Колькі слоў пра прыроду двухдумства

Улада ў Беларусі гатовая весці перамовы з Захадам, але не бачыць неабходнасці наладжваць дыялог з грамадствам. Бо двухдумства як прынцып арганізацыі жыцця і прынцып «Жыць не па хлусні!» паміж сабой не спалучаюцца.



madel_3gif_logo.gif

Пачну з прыкладу са свайго савецкага мінулага, для чаго прапаную перамясціцца на сход партгасактыву заводу «Транзістар». На трыбуне начальнік аднаго з цэхаў дае справаздачу пра поспехі ў арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва. Зала не надта ўважліва слухае. Мой начальнік цэха, які сядзіць побач, ціха і нязлосна мацюкаецца. Гучаць рэдкія апладысменты. Справаздача скончаная. Старшыня запрашае на трыбуну майго начальніка цэха. Прыйшла яго чарга вымавіць стандартны набор слоў пра сацыялістычнае спаборніцтва.

Такія правілы гульні. Такія правілы выжывання ў таталітарнай сістэме. На мове аўтара рамана «1984» Джорджа Оруэла гэта называецца «двухдумства» (doublethink). Цытую: «двухдумства — душа Ангсоцу (англійскага сацыялізму. — С.Н.), паколькі партыя карыстаецца наўмысным падманам, цвёрда трымаючы курс да сваёй мэты, а гэта патрабуе поўнай сумленнасці. Казаць свядомую хлусню і адначасова ў яе верыць, забыць любы факт, які стаў нязручным, і дастаць яго з забыцця, як толькі ён зноў спатрэбіўся, адмаўляць існаванне аб’ектыўнай рэчаіснасці і ўлічваць рэчаіснасць, якую адмаўляеш, — усё гэта абсалютна неабходна».

Двухдумства — гэта механізм прыстасавання да рэпрэсіўнай дзяржавы, да непадкантрольнай улады. Яно — аснова «савецкага (і беларускага. — С.Н.) трывання». Нездарма ж 24 мая 1945 года на мерапрыемстве ў гонар камандуючых войскамі Чырвонай Арміі Сталін падняў тост за трыванне рускага народа.

Двухдумства дапамагала савецкаму чалавеку правесці выразную мяжу паміж прыватным жыццём і жорстка кантраляваным уладай жыццём публічным. Здавалася б, Перабудова скасавала патрэбу ў двухдумстве. Адмяніла, але ненадоўга. Знайшоўся ў Беларусі чалавек, які падняў уладу з бруду і пад воплескі «большасці» адрадзіў не проста дзяржаву, а «моцную» дзяржаву.

Гэтая сіла, перш за ўсё, была выкарыстаная для падзелу беларусаў на сваіх і чужых. Сваіх з трыбуны прынята называць «народам», чужых — «пятай калонай». Задача народа — раз на пяць гадоў дэманстраваць «усяму свету найвышэйшую палітычную культуру», «адзінства» і «незалежнасць меркаванняў». Задача пятай калоны — самім фактам свайго існавання запалохваць народ. Без стымулявання страхам здольнасць народа дэманстраваць сваю палітычную сталасць рэзка зніжаецца.

Неабходна сустракацца

Калі ў эпоху класічнага таталітарызму чалавек, незалежна ад месца ў іерархіі, у прыватным жыцці выкарыстоўваў адну мову, а ў публічным — іншую, то сёння ў публічным жыцці неабходна ўмець размаўляць адначасова на дзвюх мовах. На адной — з Захадам. Гэта мова, якая вымушана лічыцца з нормамі так званай «сусветнай супольнасці». Гэта мова, на якой можна выступаць у ААН. На іншай мове прадстаўнікі ўлады ў публічнай прасторы размаўляюць са сваімі.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. 27 верасня 2015 года адзіны палітык (АП) выступіў на Саміце ААН. Абмяжуюся двума абзацамі: «Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна маюць права на выбар свайго шляху развіцця. Менавіта ў нашай разнастайнасці — залог агульнага прагрэсу і поспеху кожнага.

Такі падыход дазволіць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцці. Але для гэтага неабходна сустракацца і весці дыялог, дамаўляцца, знаходзіць магчымасць канструктыўнага ўзаемадзеяння. А дамовіўшыся, дзейнічаць».

Выдатна, пагадзіцеся. Разнастайнасць — падстава агульнага прагрэсу. Хто б мог падумаць! А як вам пасаж наконт неабходнасці сустракацца? Дык хто перашкаджае!

Нягледзячы на мэтанакіраваную працу АП па ўвядзенні ў Беларусі аднадумства, знішчыць разнастайнасць беларускага грамадства яму так і не ўдалося. Калі ў так званай Палаце прадстаўнікоў (парламенце) адсутнічаюць фракцыі, гэта яшчэ не даказвае маналітнасць беларускага грамадства. Да заходняга ўзроўню складанасці яму, безумоўна, далёка, але і да аднастайнасці могілак шлях няблізкі. У Беларусі ёсць каму і з кім дамаўляцца дзеля канструктыўнага ўзаемадзеяння.

