Канец эпохі «маналітнай свядомасці»

Дзяржава з яе ўладнай «вертыкаллю» і матэрыяламі да «Адзінага дня інфармавання насельніцтва» ўсё больш нагадвае цётачку, якая прыехала з краіны, «дзе многа дзікіх малпаў».

portrety_1a_logo.gif


Якімі падзеямі XX стагоддзя беларусы ганарацца ў найбольшай ступені? Адказ на гэта пытанне відавочны — перамогай у Вялікай Айчыннай вайне. У чэрвені 2013 года так лічылі 78% дарослага насельніцтва рэспублікі-партызанкі (НІСЭПД). На другім месцы — здабыццё дзяржаўнай незалежнасці ў 1991 годзе. У якасці прадмета гонару на гэта ўказалі 40%. Амаль двухразовае адставанне!

 

Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. «Мы змагаліся за праўду пра вайну. За праўду пра вас», — адзначыў на ўрачыстым мерапрыемстве ў гонар Дня Перамогі 9 мая адзіны палітык (АП). Тут спатрэбіцца каментар.

 

Гісторыя — гэта тое, што мы думаем пра гісторыю, а Вялікая Айчынная вайна — гэта тое, што мы думаем пра Вялікую Айчынную вайну. Родная «дзяржава для народа» хоча, каб мы думалі пра вайну выключна як пра подзвіг, як пра Перамогу.

 

Культ Перамогі здымае адказнасць з савецкай улады за мільёны і мільёны ахвяр. Культ Перамогі дазваляе цяперашняй уладзе выступіць у ролі адзінага спадчынніка пакалення пераможцаў. Культ Перамогі для простага чалавека становіцца галоўнай падставай для самапавагі.

 

 

«Усялякае мінулае вартае асуджэння»

 

Нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ ў працы «Пра карысць і шкоду гісторыі для жыцця» вылучаў тры тыпы гісторыі: манументальная гісторыя для чалавека, які ганарыцца ўчынкамі продкаў; антыкварная гісторыя, якая займаецца пятліцамі на палкавой форме; крытычная гісторыя, якая вывучае ўчынкі людзей і іх вынікі.

 

Нескладана зразумець, якому тыпу гісторыі аддае перавагу АП. Погляд на гісторыю як на крыніцу для гонару ўчынкамі продкаў вызваляе ад сумненняў, бо «тое вялікае, якое некалі існавала, <...> можа калі-небудзь стаць магчымым яшчэ раз». Аднак пакуль гісторыя ўяўляецца выключна ў якасці вартых пераймання прыкладаў, папярэджвае філосаф, «цэлыя значныя раздзелы мінулага падпадаюць забыццю і ўтвараюць як бы шэрую плынь, сярод якой узвышаюцца, як выспы, асобныя размаляваныя факты».

 

Аднак немагчыма вырашыць праблемы сучаснасці, калі абапірацца выключна на манументальную гісторыю. Гісторыя патрэбная «для жыцця і дзейнасці, а не для зручнага ўхілення ад жыцця і ўчынкаў або для апраўдання сябелюбнага жыцця і баязлівай ды кепскай дзейнасці».

 

Антыкварная гісторыя дазваляе чалавеку звярнуць свой позірк туды, адкуль ён з’явіўся, дзе ён стаў тым, чым ён ёсць. Яна прывязвае носьбіта антыкварных ведаў да радзімы і родных звычаяў, робіць яго больш аселым і ўтрымлівае ад імкнення шукаць шчасця на чужыне.

 

Але цікаўнасць да старога, да пылу бібліяграфічных дробязяў здольная толькі захоўваць жыццё, а не спараджаць яе. Таму яна «стрымлівае энергічную рашучасць на новае, паралізуе сілы дзеяча, які заўсёды будзе вымушаны абражаць некаторыя святыні».

 

Гісторыя для жыцця і дзейнасці, нароўні з манументальным і антыкварным спосабамі вывучэння мінулага, мае патрэбу ў трэцім складніку — крытычным. Чалавек, падкрэслівае філосаф, павінен «сілай разбіваць і разбураць мінулае, каб мець магчымасць жыць далей. Гэтай мэты ён дасягае тым, што выцягвае мінулае на суд гісторыі, падвяргае мінуўшчыну самаму дбайнаму допыту і, нарэшце, выносіць ёй прысуд. Усякае мінулае вартае асуджэння, бо ўсе чалавечыя справы такія: заўжды ў іх магутна адбіваліся чалавечая сіла і чалавечая слабасць».

