Калонка юрыста: праваабаронца Алег Волчак кансультуе грамадзян

Мы ўзнаўляем публікацыю адказаў на пытанні людзей, якія звярнуліся ў грамадскую прыёмную да кіраўніка зарэгістраванага ва Украіне праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Волчака.



37a118d2_fc33_40c1_9c75_085e7ac52867_mw1024_n_s.jpg

Алег Волчак

Які тэрмін устаноўлены для абскарджання пастановы па справе пра адміністрацыйнае правапарушэнне?

Г. Ляховіч, Жлобін

Скарга на пастанову па справе пра адміністрацыйнае правапарушэнне можа быць пададзена на працягу дзесяці сутак з дня абвяшчэнне асобе, што прыцягваецца адміністрацыйнай адказнасці, пастановы пра накладанне адміністрацыйнага спагнання, з дня ўручэння ці атрымання копіі пастановы, за выключэннем скаргі на пастанову пра накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту або дэпартацыі, якая можа быць пададзена на працягу пяці сутак. Скарга, пададзеная з пропускам тэрміну, вяртаецца асобе, што падала скаргу ці ўносіла пратэст.

                          

Супрацоўнікамі ДАІ за парушэнне правіл дарожнага руху на мяне накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу памерам у адну базавую велічыню, аднак пратакол на мяне не склалі. Ці ёсць тут парушэнне?

П. Васілевіч, Масты

Паводле арт. 10.3 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пры здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, якое цягне накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання ці штрафу, што не перавышае дзвюх базавых велічынь, пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне не складаецца, а асобай, упаўнаважанай яго складаць, выносіцца пастанова пра накладанне адміністрацыйнага спагнання, якое ўступае ў сілу з моманту яго вынясення. Пры гэтым штраф спаганяецца на месцы.

У майго брата была кватэра. Ад першага шлюбу засталося двое дзяцей. Потым доўгі час ён жыў з жанчынай, але не распісваўся. Тры месяцы таму брат памёр. Яго дзеці падалі на атрыманне спадчыны. Завяшчання брат не пакінуў. Ці маю я права на спадчыну? Калі так, то якая частка мне належыць?

С. Верабей, Мінск

Артыкул 1057 Грамадзянскага кодэкса РБ устанаўлівае першую чаргу спадчыннікаў па законе, якімі з’яўляюцца дзеці, муж ці жонка і бацькі памерлага. А паўнародныя і непаўнародныя браты і сёстры з’яўляюцца спадчыннікамі другой чаргі пры ўмове адсутнасці ў памерлага спадчыннікаў першай чаргі. Але ў вашага брата ёсць дзеці (магчыма, і сужыцелька, калі дакажа, што знаходзілася з вашым братам у фактычна шлюбных адносінах), якія і з’яўляюцца спадчыннікамі першай чаргі. Яны і ўступяць у спадчыну. У сувязі з гэтым у вас няма падстаў прэтэндаваць на спадчыну брата.

Я інвалід 3 групы з дзяцінства. Зараз з пенсіі і заработнай платы выплачваю аліменты на адно дзіця. Цяпер часова не працую — працоўныя рэкамендацыі МРЭК не дазваляюць уладкавацца. Якія існуюць для мяне асаблівасці спагнання аліментаў у дадзенай сітуацыі?

І. Кавалёў, Мінск

Якіх-небудзь канкрэтных ільготаў для вас не існуе. Аднак арт. 92 Кодэкса аб шлюбе і сям’і РБ прадугледжвае, што ў выключных выпадках суд можа вызваліць бацьку, які з’яўляецца інвалідам I ці II групы, ад выплаты аліментаў, а таксама зменшыць мінімальны памер аліментаў, што спаганяюцца з працаздольнага бацькі, які па аб’ектыўных прычынах не можа іх выплачваць ва ўстаноўленым памеры.

Для гэтага вы, у адпаведнасці з артыкулам 98 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, маеце права звярнуцца з іскам аб змяншэнні памеру ці вызваленні ад выплаты прызначаных судом аліментаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне дзіцяці.