Які казахскі бізнес ёсць у Беларусі?
Пратэсты ў Казахстане не могуць не закрануць пэўныя бізнесы. Які казахскі бізнес ёсць у Беларусі, высвятляла газета «Белорусы и рынок».
У Беларусі, паводле даных МЗС, працуюць больш за паўсотні кампаній з казахстанскім капіталам.
Вось найбольш вядомыя праекты, якія мае ў Беларусі казахстанская эліта.
БТА БАНК
Цалкам кантралюецца адным з уплывовых бізнесоўцаў Казахстана Кенесам Ракішавым. Прадпрымальнік перыядычна ўваходзіць у казахстанскія рэйтынгі Forbes, займаецца банкаўскім бізнесам, электронікай, здабычай золата. Мае актывы і ў іншых галінах.
У кампаніі ёсць дадатковыя ліцэнзіі. Ад ААЦ — на дзейнасць па тэхнічнай і (або) крыптаграфічнай абароне інфармацыі. Ад Мінфіна — на прафесійную і біржавую дзейнасць па каштоўных паперах.
Банк не з'яўляецца буйным па беларускіх мерках і не ўваходзіць у спіс сістэмна значных. На 1 кастрычніка 2021 года актывы ацэньваліся ў 393 млн рублёў, а прыбытак за тры кварталы мінулага года — 937 тысяч рублёў.
MCDONALD’S
У Беларусі гэтай франшызай займаецца кампанія "КСБ Вікторыі рэстараны". Яна прама заявіла ў 2019 годзе, што яе акцыянер — Кайрат Баранбаеў. Некаторыя казахстанскія СМІ пісалі, што ён — сваяк Назарбаева. Фастфудам Mcdonald's кампаніі Баранбаева кіруюць не толькі ў нас, але і ў Казахстане і Расіі. У Беларусі гэта 26 устаноў.
Валодае ён і гатэльным бізнесам і нерухомасцю ў ЕС. Агульны кошт актываў невядомы. Forbes ацаніў іх ў 519 млн долараў.
BAYAN
Гэтая харчовая карпарацыя пакуль не мае вытворчых магутнасцяў у Беларусі. Але ў яе відавочна сур'ёзныя планы: мае намер купляць сыравіну для малочных прадуктаў у нашай краіне. Асноўны ўладальнік карпарацыі — Ерлан Баймуратаў.
ASTANA MOTORS
Кампанія таксама не мае ў нас ніякіх прадпрыемстваў. Але з нядаўняга часу вырашыла пастаўляць аўтамабілі Hyundai казахстанскай зборкі. Дамовы з дыстрыб'ютарамі падпісаныя. Уладальнік бізнесу — Нурлан Смагулаў, які займаецца не толькі аўтамабільным бізнесам, але і дэвелапментам. Рэдакцыя Forbes лічыць яго нумарам адзін сярод уладальнікаў камерцыйнай нерухомасці ў краіне.