Канада — адкрыццё для апазіцыі

«У выпадку прыходу да ўлады беларускіх дэмакратычных сіл Канада гатова стаць лакаматывам інтэграцыі Беларусі ў сусветную эканоміку». Гэтыя словы канадскага прэм’ер-міністра Стывена Харпера працытаваў лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў ЗША і Канаду прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху.



110eec23201d80e40d0c4a48954e2ff5.jpg

«У выпадку прыходу да ўлады беларускіх дэмакратычных сіл Канада гатова стаць лакаматывам інтэграцыі Беларусі ў сусветную эканоміку». Гэтыя словы канадскага прэм’ер-міністра Стывена Харпера працытаваў лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў ЗША і Канаду прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху.
На мінулым тыдні Атаву і Вашынгтон, апроч Уладзіміра Някляева, наведалі Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, яго намеснік Яраслаў Раманчук, а таксама міжнародны сакратар АГП Андрэй Дзмітрыеў.
Удзельнікі паездкі выказалі агульнае задавальненне вынікамі візіту. «Мэты і задачы, якія ставіліся перад гэтай паездкай, дасягнуты на сто працэнтаў, а ў нечым нават пераўзышлі нашы папярэднія чаканні, — адзначыў Анатоль Лябедзька. — Што датычыць Канады, то мы адкрылі для сябе вельмі перспектыўную краіну. Не буду казаць за ўсю апазіцыю, за ўсю грамадзянскую супольнасць, але для Аб’яднанай грамадзянскай партыі Канада — такі ж самы прыярытэт, як і Еўрапейскі Саюз, і Злучаныя Штаты Амерыкі… Канада не завязана на пэўныя чыннікі, як Еўрапейскі Саюз, у якога энергетычная залежнасць у фармаце еўраазіяцкай прасторы. Прэм’ер-міністр Харпер — вельмі цікавая асоба, самадастатковы як палітык, і ў яго сёння ёсць вялікая матывацыя выходзіць за межы самой Канады. Менавіта гэтым і можна патлумачыць, што ён пайшоў на сустрэчу з намі. Канада — краіна вельмі перспектыўная, яна ўваходзіць у дзесятку дзяржаў з наймацнейшым эканамічным патэнцыялам, у бліжэйшы час там пройдзе саміт «Дваццаткі», і гэта азначае, што ў Канады таксама велізарны палітычны патэнцыял».
Як паведаміў Анатоль Лябедзька, таксама адбыліся асобныя сустрэчы з чатырма федэральнымі міністрамі Канады, са спікерам, з кіраўніком камісіі па міжнародных сувязях, з дэпутатамі парламента, сенатарамі, якія, па словах палітыка, выявілі вялікую зацікаўленасць у сустрэчы з беларускай дэлегацыяй.
У Вашынгтоне беларускія палітыкі сустрэліся са старшынёй Хельсінскага камітэта Кангрэса ЗША Элсі Хастынгсам, кангрэсменам Крыстаферам Смітам, а таксама з сенатарам Джонам Макейнам, які быў супернікам Барака Абамы на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Па словах Анатоля Лябедзькі, сенатар-рэспубліканец падтрымаў формулу беларускіх апазіцынераў «крэдыты ў абмен на свабодныя выбары». Як паведаміў кіраўнік АГП, Джон Макейн паабяцаў, што будзе звязвацца з кіраўніцтвам найбуйнейшых фондаў дзеля садзеяння ў рэалізацыі гэтай формулы.
Паводле сцвярджэння Анатоля Лябедзькі, кангрэсмен Крыстафер Сміт пагадзіўся з ідэяй правядзення слуханняў па сітуацыі ў Беларусі не толькі ў межах кангрэсаўскага Хельсінскага камітэта.
Яраслаў Раманчук адзначыў, што ў Канадзе дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні ў Мінску пры канцы верасня — на пачатку кастрычніка бягучага года буйнога эканамічна-інвестыцыйнага форума, на які мяркуецца запрасіць канадскіх эканамістаў-рэфарматараў.
Уладзімір Някляеў паведаміў, што асаблівая ўвага падчас усіх сустрэч у ЗША і Канадзе надавалася сітуацыі, якая склалася ў Беларусі са СМІ і з інтэрнэтам. Паводле лідэра кампаніі «Гавары праўду!», удзельнікі сустрэч з беларускага боку настойвалі на падтрымцы незалежных мас-медыя, тых грамадска-палітычных выданняў, якія яшчэ засталіся ў краіне.
«Нам патрэбна інфармацыя, усё астатняе мы здольны зрабіць самі. Тое, у чым мы абмежаваны, — гэта эфектыўна данесці да людзей, што можа быць у Беларусі, калі яны пойдуць на выбары за змены, а не наадварот. Амерыканскія і канадскія палітыкі не могуць не ўлічваць тую сітуацыю, якая склалася ў нас з газетамі, з усімі СМІ, з нападамі на інтэрнэт. У іх свядомасці ўсё гэта не стасуецца са здаровым сэнсам, і яны паабяцалі зрабіць усё, каб не дапусціць кітаізацыі становішча ў Беларусі, што да пытанняў інтэрнэта і сродкаў масавай інфармацыі», — адзначыў Уладзімір Някляеў.
Падчас наведвання ЗША і Канады Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук і Уладзімір Някляеў сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары паўночна-амерыканскага рэгіёну, у тым ліку і са старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкай Сурвілай.