Як выглядаюць беларуска-літоўскія дачыненні?

Афіцыйныя беларуска-літоўскія дачыненні можна назваць станоўчымі. Аднак узаемная прыязнасць найперш трымаецца на эканамічнай выгадзе абодвух бакоў.



001098_00000636344.jpg

 Пра гэта Томаш Блашчак з універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне разважае ў гутарцы з Янай Запольскай з Радыё Рацыя:

РР: Афіцыйная Літва ў дачыненні да афіцыйнага Менска мае больш прыязнае стаўленне, у параўнанні з іншымі краінамі еўрапейскай супольнасці. Ці падзяляеце вы такое меркаванне?

Томаш Блашчак: Напэўна, так. За час прэзідэнцтва спадарыні Грыбаўскайтэ гэтыя кантакты можна назваць рэгулярнымі. Вядома, што ўласны эканамічны інтарэс аднаго і другога боку — вырашальны момант у гэтых стасунках.

РР: А якая сфера эканомікі найбольш важная ў гэтых дачыненнях?

Томаш Блашчак: Гэта транспарт і гандаль. Памежны гандаль — гэта Друскенікі, Гародня, Менск, Вільня, дзе маюць месца таксама інвестыцыі як з аднаго, так і з другога боку. І часцей за ўсё гэтыя інвестыцыі звязаны з развіццём гандлёвых сетак.

РР: І нельга забываць пра Клайпедскі порт, які дае выхад да Балтыйскага мора.

Томаш Блашчак: Так, бо гэта адзін з галоўных для Беларусі транспартных калідораў для замежнага гандлю.

РР: Тым не менш, калі казаць пра малы памежны рух, бязвізавы для тых, хто жыве паблізу мяжы, такая дамова не ёсць ратыфікаваная, нягледзячы на нібы добрыя стасункі афіцыйнай Вільні і Менска.

Томаш Блашчак: Так, гэтая дамова нератыфікаваная. Нератыфікаваная яна і паміж польскім і беларускім бокам.

РР: Але там іншыя, трошкі палітычныя нюансы.

Томаш Блашчак: Так, ёсць палітычныя нюансы. Але, з другога боку, Літва таксама не ратыфікавала дамовы з Расіяй пра малы памежны рух. Польшча ратыфікавала актыўны рух грамадзянаў і гандлю ў Гданьску, Ольштыне і іншых рэгіёнах, які практычна скіраваны на расейцаў. Калі ж казаць пра Літву, то тут мае месца палітычны момант. Літва — гэта малая краіна, якая ставіцца з недаверам як да Расіі, так і да Беларусі. Таксама для Беларусі і Расіі Літва — транзітная краіна ў пэўным сэнсе. Я думаю, што кантроль малога памежнага руху для літоўскага боку — вось галоўная праблема, якую трэба найперш вырашыць.

РР: Калі казаць пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў, то яны якраз цяпер вельмі часта курсіруюць у Літву, бо ёсць цэлая група прабеларускіх літоўскіх палітыкаў. Наколькі беларуская тэматыка ўвогуле падымаецца ў літоўскай палітыцы, грамадстве, СМІ?

Томаш БлашчакНягледзячы на тое, што Літва, як і Польшча, мае шчыльную супрацу з літоўскай апазіцыяй, тут трэба адзначыць, што гаворка ідзе пра інфармацыйную вайну з Расеяй і Беларуссю. Гэтыя краіны праводзяць антылітоўскую інфармацыйную палітыку.

У беларускім кірунку тут часта гаворыцца пра канфлікт гістарычных наратываў паміж літоўскім і беларускім бокам. Часам можна пачуць размовы пра тое, што беларусы хочуць скрасці нашу гісторыю. Ёсць такая ацэнка, што для літоўцаў з прыходам Лукашэнкі пытанне мяжы ці тэрытарыяльных справаў закрылася. І дзякуючы таму мы маем стасункі. А калі б прыйшла да ўлады апазіцыя, то існуе думка, што гэты канфлікт наратываў мог бы пераўтварыцца ў дзяржаўны канфлікт.

РР: Але як успрымае грамадства? Ёсць глеба для ўспрыняцця такой інфармацыі ў літоўскім грамадстве?

Томаш Блашчак: СМІ маюць даволі моцны ўплыў на фармаванне вобразаў грамадства. Праз апошнія 2–3 месяцы былі тры значныя дыскусіі наконт гэтай інфармацыйнай вайны з расейскага ці беларускага боку. Усё роўна яны ў грамадства трапляюць.

РР: Але будзем спадзявацца, што прынамсі на такім міжчалавечым узроўні, калі беларусы прыязджаюць па пакупкі ў Вільню, гэта не будзе вылівацца ў нейкі негатыў да тых людзей, якія проста прыязджаюць у Літву, альбо да турыстаў.

Томаш Блашчак: Думаю, што не будзе негатыву. Мне здаецца, што абодва бакі задаволены гэтай сітуацыяй. З аднаго боку, беларусы маюць магчымасць купіць у Літве нейкія таннейшыя тавары. З другога боку, у Вільні гэты гандаль уздымаецца.

Томаш Блашчак адзначае, што значная частка літоўскага грамадства, асабліва маладое пакаленне, няшмат ведае пра Беларусь. Самы вядомы факт, у тым ліку сярод студэнтаў-гісторыкаў, — гэта тое, што кіруе краінай-суседкай Аляксандр Лукашэнка.

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.

З палітолагам з Коўны гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by