10 снежня можа святкавацца як Дзень Узнаўлення Незалежнасці з не меншым правам, чым 25 жніўня
Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Лявон Баршчэўскі згадвае на старонках «СН плюс» падзеі, што прывялі да распад СССР.

За два дні да Віскулёўскай сустрэчы ўпершыню за больш як паўтара года нашага дэпутацтва тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета сп. Станіслаў Шушкевіч з ініцыятывы Апазіцыі завітаў да нас, у неаднаразова ўжо згаданы мной згаданы пакой.
Нас, вядома, цікавіла, што будзе прадпрымаць вышэйшая службовая асоба толькі што абвешчанай незалежнай дзяржавы на сустрэчы з расійскім і ўкраінскім прэзідэнтамі.
Запомнілася, што спадар Шушкевіч адразу паспрабаваў сцішыць наш імпэт словамі накшталт таго, што «незалежнай дзяржавай нам наўрад ці ўдасца зрабіцца, бо мы абсалютна залежым ад расійскай сыравіны і энерганосьбітаў», што мы не павінны «быць рамантыкамі», а самае рэальнае, што нас чакае, гэта ўключэнне элементаў канфедэратыўнага ўладкавання дзяржавы ў новы саюзны дагавор.
Кіраўнік эканамічнай групы Апазіцыі Уладзімір Заблоцкі паспрабаваў з лічбамі ў руках давесці сп. Шушкевічу, што сітуацыя на фоне той самай Расіі і большасці іншых рэспублік зусім не такая безнадзейная, але старшыня парламента ад гэтых аргументаў папросту адмахнуўся, як і ад палітычных аргументаў, выкладзеных Зянонам Пазняком. Адным словам, наша сустрэча 6 снежня 1991 г. закончылася суцэльным узаемным неразуменнем.
Але прайшлі два з паловай дні, і свет абляцела сенсацыйная вестка: удзельнікі сустрэчы ў Белавежскай пушчы канстатавалі, што «Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне як геапалітычная рэальнасць» і што на яго месцы ўтвараецца Садружнасць Незалежных Дзяржаў, якая і павінна стаць той формай «абноўленага Саюза», за які галасавала большасць насельніцтва ў некалькіх саюзных рэспубліках падчас сакавіцкага рэферэндуму 1991 г.
Такім чынам, вырашальны крок да замацавання сваёй абвешчанай у жніўні 1991 года незалежнасці Беларусь зрабіла разам з Расіяй і Украінай, цяпер ужо як бы «падзяліўшы 5-е – 7-е месцы» сярод 15-ці былых саюзных рэспублік (калі мець на ўвазе, што Грузія абвясціла поўную незалежнасць яшчэ раней, а балтыйскія рэспублікі дамагліся ўжо нават яе сусветнага прызнання).
Падпісанне пагадненняў у Віскулях, аднак, мусіла атрымаць далейшае развіццё. Памятаю, як моцна хваляваўся той жа Станіслаў Шушкевіч, калі пытанне аб ратыфікацыі гэтых пагадненняў было пастаўлена на чарговым пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 10 снежня 1991 г.

Тут, праўда, бадай упершыню, на бок Шушкевіча сталі яго даўнія палітычныя канкурэнты, удзельнікі Белавежскай сустрэчы прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч і міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. У выніку, галасаванне паказала, што супраць ратыфікацыі прагаласаваў толькі былы сакратар кампартыі Беларусі Валерый Ціхіня, а некалькі дзясяткаў іншых дэпутатаў, найперш ад фракцыі камуністаў, а таксама, сярод іншых, і Аляксандр Лукашэнка, удзелу ў гэтым галасаванні не прынялі або зусім не зарэгістраваліся ў якасці ўдзельнікаў пасяджэння.
Амаль аднагалосна сесія, з ініцыятывы Краўчанкі (зрэшты, наша Апазіцыя БНФ такую прапанову раней агучвала на сесіях не адзін раз), прагаласавала за дэнансацыю бальшавіцкага Саюзнага дагавора 1922 г. Сёння я сказаў бы, што дзень 10 снежня можа святкавацца як Дзень Узнаўлення Незалежнасці з не меншым правам, у параўнанні з днём 25 жніўня.
І літаральна з наступнага дня пасля таго, як адбылося згаданае пасяджэнне сесіі, пайшлі першыя афіцыйныя паведамленні аб дыпламатычным прызнанні незалежнай Рэспублікі Беларусь. Першаю гэта зрабіла Турэцкая Рэспубліка, потым яшчэ некалькі дзяржаў, уключна з Польшчай (а польскі сейм зрабіў заяву аб палітычным прызнанні незалежнасці Беларусі яшчэ 3 верасня 1991 г.) ды Літоўскай Рэспублікай. І толькі праз некалькі дзён да дзяржаў, што прызналі незалежную Беларусь, далучыліся Злучаныя Штаты і некаторыя заходнееўрапейскія краіны.
Апублікаваныя ў тыя дні вынікі даследавання сацыялагічнай лабараторыі Белдзяржуніверсітэта, якую тады ўзначальваў Давід Ротман, засведчылі, што 69% жыхароў Беларусі падтрымалі падпісанне і ратыфікацыю Белавежскіх пагадненняў.
Трэба, аднак, мець на ўвазе, што названыя пагадненні мелі ў значнай ступені дэкларатыўны характар, іх падпісалі прадстаўнікі толькі трох з 15-ці савецкіх правінцый, званых рэспублікамі. Таму для віскулёўскіх падпісантаў існавала пільная неабходнасць расшыфраваць, удакладніць і пашырыць дамоўленасці з Віскулёў, а галоўнае – далучыць да працэсу юрыдычнага афармлення распаду Савецкага Саюза як мага больш суб’ектаў.