Якія сюрпрызы рыхтуюць адзін аднаму Мінск і Масква у 2018 годзе
У 2018 годзе Беларусь застанецца ў палітычным і эканамічным фарватэры Расіі, хоць паводзіны Мінска нервуюць Маскву. Ці выйдуць іх узаемаадносіны за рамкі шматгадовага сцэнара?
Расія і Беларусь фармальна лічацца самымі блізкімі саюзнікамі, пра што не стамляюцца гаварыць лідэры дзвюх краін. Тым не менш у адносінах Масквы і Мінска ёсць праблемы. Але, на думку беларускіх экспертаў, у 2018 годзе сур'ёзных рознагалоссяў паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам не прадбачыцца.
Бесканфліктны год
Палітолаг Валерый Карбалевіч прагназуе, што 2018 год будзе бесканфліктным у беларуска-расійскіх адносінах. У Расіі пройдуць прэзідэнцкія выбары і чэмпіянат свету па футболе, працягнецца канфрантацыя з ЗША і Еўропай. І на гэтым фоне РФ не патрэбныя канфлікты з Беларуссю.
Па-другое, самая галоўная праблема ў двухбаковых адносінах — гэта ільготы для Беларусі на энергарэсурсы, а на наступны год пытанне цаны на нафту і газ вырашана. Зараз Беларусь купляе газ па 127 долараў за тысячу кубаметраў, а у 2018 годзе заплаціць 129 даляраў. Хоць гэта і выклікае пэўную незадаволенасць афіцыйнага Мінска, які хоча атрымліваць блакітнае паліва па ўнутраных цэнах Расіі (цяпер каэфіцыент складае 2,08, гэта значыць у два разы больш).
Акрамя таго, Беларусь атрымае нафту на выгадных умовах у аб'ёме 24 мільёнаў тон, чаго яна і хацела. «Праўда, ёсць спроба прымусіць Беларусь экспартаваць свае нафтапрадукты праз расійскія парты наўзамен балтыйскіх, але гэтае пытанне вырашыцца, паколькі Мінск пайшоў на некаторыя саступкі і пагадзіўся пастаўляць на экспарт праз расійскія парты пэўную колькасць грузаў. Таму і па гэтай праблеме ультыматумаў ад Расіі чакаць не даводзіцца», — мяркуе Карбалевіч.
У 2017 годзе Расія нервова адрэагавала на ўвядзенне Беларуссю 5-дзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян дзесяткаў краін, які у 2018 годзе можа быць прадоўжаны да 10 дзён і нават больш. Тым не менш бакі спрабуюць знайсці кампраміс, і гэтае пытанне не павінна стаць каменем перапоны ва ўзаемаадносінах, лічыць аналітык.
Магчыма, не выключае ён, Беларусь захоча ўзяць у Расіі чарговы крэдыт. Звычайна Беларусь не імкнецца вяртаць Расеі даўгі, а апошняя глядзіць на гэта скрозь пальцы, рэфінансуючы запазычанасці. «Гэта будзе і ў наступным годзе, бо Расія не можа дазволіць абвясціць дэфолт свайму саюзніку, так што ўсё будзе дастаткова стабільна», — заключае палітолаг.
Сябры па няшчасці
У сваю чаргу эканаміст Леў Марголін падкрэслівае, што адносіны паміж Беларуссю і Расіяй ніколі не былі прамымі і бясхмарнымі. «Расія і Беларусь — сябры па няшчасці, гэта не той выпадак, калі дзве краіны аб'ядноўвае агульная ідэалогія або агульнае стаўленне да сусветных праблем. Ёсць розныя інтарэсы, хоць стратэгічна ня рэфармаваная беларуская эканоміка можа існаваць толькі ў альянсе з Расеяй, бо акрамя Расіі, беларуская прадукцыя, асабліва прадукцыя машынабудавання, нікому не патрэбна», — упэўнены эксперт.
Але канфліктаў выключаць нельга. Эканаміст дапускае магчымасць з'яўлення новых праблем на харчовым фронце, спробаў расійскага боку заваёвы новых пазіцый у Беларусі па найбольш цікавыз актывах. Беларусь жа са свайго боку можа паспрабаваць далучыцца да расійскіх нафтагазавых актываў у плане здабычы энергарэсурсаў на расійскай тэрыторыі.
«Адзінае, што можа ажывіць карцінку, гэта апошні дэкрэт Лукашэнкі па Парку высокіх тэхналогій. Калі ускладзеныя надзеі на гэты дэкрэт апраўдаюцца, гэта можа стаць драйверам для беларускай эканомікі, і калі з'явяцца вынікі, гэта можа распачаць жаданне прыбраць поспехі да сваіх рук, у тым ліку і з расійскага боку. Там ужо з некаторай зайздрасцю адзначылі гэты дэкрэт, маўляў, беларусы не пабаяліся і блокчэйнаў, і крыптавалюты, і англійскае права, што больш за ўсё ўразіла расійскі бок», — адзначыў эканаміст.
Залежнасць ад Расіі застанецца
Аналітык Андрэй Фёдараў не сумняецца, што і у 2018 годзе Беларусь працягне гуляць другарадную ролю ва ўзаемаадносінах з РФ. На думку палітолага, на іх паўплывае і тое, як будуць складвацца адносіны Расіі з краінамі Захаду.
«Калі яны застануцца дрэннымі, то Расія будзе ўсяляк прыцягваць да сябе нашу краіну, ўцягваць яе ў гэтае супрацьстаянне», — кажа эксперт. Беларусь будзе спрабаваць гэтаму супрацьстаяць, але ў РФ дастаткова рэсурсаў, так што наўрад ці Мінску ўдасца супрацьстаяць такім намерам, калі Масква захоча гэтага ўсур'ёз: «Пакуль няма падстаў лічыць, што ўплыў Расіі на Беларусь зменшыцца».
Каб змяніць сітуацыю, працягвае эксперт, Мінску трэба мяняць палітыку, перш за ўсё эканамічную, на што беларускае кіраўніцтва ідзе з велізарнай неахвотай, але без гэтага паменшыць залежнасць ад Масквы немагчыма.
А Маскву таксама не ўсё задавальняе. Яна хацела б цалкам атрымаць Беларусь «у сваю арбіту», прызнала Крым расійскім і гэтак далей, але пакуль свае імкненні Крэмль фарсіраваць ня будзе, каб не пагаршаць сітуацыю. «Але калі сітуацыя для Расіі на Захадзе істотна пагоршыцца, тады пачнецца сапраўдны ціск на Беларусь. Усё гэта будзе вельмі сумна, паколькі я не бачу магчымасцяў рэальнага супраціву з боку афіцыйнага Мінска», — падсумаваў Фёдараў.
Паводле dw.com