Каментар: Пратэсты ў Казахстане знізілі небяспеку вайны ва Украіне

Нечакана магутны выбух народнага незадавальнення ў суседняй саюзнай краіне не мог не ўзмацніць сумневы кіраўніцтва Расіі ў надзейнасці ўласных тылоў, лічыць эканамічны аглядальнік «Deutsche Welle» Андрэй Гуркоў.

Дэманстранты ў Алма-Аце, 5 студзеня 2022 года. Фота: Reuters

Дэманстранты ў Алма-Аце, 5 студзеня 2022 года. Фота: Reuters


Нечакана магутныя масавыя пратэсты ў Казахстане (ці ўжо пара гаварыць пра рэвалюцыю?) раптоўна адсунулі на задні план галоўную геапалітычную тэму апошніх тыдняў і дзён: ці будзе вайна Расіі супраць Украіны?
Гэта, вядома, толькі часовае змяненне навіновага парадку, і неўзабаве тэма вернецца, але пры гэтым, бяруся меркаваць, істотна страціць нядаўнюю вастрыню. Як бы ні развіваліся ў далейшым казахстанскія падзеі, яны ўжо знізілі небяспеку буйной расійскай ваеннай аперацыі на ўкраінскай тэрыторыі.

Вайна і санкцыі могуць стаць спускавым кручком масавых хваляванняў у РФ

Бо раптоўны выбух народнай незадаволенасці ў суседняй цэнтральнаазіяцкай краіне, якая здавалася надзейна кіруемай і цалкам стабільнай, павінен быў як мінімум насцярожыць расійскую ўладу, якая ў сябе дома, як мы ведаем, вельмі нервова рэагуе нават на мірныя адзінкавыя пікеты. А тут з розных канцоў Казахстана суцэльным патокам ідуць паведамленні і відэакадры, што наглядна паказваюць, да якога пажару прыводзіць народная незадаволенасць вярхамі, калі яна доўга назапашваецца.
Казахстан-2022 пасля Беларусі-2020 не можа не навесці расійскае кіраўніцтва на відавочную думку, што лепш пазбягаць любых рухаў, здольных справакаваць нешта падобнае на родных прасторах. Тым больш, што на здзіўленне зацятыя пратэсты ў Хабараўску, якія ўспыхнулі паўтара года таму пасля арышту губернатара, паказалі, што запалкай могуць аказацца самыя розныя падзеі.
А буйная ваенная аперацыя з незразумелымі мэтамі і вялікай колькасцю загінуўшых салдат ужо сапраўды здольная адыграць ролю спускавога кручка масавых хваляванняў. Асабліва калі яна пацягне за сабой жорсткія міжнародныя санкцыі, якія яшчэ больш падахвоцяць і так ужо імклівы рост цэн у краіне, а то і зусім прывядуць да сур'ёзных перабояў у забеспячэнні. І ўсё гэта на фоне пандэміі і моцна загружанай сістэмы аховы здароўя.

Крамлю прыйдзецца цяпер сур'ёзна задумацца пра ўнутрыпалітычныя рызыкі

Іншымі словамі: калі да гэтага часу ў расійскіх вярхах, узважваючы плюсы і мінусы той ваеннай аперацыі, якой Крэмль вырашыў папалохаць і пашантажаваць ЗША і НАТА, засяроджваліся на знешнепалітычных і знешнеэканамічных аспектах, то пасля раптоўнага паўстання казахстанскага народа Маскве прыйдзецца сур'ёзна задумацца і пра ўнутрыпалітычныя рызыкі. Непазбежныя цяпер сумневы ў надзейнасці ўласных тылоў павінны, па ідэі, прыкметна астудзіць запал жадаючых скарыць Украіну і правучыць Захад.
Хоць, вядома, у кагосьці можа паўстаць і іншы ход думкі: «Давайце адцягнем народ ад благога казахстанскага прыкладу маленькай пераможнай вайной на ўкраінскім кірунку».

Маскве трэба зараз выбудоўваць адносіны з Казахстанам у новай рэальнасці

І ўсё ж чамусьці здаецца, што інстынкт палітычнага самазахавання падкажа зараз большасці прадстаўнікоў расійскіх вярхоў іншы сцэнар: працягваем на словах кашмарыць Захад агрэсіўнасцю Расіі (авось атрымаецца нешта выгандляваць на перамовах, якія пачынаюцца), але адмаўляемся ад самой ідэі ваенных дзеянняў супраць Украіны, каб не нарвацца на вялікія знешнепалітычныя праблемы і не справакаваць сур'ёзную ўнутрыпалітычную турбулентнасць, а замест гэтага тэрмінова засяроджваемся на выбудоўванні адносін з Казахстанам у той новай, пакуль яшчэ невядомай рэчаіснасці, якая пасля цяперашніх узрушэнняў там немінуча ўзнікне.
А то ж ўсялякае захапленне абсалютна прывіднай ідэяй «вярнуць Украіну» можа абярнуцца цалкам рэальнай «стратай Казахстана» — аднаго з нешматлікіх пакінутых саюзнікаў і інтэграцыйных партнёраў Расіі на постсавецкай прасторы і наогул на міжнароднай арэне. І гэта другая прычына, разам з узрослымі ў Маскве асцярогамі ўнутрырасійскай нестабільнасці, чаму цяперашнія пратэсты ў Казахстане істотна знізілі небяспеку вялікай вайсковай аперацыі РФ супраць Украіны.
Пераклад «НЧ».