асаблівыя клеткі — лімфацыты. На іх ускладзеныя дзве задачы: па-першае, кантроль якасці клетак свайго арганізма і распазнанне чужых; па-другое, стымуляванне дзейнасці антыцелаў па знішчэнні «адшчапенцаў» і «чужынцаў». У дзяржаўнай ідэалогіі аналагічныя задачы выконваюць штатныя ідэолагі, а калі скарыстацца генеральскім слэнгам — СІД.
Але, як вядома, у працы імунных сістэм здараюцца «праколы». Не свабодная ад іх і дзяржаўная ідэалогія. Гэтай праблемай і заклапочаны генерал-маёр.
Утрымаць і абараніць
СІД павярхоўна разумеюць дамінанты нацыянальных інтарэсаў. Праблема гэта нарадзілася не сёння. У аўтарытарных дзяржавах, якія імітуюць дэмакратыю, не так лёгка аддзяліць дэклараваныя інтарэсы ад сапраўдных.
Напрыклад, у дакладзе АП, які мы ўжо цытавалі, сцвярджаецца, што «часам, лёсам, сітуацыяй Беларусь высунулася на, напэўна, вялікую ролю духоўнага лідара ўсходнееўрапейскай цывілізацыі». Вось такая дамінанта. Тым, хто яе прымае, застаецца толькі ўзмахнуць крылцамі і ўзляцець. Але ёсць і іншае вызначэнне. У падручнікі па дзяржаўнай ідэалогіі яно не ўвайшло. «Ідэалагічная работа забяспечвае не толькі інтарэсы грамадства і народа, але шмат у чым і ўлады. Калі хочаце, утрымання ўлады. <...> Таму трэба не толькі ўтрымліваць уладу. І не толькі ўтрымліваць, але і абараняць. І лепш за ўсё гэта рабіць ідэалагічнымі сродкамі» (вылучана ў Інфабюлетэні АП РБ №4, 2003 г.).
Вось такія супярэчлівыя ўводныя. Як тут своечасова разабрацца ў ініцыятывах, якія праходзяць пад прыгожай шыльдай патрыятызму? Галава кругам ідзе. Што ўжо тады казаць пра іх самастойнае вылучэнне. А вылучаць патрэбна не проста ініцыятывы, а «ініцыяваць працэсы, якія дамінаваныя нацыянальнымі інтарэсамі».
Тут самы час паразважаць пра нацыянальныя інтарэсы. Генеральскі артыкул нашпігаваныя імі, быццам кекс за 16 капеек у гады маёй маладосці (не блытаць з кексам за 14 капеек!).
Пачну з вызначэння. Нацыянальныя інтарэсы — сукупнасць патрэб дзяржавы па рэалізацыі збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. Пры гэтым генерал падкрэслівае, што гаворка ідзе пра нацыянальныя, а не нацыяналістычныя інтарэсы. Гэта значыць, пра інтарэсы «шматнацыянальнага, шматканфесійнага, шматэтнічнага чалавечага сплаву, які называецца народ Беларусі...».
З чым тут можна паспрачацца? У беларускай дзяржавы, аказваецца, ёсць інтарэсы, адрозныя ад інтарэсаў грамадства! З якога артыкула Канстытуцыі гэта вынікае?
У артыкуле 1 зафіксаваны дэмакратычны характар беларускай дзяржавы, а ў артыкуле 2 — правы і свабоды чалавека ў якасці вышэйшай каштоўнасці. У артыкуле 3 падкрэсліваецца, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту з’яўляецца народ. Прынцып ажыццяўлення дэмакратыі на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў замацаваны ў артыкуле 4.
Такім чынам, дзяржаўныя інтарэсы ў генеральскай трактоўцы — гэта тыповы прадукт аўтарытарнай дзяржавы, якая імітуе дэмакратыю. Адтуль жа вырастае ўяўленне пра беларускі народ як шматнацыянальны, шматканфесійны сплаў. Звярніце ўвагу, гэты сплаў не ўтрымлівае палітычнага складніку. Ён не ўключае разнастайнасць інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў.
Нібыта еўрапейскія каштоўнасці
Паводле ўласнага прызнання АП, сфармуляваць нацыянальную ідэю (чытай, нацыянальную ідэалогію) «адміністрацыйным чынам» не атрымалася. З гэтага факту не вынікае, што СІД дарма ядуць свой хлеб з маслам. Як паказала шматгадовая практыка, ідэалагічная вертыкаль можа выдатна функцыянаваць і пры адсутнасці нацыянальнай ідэі. Дакладней, без яе публічнага афармлення, бо ідэя ўтрымання ўлады для тых, хто ўладай валодае, з’яўляецца самакаштоўнай і ў тэарэтычных мыліцах не мае патрэбы.
У свой час бальшавікі ішлі да ўлады пад сцягамі сусветнай рэвалюцыі. Уладу яны захапілі, але з сусветнай рэвалюцыяй выйшла асечка. Ідучы ад жыцця, яны былі вымушаныя распачаць будаўніцтва сацыялізму «ў асобна ўзятай краіне», для чаго з падданых-інтэрнацыяналістаў у спешным парадку давялося фармаваць падданых-патрыётаў.
Нескладана заўважыць, што на досвітку сваёй палітычнай кар’еры АП сутыкнуўся з аналагічнай праблемай. У 1994 годзе заклік «Назад у СССР» адыграў далёка не апошнюю ролю ў яго перамозе на першых прэзідэнцкіх выбарах. Але не дзеля гэтага набываўся браніраваны лімузін і будаваўся Палац Незалежнасці. І таму суверэнітэт сёння — гэта святое!
Суверэнітэт у яго цяперашнім выглядзе задавальняе далёка не ўсіх. Галоўная пагроза, на думку генерал-маёра, зыходзіць ад тых, хто пад лозунгам «Беларусь — у Еўропу» імкнецца растварыць нацыянальна-культурную ідэнтычнасць шляхам прапаганды нібыта еўрапейскіх каштоўнасцяў.
І гэта праўда. Еўрапейскія каштоўнасці несумяшчальныя з культурнай ідэнтычнасцю беларускай «большасці», той самай «большасці», на якую абапіраецца персаналісцкая аўтарытарная ўлада. Што тычыцца ідэнтычнасці «меншасцяў», дык аўтар «Асноў кансалідацыі грамадства» наяўнасць такой ідэнтычнасці лічыць за лепшае не заўважаць. Інакш у рамках дзяржаўнай ідэалогіі кансалідацыі грамадства не дасягнуць.