Карбалевіч — пра выбух на станцыі Азярышча: Лукашэнка не ведае што сказаць

Сістэма пакуль не ведае, якую версію прапанаваць публіцы, упэўнены палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч, а таму Лукашэнка загаворвае паўзу вяртаннем да сваёй галоўнай траўмы — падзей 2020 года.

_belarus_armija_vojska_vajna_zbroja_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Лукашэнка наведаў 6 кастрычніка навучальны аб'ект Міністэрства абароны «Вузел супраціву» ў Брэсцкай вобласці і выдаў чарговую серыю зацяжнога серыяла «Як мірная Беларусь рыхтуецца да вайны».

«Досвед сучаснай вайны цалкам намі засвоены. Да сярэдзіны будучага года мы будзем мець усё ў поўным аб'ёме, што нам неабходна: сувязь, выведка, беспілотнікі, ударныя ў тым ліку, актыўная абарона, — раскрываў перад камерамі ваенныя таямніцы Аляксандр Лукашэнка. — Але, абараняючыся, мы гэта будзем рабіць актыўна. Каб у любы момант перайсці ў наступ, калі будзе неабходнасць».

Не забыў дыктатар згадаць і расійскую ядзерную зброю, якой любіць час ад часу казырнуць: «Мы не гаворым пра больш магутную зброю, якая сёння ў нас ёсць, для таго каб паказаць сваю моц і нанесці праціўніку непрымальную шкоду. Мы не будзем купляць тысячы танкаў, але ў нас заўсёды ёсць магчымасць нанесці непрымальную шкоду. Гэта значыць, перш чым нападаць на Беларусь, ён падумае, што адказ будзе такі, што для іх непрымальны».

Лукашэнка гаварыў шмат і маляўніча. А між тым, напярэдадні ноччу на чыгуначнай станцыі Азярышча пад Мінскам адбыўся выбух, пра які ён не абмовіўся ні словам. Улады паводзяць сябе так, нібыта нічога і не здарылася: ні пацвярджаюць, ні абвяргаюць надзвычайнае здарэнне.

Пра маўчанне, загаворы і супярэчнасці, якія ўжываюцца ў галаве Лукашэнкі, «BGmedia» пагаварыла з палітычным аглядальнікам Валерыем Карбалевічам.

«Без рашэння аднаго чалавека ўся сістэма ўпадае ў ступар»

— Я думаю, гэта выклікана невядомасцю і незразумеласцю: хто, навошта і што насамрэч адбылося? Сапраўды, выбух загадкавы: уласна кажучы, нічога не ўзарвалі, а сам па сабе выбух незразумелы і бессэнсоўны. Пакуль не з'явіцца пэўнасць у справе, пакуль улады не вызначацца з версіяй, да таго часу будуць маўчаць. А можа, і зусім не будуць згадваць пра гэты інцыдэнт.

Я згадваю, як адбыўся выбух у Мачулішчах, дзе на аэрадроме атакавалі расійскі самалёт дронам: рушыла следам доўгая паўза, і нават гучала заява дыпламата, што наогул нічога не адбылося. І толькі потым Лукашэнка правёў нараду па сітуацыі, разгарнулі прапагандысцкую кампанію, і сілавую аперацыю, і ўсё іншае. Зараз назіраецца аналагічная сітуацыя ў інфармацыйным плане. Я думаю, менавіта гэтым і тлумачыцца маўчанне.


Глядзіце таксама

— Гэта значыць, беларускія ўлады прытрымліваюцца сваёй традыцыйнай тактыкі: замоўчваць тое, што не ўпісваецца ў намаляваную імі карцінку стабільнасці. Нездарма ж Лукашэнка ў Брэсцкай вобласці вярнуўся да падзей 20-га года. Маўчаць, калі сказаць няма чаго?

