Калісьці і ў нас: Як прэзідэнт УНР склаў паўнамоцтвы прэзідэнту Украіны
Украінская Народная Рэспубліка, як і БНР, дзейнічала падчас камуністычнай акупацыі ў выгнанні. У першыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Украіны, у 1992 годзе, адбылася ўрачыстая цырымонія. Некалі падобнае здарыцца і ў Беларусі, калі Івонка Сурвіла альбо яе наступнік перадасць сімвалічную ўладу ад бацькоў-заснавальнікаў Беларускае Народнае Рэспублікі новаму кіраўніку.
«І каб ніколі не было патрэбы, каб прэзідэнт ці ўрад Украіны мусіў дзейнічаць у выгнаньні, але каб пасьпяхова і на карысьць украінскага народу кіраваць ім у сталіцы вольнай Украіны — Кіеве!».
Гэтая цытата апошняга прэзідэнта УНР на выгнаньні Міколы Плаўюка падчас цырымоніі 1992 года яскрава сьведчыць пра намеры і спадзяваньні. Праз 30 гадоў расейскія захопнікі паспрабавалі зноў стварыць сытуацыю, каб украінскі ўрад апынуўся ў выгнаньні, а кіраваць дзяржавай сталі маскоўскія лялькі. Але, відаць, падобнага ўжо ніколі не здарыцца.
Цікавая думка прагучала з вуснаў украінскага гісторыка Аляксандра Кучарака, які параўнаў падзеі 1992 года ва Ўкраіне, і адсутнасьць падобных у Беларусі:
«У сваёй прамове 22 жніўня 1992 года Плаўюк сярод іншага згадаў, што па прыкладзе іншых былых паняволеных народаў, якія аднавілі сваю дзяржаўнасьць, мы (украінцы) ідзем далей.
Магчыма, тое, што такі сымбалічны перанос не адбыўся ў Беларусі, таксама аказала ўскосны негатыўны ўплыў на далейшае разьвіцьцё падзей у гэтай краіне».
Што такое УНР?
Як мы ўжо дастаткова добра (спадзяемся) ведаем гісторыю нараджэньня і дзейнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года і аж да нашых дзён, пад кіраўніцтвам Івонкі Сурвілы, якая ўзначальвае Раду БНР, ва Ўкраіне было вельмі падобнае ўтварэньне.
22 студзеня 1918 года Цэнтральная Рада прыняла IV Унівэрсал і абвесьціла ЎНР самастойнай, незалежнай і свабоднай дзяржавай украінскага народу. Пасьля гэтага ў беларускім Берасьці была заключаная дамова паміж украінскім бокам Нямеччынай, Аўстра-Вугоршчынай, Турэччынай і Балгарыяй, у якой УНР была прызнана незалежнай дзяржавай.
У выніку паразы
ўкраінскага вызваленчага руху тэрыторыя УНР была падзеленая між Польшчай і
Савецкай Расеяй.
У лістападзе 1920 года кіраўнік Дырэкторыі Сымон Пятлюра зацьвердзіў прыняты Радай Міністраў УНР «Закон аб часовым Вярхоўным Кіраваньні і парадку заканадаўства ва Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы». Пасьля сьмерці Сымона Пятлюры рашэньне аб утварэньні Рады Рэспублікі было адмененае і быў створаны Дзяржаўны Цэнтар УНР у выгнаньні.
Пасьля гэтага арганізацыі Цэнтра пачалі стварацца ў краінах Эўропы, а яго прадстаўнікі вялі перамовы з урадамі эўрапейскіх краінаў. Яны адзначалі, што УНР, а не УССР, уяўляе пераемнасьць ідэі дзяржаўнай незалежнасьці Ўкраіны. (На прыкладзе БНР мы бачылі падобныя захады, як і сёньня мы бачым аналягічныя крокі ад імя яшчэ аднаго беларускага «ўрада ў выгнаньні»).
У 1948 годзе была
праведзеная рэформа ДЦ УНР: увядзеньне інстытута прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта,
Украінскай Нацыянальнай Рады (парлямэнту) і Урада. Апошнім пасаду Прэзідэнта Украінскай
Народнай Рэспублікі ў выгнаньні займаў Мікалай Плаўюк у 1989-1992 гадах.
Перадача «ўлады»
22 жніўня 1992 года Мікалай Плаўюк перадаў першаму прэзідэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку сваю ўладу.
