Яўген Магда: Гаварыць пра тое, хто зменіць Лукашэнку, заўчасна

Украінскі палітолаг на sn-plus.com разважае пра тое, ці чакаць Святлане Ціханоўскай крокаў ад Зяленскага ў бок беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама пра тое, чаму Расія хоча прыбраць Лукашэнку.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Нядаўнія пахвальныя словы Уладзіміра Зяленскага палашчылі эга беларусаў, абцяжараных комплексам калектыўнай віны за суагрэсію ва Украіне. І асабліва пасля непрыемнага перыяду падлашчванняў афіцыйнага Кіева з Мінскам.

У эфіры італьянскага тэлеканала «Rai 1» у праграме «Porta a Porta» 13 траўня прэзідэнт Украіны заявіў, што не лічыць Беларусь часткай Расіі і што «беларусы працягваюць змагацца за свабоду».

«Больш за 70% беларусаў выступаюць супраць Расіі і яе вайны супраць нас. У Беларусі таксама ідзе своеасаблівая вайна, і беларускі народ, нягледзячы на прапаганду і выпрабаванні, працягвае змагацца. Беларусы ўсё яшчэ б'юцца за сваю свабоду і каштоўнасці», — заявіў Зяленскі, адказваючы на пытанне італьянскага журналіста.

А 14 траўня падчас уручэння прэміі Карла Вялікага прэзідэнт Украіны паціснуў руку Святлане Ціханоўскай.

Што стаіць за зменамі ў рыторыцы? «Свабодныя навіны» пагаварылі пра гэта з дырэктарам «Інстытута сусветнай палітыкі» (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.

— Словы Зяленскага прагучалі вельмі прыемна, але настолькі ж і нечакана. Асабліва на фоне ранейшых заяў накшталт гэтай: «Калі ўдасца скончыць вайну і Аляксандр Рыгоравіч зноў адчуе сябе гаспадаром у доме, то ўдачы. Мне шчыра ўсё роўна. Увогуле, гэта выбар беларусаў, і дакладна не наш». Што змянілася?

— Рэакцыя Уладзіміра Зяленскага на тое, што адбываецца ў Беларусі, з аднаго боку, з'яўляецца сітуатыўнай, а з другога — гэта аванс сітуацыі, якая склалася. Хутчэй за ўсё, у атачэнні прэзідэнта ёсць розныя плыні: адны кажуць, што добра было б захаваць бізнес з Лукашэнкам, а іншыя — што Лукашэнка загуляўся і з ім нельга мець аніякіх спраў. Верагодна, Зяленскага да заявы, што больш за 70% беларусаў выступаюць супраць Расіі падштурхнулі тыя, хто кажа пра неабходнасць прымаць новыя рэаліі. Гэта першая птушка (яшчэ не ластаўка), якая цвіркае, але надвор'я пакуль не робіць.

— Ці пацягнуць за сабой змены ў рыторыцы змяненне рэальнай палітыкі? Напрыклад, у дачыненні да Святланы Ціханоўскай, якая лічыцца сімвалам беларускай рэвалюцыі.

— Я не думаю, што стаўленне да яе хутка, моцна і якасна зменіцца. Проста Ціханоўская сама часам не вельмі рашучая, таму ў прыхільнікаў Зяленскага, якія лічаць магчымым захаванне статус-кво ў адносінах з Беларуссю, ёсць дастаткова аргументаў, каб нічога не мяняць, прынамсі, пачакаць нейкі час.

— 14 траўня падчас цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага Зяленскі паціснуў руку Ціханоўскай…

— Гэта досыць асэнсаваны крок. Але гэтага мала, каб гаварыць пра кардынальныя змены ў адносінах ўкраінскіх уладаў і беларускіх дэмакратычных сіл. Але ў кантэксце ўік-энду, напэўна, многія прыхільнікі Ціханоўскай будуць гаварыць пра шалёны прарыў. Я б палічыў за лепшае, каб Кіеў стаў ініцыятарам дыялогу ўсіх беларускіх дэмакратычных сіл, у тым ліку перадаваў свой досвед у самых разнастайных трансфармацыях, якія таксама маюць значэнне. Як бы там ні было, Украіне ёсць што расказаць нашым суседзям і партнёрам па супрацьдзеянні наратывам «рускага свету».

— Зяленскі выказаўся пра Беларусь падчас візіту ў Італію. Да гэтага часу Лукашэнка ўжо пяць дзён не паказваўся на публіцы. Ці ёсць сувязь паміж гэтымі падзеямі?

— Думаю, не: Зяленскі зрабіў такую заяву ў адказ на пытанне журналіста. І яно мае палітычнае значэнне: калі ўкраінскія палітыкі кажуць, што паміж беларусамі і расійцамі няма розніцы, яны ўзмацняюць толькі Расію і расійцаў. Украіна, на мой погляд, зацікаўленая ў тым, каб як мага мацней падкрэсліваць адрозненні паміж Расіяй і Беларуссю. Аж да таго, што беларусы здольныя вырабляць старку, месяцамі яе настойваючы, а расійцы часта п'юць бражку, не чакаючы, пакуль яна закісне і стане нармальнай сыравінай для вытворчасці самагонкі ці гарэлкі. Таму Украіна якраз зацікаўленая ў тым, каб як мага мацней разводзіць у розныя бакі Расію і Беларусь, каб скончыць з тэзісам пра «трыадзіны славянскі народ», каб нівеляваць ранейшае выкарыстанне тэзіса пра тое, нібыта мы браты. Мы не браты, мы суседзі, і ў кожнага з суседзяў ёсць свае інтарэсы, якія неабходна захоўваць.

— Паводле ўсіх прыкмет, Лукашэнка мае сур'ёзныя праблемы са здароўем. Як гэта можа паўплываць на ўнутрыпалітычную абстаноўку ў Беларусі, на адносіны паміж Кіевам і Мінскам і на ход вайны?

— Расія зацікаўлена ў тым, каб прыбраць Лукашэнку — гэта становіцца ўсё больш відавочным. Яго досыць цынічна эксплуатавалі 9 траўня, але гаварыць пра тое, хто зменіць Лукашэнку, заўчасна.