Карл Більт: Распад ЕС. Як не даць спраўдзіцца марам Пуціна

Наступныя 18-24 месяцы, верагодна, вызначаць, якой будзе Еўропа ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Гэты зваротны адлік запусціла Вялікабрытанія.



carl_bildt.jpg

Прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран, які, насуперак чаканням, атрымаў рашучую большасць у Палаце Прадстаўнікоў, зараз павінен выкарыстоўваць свой абноўлены мандат для распрацоўкі пакета рэформаў Еўрасаюза, які задаволіць усе дзяржавы-члены.
У апошнія гады ў Злучаным Каралеўстве часцяком хвост віляў сабакай: Кэмерану даводзілася ісці на саступкі антыеўрапейскаму крылу уласнай Кансерватыўнай партыі, каб стрымліваць Партыю Незалежнасці, якая ўвогуле выступала за выхад Вялікабрытаніі з ЕС. Але цяпер, калі галасаванне пацвердзіла аўтарытэт Кэмерана, а Партыя Незалежнасці атрымала на выбарах самы горшы вынік, ён зможа адкрыта заявіць, што з'яўляецца хай і прагматычным, але адданым еўрапейцам.
У сваіх нядаўніх выступах Кэмеран казаў пра план рэфармавання ЕС, які дазволіць павялічыць яго канкурэнтаздольнасць, а таксама паспрыяць росту празрыстасці еўрапейскіх інстытуцый. Улічваючы расійскі рэваншызм і хаос на Блізкім Усходзе, я шчыра спадзяюся, што Кэмеран, кажучы аб рашэннях, якія Еўропе трэба будзе прыняць, надасць асаблівую ўвагу пытанням больш эфектыўнай міжнароднай палітыкі, а таксама палітыцы бяспекі.
Калі на чэрвеньскім пасяджэнні Еўрапейскага савета Кэмеран выкладзе свой план і будзе гатовы не толькі гаварыць, але і слухаць, ён можа запусціць працэс, які пойдзе на карысць ўсёй Еўропе. Тады паўнамоцтвы па ажыццяўленню плана рэформ у наступныя два гады - за перыяд старшынства ў ЕС Люксембурга, Нідэрландаў, Славакіі і Мальты - ляжа ў асноўным на прэзідэнта Савета Еўропы Дональда Туска.
Гэта будзе працэс, у якім кіраваць прыйдзецца не Еўракамісіі, а ўсім 28 дзяржавам-сябрам Еўрасаюза. Толькі прыцягваючы да рэфармавання ўсе еўрапейскія нацыянальныя палітычныя інстытуцыі, можна дамагчыся поспеху. Наступны год павінен стаць годам інтэнсіўных перамоваў адносна зместу пакета рэформаў, які пасля ўхваляць ўсе члены ЕС, бо Кэмерану прыйдзецца правесці абяцаны рэферэндум па пытанні выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза перш, чым наступіць тэрмін яе старшынства - да 1 ліпеня 2017 года.
У дадзены момант сацапытанні паказваюць, што большасць брытанцаў, хутчэй за ўсё, прагаласуюць за тое, каб застацца ў ЕС. З іншага боку, ніводнае апытанне не змагло прадбачыць, што ў выніку парламенцкіх выбараў большасць у парламенце атрымаюць кансерватары. Таму  недаацэньваць рызыку правядзення гэтага рэферэндуму нельга.
Зразумела, Еўрасаюз можа паўплываць на вынік рэферэндуму. У бліжэйшыя 18 месяцаў ЕС павінен прадэманстраваць, што ў стане прыняць не толькі пакет рэформаў, але і ўкараніць іншыя важныя практыкі, у прыватнасці, трансатлантычнага гандлёва-інвестыцыйнага партнёрства з ЗША і Адзіны лічбавы рынак. Поспех у гэтых сферах, а таксама спадарожныя эканамічныя выгады пераканаюць брытанцаў, што ім не варта выходзіць з ЕС.
Калі Вялікабрытанія ўсё ж прыме рашэнне сысці, гэта пакладзе пачатак складанаму і хваравітаму працэсу перамоваў адносна выхаду з ЕС і абмеркаванню новага фармату адносін. І тут кожны новы варыянт будзе горш папярэдняга, а вынікам, незалежна ад добрай волі бакоў, будзе паслабленне статусу як ЕС, так і Вялікабрытаніі на сусветнай арэне.
Больш за тое, было б наіўна меркаваць, што астатні Еўрасаюз проста працягне жыць гэтак жа, як і раней. Хутчэй ужо наадварот: сыход Вялікабрытаніі абудзіць аналагічныя парывы ​​і ў іншых краінах, што пагражае далейшым распаўзаннем і так вельмі раз'яднанага Еўрасаюза. Па-за сумневамі, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які цяпер актыўна спрабуе пахіснуць еўрапейскае адзінства, зробіць усё магчымае для паглыблення гэтага расколу.
ЕС таксама прыйдзецца спраўляцца з пагрозамі яго ўсходнееўрапейскім суседзям, у прыватнасці, Украіне, створанымі пуцінскім рэвізіянізмам, а таксама з праблемамі на поўдзень ад Еўропы - на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. У такіх умовах саслабленая і раз'яднаная Еўропа, не здольная справіцца з пагрозамі, ідучымі ад яе бліжэйшых суседзяў, стане не самым бяспечным месцам для жыцця.
Рашучую перамогу Кэмерана трэба разглядаць як шанец на перазапуск абноўленага і рэфармаванага Еўрасаюза ў бліжэйшыя два гады. Еўрапейскія партнёры Вялікабрытаніі чакаюць, што прэм'ер ініцыюе дэбаты, час якіх відавочна прыйшоў - калі, вядома, мы і праўда хочам стварыць больш моцны Еўрасаюз, здольны прыняць кінутыя яму выклікі. Але ёсць верагоднасць і таго, што ўсё пойдзе наперакасяк. У гэтыя небяспечныя часы нельга недаацэньваць наступствы магчымага расколу ў Еўропе.
Карл Більт, Project Syndicate