«Спадар прэзідэнт, перадаю ў Вашыя рукі гэты гістарычны дакумэнт, Грамату, зацьверджаную Ўкраінскай Нацыянальнай Радай, і жадаю Вам посьпехаў у кансалідацыі і пабудове незалежнай, дэмакратычнай, саборнай Украіны. Слава Ўкраіне!» — сказаў у кароткай прамове Мікалай Плаўюк.
Мікалай Плаўюк
выконваў пастанову Працоўнага Кангрэса УНР 1919 года адносна спыненьня дзейнасьці
ГЦ УНР у выпадку абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны. Афіцыйная дэлегацыя ГЦ УНР
перадала новым уладам Грамату аб спыненьні дзейнасьці і Заяву аб правапераемнасьці
Ўкраіны ад УНР, клейноды Гетмана Мазепы і іншыя дзяржаўныя атрыбуты Ўкраінскай
Народнай Рэспублікі.
Афіцыйная заява УНР была не проста сымбалічным прызнаньнем здабытай незалежнасьці. Гаворка ішла аб правапераемнасьці:
«Выконваючы свой мандат, мы заяўляем, што Ўкраінская Дзяржава, абвешчаная 24 жніўня і зацьверджаная народам Украіны 1 сьнежня 1991 года, працягвае дзяржаўна-нацыянальныя традыцыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і зьяўляецца правапераемніцай Украінскай Народнай Рэспублікі»
Прэзідэнтамі УНР у выгнаньні (да 1948 году — кіраўнікі Дырэкторыі) былі: Сымон Пятлюра (1920—1926), Андрэй Лівіцкі (1926—1954), Сьцяпан Вітвіцкі (1954—1965), Мікалай Лівіцкі (1967—1989) і Мікалай Плаўюк (1989-1992).
“Дадзена ў Кіеве 22
жніўня 1992 года
За Дзяржаўны цэнтр УНР на эміграцыі
Мікола Плаўюк, Прэзідэнт УНР у выгнаньні,
Іван Самійленка, Кіраўнік Ураду УНР у эміграцыі,
Міхаіл Васкабійнік, Кіраўнік УНРады".
«Гэты акт (перадача паўнамоцтваў і дэкларацыя правапераемнасьці) павінен нагадваць усім, што Украіна вядзе свой радавод, сваю палітычную, дзяржаўную біяграфію... з часоў Кіеўскай Русі, Казацка-Гетманскай дзяржавы і УНР», — сказаў тады Леанід Краўчук. — І я хачу вас запэўніць, што мы прыкладзем усе намаганьні, каб ні адзін грамадзянін ніколі не быў выгнаны за межы Ўкраіны. Толькі нашым ворагам не месца на нашай зямлі».
БНР
Сакратар Рады БНР
Вячаслаў Бортнік нядаўна адказваў на пытаньне аб неабходнасьці скласьці
паўнамоцтвы:
«Беларусь так і не перайшла на шлях дэмакратычнага разьвіцьця, забуксавала на шляху ператварэньня з савецкай правінцыі ў эўрапейскую дзяржаву. Больш за тое, яе незалежнасьць застаецца пад пагрозай з-за таго, што ўлада непадкантрольная народу і займаецца небясьпечнымі вонкавапалітычнымі аванцюрамі. Таму Рада БНР застаецца патрэбнаю і працягвае сваю працу».
Івонка Сурвіла, прэзідэнтка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі дадае:
«Працягваючы сваю дзейнасьць на выгнаньні, Рада паводле Статуту мае скласьці паўнамоцтвы на карысьць будучай дэмакратычнай улады ў Беларусі, пры ўмове гарантаванасьці незалежнасьці.
Такім чынам, як вы бачыце, галоўная мэта Рады – стварэньне дэмакратычнай ўлады ў Беларусі.
У першыя гады
незалежнасьці кіраўніцтва беларускага ўраду (найперш прэм’ер-міністар Кебіч і
міністар замежных спраў Краўчанка) рабілі намаганьні, каб Рада БНР склала свае
паўнамоцтвы. Але мой папярэднік на пасадзе старшыні Язэп Сажыч адмовіўся гэта
зрабіць. Таму што, па-першае, не было дэмакратычна абранай улады (дзейнічаў
Вярхоўны Савет, абраны яшчэ пры камуністах), а па-другое, мы не лічылі, што
незалежнасьць – гарантаваная і незваротная. І ў гэтым мы, як паказалі наступныя
падзеі, мелі рацыю.
Я падкрэсьліваю: Рада БНР ня мае на мэце, вярнуўшся ў Беларусь, заняць месца ўраду. Рада складзе свой гістарычны мандат на карысьць дэмакратычна абранай улады».
Чакаем!