Пацеха для двух нашчадкаў Сталіна
Крэмль і Мінск 9 мая святкуюць перамогу Сталіна над народам, а не перамогу народа ў вайне.
![parad_minsk.jpg parad_minsk.jpg](/img/v1/news/full/parad_minsk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чаму раптам такая вакханалія праз семдзесят гадоў пасля Перамогі? Яшчэ ніколі так не адзначалі гэты дзень. Так істэрычна. І не таму, што 70 гадоў. І не таму, што перамаглі фашызм. А таму, што
паўстала вострая патрэба адсвяткаваць перамогу сталінізму. Трыўмфальную перамогу, мяркуючы па апошніх зводках навін з Расіі і Беларусі, дзе ставяць помнікі Сталіну, усхваляюць яго палкаводчы
«геній» і мэнэджарскі «талент», выпускаюць газеткі з яго партрэтам.
Пуцін і Лукашэнка, «недабіткі», як іх назваў бы сам «таварыш Сталін», сёння святкуюць сваё неверагоднае шанцаванне і перамогу над уласнымі народамі. Чаму
гэтыя двое больш за ўсіх гістэрылі з нагоды Дня Перамогі?
Не толькі таму, што хочуць яго прыватызаваць, а таму, што хочуць праславіць свайго куміра, які абвесціў сябе пераможцам у гэтай вайне, бацькі і настаўніка, Іосіфа Сталіна, крывапіўцу, які
знішчыў мільёны людзей краіны, якой ён кіраваў з дапамогай рэпрэсій і страху. Таму, што хочуць такой жа пакоры народа і такога ж страху ў краінах, дзе яны воляй выпадку занялі вышэйшыя пасады.
У Маскве і Мінску 9 мая ідуць дарагія ваенныя парады з недарэчнымі стужачкамі, фальшывымі ветэранамі і танкамі. Для чаго? Ды толькі для таго, каб пацешыць нашчадкаў Сталіна - Пуціна і
Лукашэнку.
Для таго, каб пабразгатаць зброяй на вачах у свабоднай Еўропы, каб прыстрашыць Украіну, якая памкнулася ў гэтую свабодную Еўропу вярнуцца. На гэтых парадах сярод удзельнікаў і гледачоў не было
ніводнага вольнага чалавека. Гэта прынцыпова важна для сталіністаў. Бо, па іх версіі, не за свабоду ішла вайна, а за перамогу сталінскага таталітарызму.
Свабодныя людзі былі ў Германіі, якая асудзіла нацызм і пакаялася. Яны былі ў Еўропе, ад Вестэрплатэ да ўсіх еўрапейскіх сталіц.
З даўніх часоў, мабыць са школьнай лавы, калі я стаў пазнаваць праўду пра вайну, я для сябе адзначаў і 8 мая, як Дзень Перамогі над фашызмам, і 9 мая, як свята, прынятая савецкім народам. Народ
гэтага свята варты, нягледзячы на маніпуляцыі з датамі сталінскага кіраўніцтва, якое не захацела святкаваць разам з Еўропай.
Мяне вельмі раздражняе, што ў маёй краіне Лукашэнка, нашчадак Сталіна, крадзе гэтае свята ў людзей. Але не мяняе майго стаўлення да гэтага дня. У мяне ёсць каго ўспомніць, ёсць каго памянуць і
ёсць каму пакланіцца.
І няма ў гэтай памяці бездапаможных «недабіткаў» і іх пацешных байкераў. Затое заўсёды ёсць у ёй месца і «хлопчыкам Пуэнт-дзю-Хока», і хлопцам, якія
арганізавалі Асіповіцкую дыверсію. І ёсць у ёй месца маёй Беларусі, якая перамагла фашызм.
Я цвёрда ведаю, што абодва дні (8 і 9 мая), хутка зліюцца ў адзін дзень - 8 мая, - паколькі тая вайна была «За нашу і вашу свабоду!».
Андрэй Саннікаў, charter97.org