— Калі сітуацыя незразумелая і калі цяжка вызначыцца з афіцыйнай версіяй — у такім выпадку ўся сістэма ўпадае ў ступар. Так было пасля смерці Макея, так было пасля гісторыі ў Мачулішчах, так было, калі Лукашэнка захварэў і вакол хадзіла шмат чутак. Так і цяпер: калі няма рашэння аднаго чалавека, усё замірае, усё ў ступары, а ён вагаецца з прыняццем версіі, якую гатовы прапанаваць публіцы.

Загавор

— «Не паўторыцца. Гэта немагчыма, — заявіў Лукашэнка адносна верагоднасці паўтарэння падзей 2020 года. — Хай нават не разлічваюць разгайдаць Беларусь. Мы гэтага не дазволім. І таму, што ёсць вы, і за вас я нясу персанальную адказнасць. А яшчэ — прыхільнікі, якія зрабілі стаўку на прэзідэнта, у тым ліку і сілавікі. Я за вас адказваю». Гэта ўпэўненасць ці самагіпноз?

— Ведаеце, гэта загавор. Лукашэнка рэгулярна гэтым займаецца: і калі адбылася «Аранжавая рэвалюцыя» ва Украіне, затым — другі Майдан, іншыя падобныя падзеі, ён заўсёды сцвярджаў, што ў Беларусі такое немагчыма. Беларусь свой ліміт на рэвалюцыі вычарпала. І нават напярэдадні 2020 года ён нешта падобнае гаварыў. Гэта спроба запэўніць грамадства, запэўніць усе сілавыя структуры, што ў нас усё пад кантролем і ў вас нічога не атрымаецца. Гэта яго тактыка.


Глядзіце таксама

«Супярэчнасці ўжываюцца ў галаве Лукашэнкі»

— Патрабуе расшыфроўкі яшчэ адна з фраз Лукашэнкі: «Я не хачу, каб палякі думалі, што Лукашэнка — вораг Польшчы. Гэта ж так падаюць народу. А што такое Лукашэнка — гэта прэзідэнт Беларусі».

— Зноў жа, старая тактыка, узятая на ўзбраенне яшчэ з савецкага прапагандысцкага арсенала: народ добры, а ўлада дрэнная. Народ, які прыгнятаецца буржуазіяй, змагаецца супраць улады капіталістаў, вось народ добры, а ўлада — эліта, якая захапіла ўладу і не дае народу свабоды — дрэнная. Гэта савецкі наратыў у дачыненні да Захаду. Ён цяпер узяты на ўзбраенне беларускімі ўладамі. Як бачыце, нават з нагоды Дня незалежнасці розных заходніх краін ён звяртаецца з віншаваннямі да народа — не да ўрада, не да прэзідэнта, а да народа. Улада дрэнная, а народ добры. Нездарма ўведзены бязвізавы рэжым для палякаў, літоўцаў і латышоў: маўляў, прыязджайце, глядзіце, у нас усё добра, а вас падманваюць.

Магчыма, ён і напраўду верыць, што мясцовая ўлада падманвае мясцовы народ адносна сітуацыі ў Беларусі. Невыпадкова ён так ахвотна дае інтэрв'ю заходнім СМІ, спрабуючы праз іх звярнуцца непасрэдна да народаў, каб пераканаць іх, што тут, у Беларусі, усё выдатна. Магчыма, ён сапраўды лічыць, што тут усё добра, усё выдатна і няма аніякіх падставаў для незадаволенасці.

Глядзіце таксама

— Значыць, у гэтых выказваннях няма аніякіх сігналаў на адрас Захаду?

— Сігналы тут ёсць, але нейкія супрацьлеглыя, супярэчлівыя. З аднаго боку, мы вам пакажам, у нас ёсць добрыя ўзбраенне, і «лінія Хрэніна» выдатная — толькі паспрабуйце сунуцца, мы вам дамо па зубах. А з іншага боку — мы не збіраемся ваяваць, мы за мір, мы будзем толькі абараняцца, а наогул мы мірныя людзі, мы нават за мір ва Украіне.

Такія цалкам супрацьлеглыя, узаемавыключальныя сігналы гучаць з яго вуснаў увесь час, асабліва пасля 20-га года, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне. У яго галаве ўсё гэта ўжываецца неяк.