 

 

Адкрыццё «жалезнага азадка»

 

Правам змагацца «за праўду пра вайну» беларуская Канстытуцыя надзяліла не толькі АП. Такое права мае кожны грамадзянін рэспублікі, у тым ліку і аўтар «Азбукі паліталогіі».

 

Для мяне вайна — гэта, у першую чаргу, злачынствы ўлады. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Прапаную звярнуцца да дакладу старшыні Савета Народных Камісараў СССР і народнага камісара замежных спраў таварыша Вячаслава Молатава аб знешняй палітыцы савецкага ўрада 31 кастрычніка 1939 года.

 

Што ж распавёў краіне і свету гэты «жалезны азадак» (так паміж сабой яго называлі калегі за ўседлівасць і працавітасць)?

 

Па-першае, ён канстатаваў разгром Польшчы: «Аказалася дастаткова кароткага ўдару па Польшчы з боку спачатку германскай арміі, а затым — Чырвонай Арміі, каб нічога не засталося ад гэтага выродлівага спараджэння Версальскай дамовы, што жыло за кошт прыгнёту няпольскіх нацыянальнасцяў».

 

Па-другое, Молатаў напоўніў слова «агрэсія» новым зместам: «Цяпер, калі казаць пра вялікія дзяржавы Еўропы, Германія знаходзіцца ў становішчы дзяржавы, што імкнецца да хутчэйшага заканчэння вайны і да міру, а Англія і Францыя, якія ўчора яшчэ агітавалі супраць агрэсіі, выказваюцца за працяг вайны і супраць заключэння міру. Ролі, як бачыце, змяняюцца».

 

Як тут ні прыгадаць Джорджа Оруэла: «Вайна — гэта мір».

 

Намаганні па ўтаймаванні агрэсара дазволілі «жалезнаму азадку» правесці паралель з рэлігійнымі войнамі: «У свой час былі модныя рэлігійныя войны супраць ерэтыкоў і іншаверцаў. <...> Ці не да гэтых часоў сярэднявечча, да часоў рэлігійных войнаў, забабонаў і культурнага адзічэнне нас зноў цягнуць паноўныя класы Англіі і Францыі? Ва ўсякім выпадку, пад «ідэалагічным» сцягам цяпер задуманая вайна яшчэ большага маштабу і яшчэ больш небяспечная для народаў Еўропы і ўсяго свету. Але такога кшталту вайна не мае ніякага апраўдання».

 

Вось такая праўда пра вайну. Восенню 1939 года ўсялякія спробы супрацьстаяць нацысцкай агрэсіі разглядаліся савецкім кіраўніцтвам у якасці «культурнага адзічэнне» ды вяртання да часоў сярэднявечча.

 

А сёння ва ўмовах разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў, гарантаваных Канстытуцыяй (артыкул 4), што думаюць беларусы прапактМолатаваРыбентропа? Адназначна падтрымліваюць/ хутчэй падтрымліваюць — 39%, хутчэй асуджаюць/ безумоўна асуджаюць — 16%, нічога не ведаюць пра гэта — 45% (НІСЭПД, чэрвень 2015 года). Гэта значыць, што варыянт праўды пра пачатак Другой сусветнай вайны ў трактоўцы «жалезнага азадка» працягвае жыць і перамагаць у краіне, кіраўніцтва якой з трох тыпаў апісання мінулага аддае перавагу манументальнай гісторыі.

 

 

Трайны кантроль

 

Гісторыя любой вайны асуджаная, як мінімум, на дзве інтэрпрэтацыі: «ад пераможцаў» і «ад пераможаных». Яны знаходзяцца адзін з адным у няпростых, часта канфліктных адносінах. Але ў расколатым беларускім грамадстве абедзве яго часткі («большасць» і «меншасць») у роўнай ступені з’яўляюцца спадкаемцамі пераможцаў. Тым не менш у кожнай часткі грамадства была свая вайна.

