Каму і навошта патрэбны чарговы хурал?

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады будзе прадстаўлена дэлегатам 5-га Усебеларускага народнага сходу, паведаміў 15 кастрычніка спікер Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч. Дату Мясніковіч, аднак, не назваў. Каму і навошта гэта патрэбна? На пытанні “Новага Часу” адказвае палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.



bikouski.jpg

— Трэба ўвогуле ўзгадаць, адкуль у нас узяліся ўсебеларускія народныя сходы. Быў час, калі Аляксандру Лукашэнку трэба было нешта супрацьпаставіць парламенту, і ён тады прыдумаў, што не прызнае Вярхоўны Савет, і што Вярхоўны Савет пратэрмінаваны. І ён склікае Усебеларускі народны сход як квазі-парламент, якому ён будзе давяраць. Першы раз гэты сход склікаўся перад канстытуцыйным рэферэндумам 1996 года.

Тады склалася такая сітуацыя: есць парламент, які законна абраны, і ёсць “парламент”, які поўнасцю падтрымаў кіраўніка дзяржавы ў канфлікце з сапраўдным парламентам. Тады палітычнае значэнне гэтага кроку было цалкам зразумела.

Пасля таго Усебеларускія народныя сходы пачалі склікаць перад прэзідэнцкімі выбарамі як трыбуну, на якой агучвалася праграма кіраўніка дзяржавы на пяцігодку, паказвалася, што гэтую праграму ўсе падтрымліваюць. Былі спробы, калі альтэрнатыўныя кандыты, той жа Аляксандр Казулін, спрабавалі патрапіць на гэты сход, але ў іх гэта не артымалася.

2015 год вельмі цікавы ў тым сэнсе, што перад прэзідэнцкімі выбарамі не было Усебеларускага народнага сходу. Урад, які фактычна мяняўся ў год прэзідэнцкіх выбараў, абвяшчаў праграму сваёй дзейнасці перад Палатай прадстаўнікоў за дзевяць месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў. І ў гэтай праграме, як не дзіўна, не было канкрэтных лічбаў, і нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў звярталі на гэта ўвагу: чаму там усё гэта адсутнічае? Урад адказваў, што няма сэнсу ўсё гэта рабіць, бо хутка прэзідэнцкія выбары. Гэта было афіцыйнае тлумачэнне.

Насамрэч, хутчэй за ўсё, было складана палічыць і агучыць розныя стратэгіі развіцця Беларусі, бо менавіта пра гэта і ідзе гаворка ў гэтай праграме. Такім чынам, тое, што не было зроблена дзевяць месяцаў назад, зараз збіраюцца зрабіць на Усебеларускім народным сходзе і прыняць праграму, якую потым мусіць выконваць урад.

Акрамя таго, калі абапірацца на тое, што сказаў Мясніковіч БелТА, атрымліваецца, што на Усебеларускі народны сход выносіцца нават праект бюджэта на 2016 год. Вось гэта яшчэ большае дзіва, бо паводле правілаў, на якіх мае прымацца бюджэт, праект яшчэ даўно мусіў паступіць у камісіі Паталы прадстаўнікоў, бо менавіта яна павінна разглядаць праект бюджэта, узгадняць яго з выканаўчай уладай і потым яго прымаць. Але на гэта застаецца вельмі мала часу, і так атрымоўваецца, што ў сапраўдны прызнаны законам парламент гэтая папера трапіць ужо пасля Усебеларускага народнага схода.

Вось гэта ў мяне выклікае вялікае здзіўленне, бо зараз ні палітычнага сэнсу падмены гэтага парламента квазі-парламентам няма, ні нейкага іншага.

— Навошта гэты сход зараз кіраўніку дзяржавы?

— Усё залежыць ад таго, з чым канкрэтна яны выходзяць на гэты Усебеларускі народны сход. Я не выключаю, што гэты сход можа ўхваліць нарэшце нейкія непапулярныя меры. Калі так, то будзе зразумела, чаму ён парводзіцца пасля прэзідэнцкіх выбараў, а не перад імі.

З аднаго боку, на гэты квазі-парламент выносіцца тое, што мусіць падабацца насельніцтву, - вялікія планы па павелічэнні заробкаў і гэтак далей. Зараз жа пра павелічэнне заробкаў гаворка не ідзе, а ідзе гутарка пра пэўныя рэформы ў эканоміцы, пра магчымае павышэнне пенсійнага ўзроста, пра шмат іншых рэчаў, якія дакладна не будуць падабацца вялікай колькасці выбаршчыкаў. І калі ўсё гэта вынесуць на Усебеларускі народны сход, гэта будзе прынамсі цікава.

З такім жа поспехам гэта можна было б зрабіць і з дзейным парламентам.

— Так, але, магчыма, тут ёсць такая падстрахоўка: у 2016 годзе будуць парламенцкія выбары, і тут ёсць мінімальная, але верагоднасць таго, што дэпутаты не захочуць раздзяліць адказнасць з кіраўніком дзяржавы за пагаршэнне ўзроўню жыцця, павышэнне пенсійнага ўзросту ці яшчэ што-небудзь непапулярнае.

000022_672427_big.jpg

Для дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу гэта не мае вялікага значэння, бо ніхто з шарагоўцаў не ведае, якім чынам гэтыя людзі трапляюць на Усебеларускі народны сход. І пасля гэтага сходу ніхто не ведае, што гэтыя людзі там былі. Гэта нешта кшталту масоўкі на адзін дзень, і яна досыць безаблічная.

А вось у дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якіх усяго 110, ёсць выбарчая акруга, у якой заўсёды можа знайсціся чалавек, які запытаецца: “Чаму вы прагаласавалі за тое, што мяне звольнілі з працы?”, калі, да прыкладу, будез прынята рашэнне аб звальненні пенсіянераў. Ці “Чаму вы прагаласавалі за тое, што мне трэба працаваць яшчэ пяць гадоў і не выходзіць на пенсію?”. З аднаго боку, ёсць тэарэтычныя адказы на гэтыя пытанні, але гэта тое, што не будзе ўспрымацца выбаршчыкам.

І прытым, што шмат хто не давярае вынікам выбараў, сам агульны настрой у грамадстве можна прадказаць. Калі большасць будзе лічыць, што гэтыя дэпутаты вінаватыя ў тым, што адбылося, ім будзе вельмі складана абрацца на новы тэрмін. Таму Усебеларускі народны сход можа выступіць у якасці пэўнага адвода ад Палаты прадстаўнікоў.