 

Ацэнка дзейнасці партызан — толькі адзін з прыкладаў адсутнасці адзінага погляду на вайну. Пра жорсткасць, якую беларускія партызаны падчас вайны дапускалі ў дачыненні да мірнага насельніцтва, чулі 57 працэнтаў, не чулі — 42 працэнты (НІСЭПД, чэрвень 2015 года). 29 працэнтаў наогул не вераць, што такія факты мелі месца, вераць у гэта 56 працэнтаў.

 

Манапалізацыя афіцыйнай версіі гісторыі — найважнейшы інструмент маніпулявання грамадскай свядомасцю. Зноў звернемся па дапамогу да Джорджа Оруэла: «Хто кантралюе мінулае — кантралюе будучыню, хто кантралюе сучаснасць — кантралюе мінулае».

 

Такая схема ўтрымання ўлады ў таталітарных/ аўтарытарных палітычных сістэмах. І не істотна, якім шляхам прысвоена права панаваць. Дэмакратычныя выбары, як сведчыць постсавецкая гісторыя, не перашкодзілі пераможцам атрымаць усё. У тым ліку і права аднаасобна фармаваць «карціну свету» ў галовах суайчыннікаў. Далей усё адбывалася паводле Оруэла: ад кантролю сучаснасці да кантролю мінулага з мэтай кантролю будучыні.

 

Мінуўшчыну змяняць нашмат прасцей, чым сучаснасць. Прыгадаем спробы «моцнай дзяржавы» мадэрнізаваць прадпрыемствы дрэваапрацоўчай галіны. Канчатковую суму страт беларускія падаткаплацельшчыкі наўрад ці калі-небудзь даведаюцца. Але такога кшталту правалы можна прыкрыць гераічнымі прыкладамі з манументальнай гісторыі, што на практыцы і назіраецца.

 

 

Ад масавых узораў да індывідуальных

 

Здавалася б, у Беларусі магчымасці дзяржаўных і недзяржаўных СМІ па фармаванні пажаданых «карцін свету» абсалютна не супастаўныя. Чаму ж тады «аднадумства», што дэкларуецца АП, не пацвярджаецца на практыцы? Для адказу на гэта пытанне нам трэба з бытавога ўзроўню падняцца на ўзровень азбукавых паліталагічных ісцін.

 

Зафіксаванае Оруэлам «аднадумства» — прадукт індустрыяльнай цывілізацыі, што сканцэнтравала на фабрыках тысячы ўчорашніх сялян. Вырваныя са сваіх лакальных сусветаў, гараджане ў першым пакаленні мелі патрэбу ў новай ідэнтычнасці наўзамен страчанай. Яе фармаванню спрыяла канцэнтрацыя і стандартызацыя ў прамысловасці, адкуль яна патрапіла ў паўсядзённае жыццё і палітыку ў выглядзе масавай культуры і дзяржаўных ідэалогій.

 

На думку амерыканскага сацыёлага і футуролага Элвіна Тофлера, «людзі купаліся ў свеце вобразаў, якія вырабляюцца масава. Адносна невялікая колькасць газет, часопісаў, фільмаў, радыё- і тэлеперадач, якія вырабляюцца цэнтралізавана, забяспечвала тое, што крытыкі называюць «маналітнай свядомасцю». <...> Круг сацыяльна ўхвальных стыляў паводзін асобы быў адносна вузкі».

 

Сучаснай моладзі цяжка ўявіць, што колькасць тэлеканалаў можа быць меншая за колькасць пальцаў на адной руцэ. Але сёння чалавеку, які хоча быць у курсе сусветных падзей, не абавязкова ўключаць тэлевізар і чытаць газеты.

 

Інфармацыйная разнастайнасць — толькі адна з характарыстык постіндустрыяльнай цывілізацыі. Сучасны свет на нашых вачах ператвараецца ў свет адасобленых меншасцяў, здольных умацоўваць свае ўнутраныя сувязі на любой аснове — этнічнай, рэлігійнай, узроставай, і да т. п. Узнікае эпоха разнастайнасці стыляў жыцця. І ў гэтай разнастайнасці беларуская дзяржава з яе жорсткай уладнай «вертыкаллю» і матэрыяламі да «Адзінага дня інфармавання насельніцтва» ўсё больш нагадвае цётачку, якая прыехала з краіны, «дзе шмат дзікіх малпаў».

 

Ахвочым у гэтым пераканацца рэкамендую не прапусціць 5-ы Усебеларускі народны сход. Ён адбудзецца ў Мінску 22–23 чэрвеня.