Але не варта блытаць божы дар з яечняй, а экспартны варыянт палітычнай рыторыкі з варыянтам для ўнутранага выкарыстання. Прапаную з Саміту ААН у Нью-Ёрку перанесціся ў Мінск на ўчастак галасавання пад сімвалічным нумарам 1. На календары 11 кастрычніка 2015 года. АП толькі што выканаў свой грамадзянскі абавязак і размаўляе з журналістамі: «Самае галоўнае, я гэта ўжо не аднойчы падкрэсліваў, мы праводзім нашы выбары згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам нашай краіны. У нас ёсць законы, Канстытуцыя. Яны прайшлі адпаведную ацэнку. Канстытуцыя і нашы законы прызнаны ва ўсім свеце».

З агульнага спісу нашых законаў возьмем Выбарчы кодэкс. Артыкул 35 вызначае парадак вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых камісій. Пералік суб’ектаў, надзеленых правам вылучаць сваіх прадстаўнікоў у камісіі, адкрываюць палітычныя партыі.

Але што мы маем фактычна? Апазіцыйныя палітычныя партыі вылучылі ў склад участковых выбарчых камісій 464 чалавекі. Сіта выканаўчых камітэтаў здолелі пераадолець толькі 30 чалавек (6,4%). У праўладных партый прынцыпова іншыя паказчыкі: з 3362 вылучэнцаў у склад камісій было ўключана 2906 чалавек (86,4%).

У якасці кур’ёзу адзначым Аграрную партыю, 610 прадстаўнікоў якой забяспечвалі справядлівасць падліку галасоў на выбарчых участках. Прычым 602 чалавекі ў Мінску! Такія ў Беларусі аграрыі. Сваю палітычную актыўнасць яны здольныя праяўляць толькі на сталічным асфальце. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца скарачэнню збору збожжавых культур у 2015 годзе на 6,1%. Ну, не растуць збожжавыя на асфальце, нягледзячы на актыўнасць актывістаў з Аграрнай партыі!

Ці ёсць элемент двухдумства ў наяўнасці такой партыі ў Беларусі — вырашаць чытачам.

А кароль жа голы!

Калі чарговым разам сутыкаешся са спасылкамі на Канстытуцыю, неабходна памятаць, што ва ўмовах двухдумства такія спасылкі маюць на ўвазе існаванне іншай, унутранай Канстытуцыі (як тут ні прыгадаць падзел партыі на знешнюю і ўнутраную ў Оруэла).

Наяўнасць унутранай Канстытуцыі не агучваецца, але менавіта па яе лякалах выстройваюцца рэальныя адносіны ў краіне. У знешняй Канстытуцыі існуе прэзідэнт і суд, ва ўнутранай — манарх і адміністрацыя прэзідэнта. Спіс нестыковак можна лёгка працягнуць.

У Англіі няма пісанай канстытуцыі, але ўлада жыве па канстытуцыйных законах. У Беларусі ёсць пісаная канстытуцыя, але ўлада жыве па канстытуцыйных паняццях.

Падпісаўшы 1 жніўня 1975 года Заключны акт Хельсінкскай нарады, Савецкі Саюз узяў на сябе абавязацельства выконваць правы чалавека, у тым ліку свабоду слова, свабоду сумлення і свабоду перакананняў. Гэта была адна з першых спроб Крамля размаўляць з Захадам на мове Захаду. Але, як нескладана здагадацца, карэкціроўкі мовы для ўнутранага спажывання пасля Хельсінкі не здарылася.

Дзейнасць Маскоўскай Хельсінкскай групы (МХТ), створанай савецкімі дысідэнтамі ў 1976 годзе, і была накіравана на садзейнічанне выкананню Хельсінкскіх пагадненняў, г. зн. супраць палітыкі двухдумства. Праваабаронцы фактычна спрабавалі гуляць ролю хлопчыка з казкі Андэрсана аб голым караля. Зразумела, што на такую дзёрзкасць дзяржава адказала рэпрэсіямі. У перыяд з 1976 па 1982 год былі арыштаваныя і асуджаныя да розных тэрмінаў зняволення або высылкі восем сябраў групы, яшчэ шасцёра былі вымушаныя эміграваць з СССР, іх пазбавілі грамадзянства.

Двухдумства як прынцып арганізацыі жыцця і прынцып «Жыць не па хлусні!» паміж сабой не спалучаюцца. Любыя паслядоўныя спробы рэалізаваць другі прынцып вядуць да разбурэння першага. Таму кожны, хто адважваецца крыкнуць: «А кароль жа голы!», павінен разумець, якія дзеянні з боку дзяржавы за гэтым варта чакаць. І «дзяржава для народа» ў яе беларускім варыянце выключэннем не з’яўляецца.

Рост апынуўся падзеннем

Мова — найважнейшая для чалавека знакавая сістэма. Дзве мовы — дзве знакавых сістэмы. Іх адначасовае існаванне спараджае грамадскі лад, у якім людзі не ў стане ўзаемадзейнічаць паміж сабой на падставе ўніверсальных правілаў. Таму тое, што прынята лічыць у нас грамадствам, па факце з’яўляецца толькі механічнай сумай атамізаваных грамадзян.

А з такім сацыяльным «матэрыялам» можна не цырымоніцца і выбудоўваць адносіны паводле прынцыпу: «Каму я павінен (абяцаў) — усім дарую». На мове Оруэла гэта азначае «забыцца пра любы факт, які стаў нязручным».

У завяршальны год пяцігодкі на ролю галоўнага нязручнага факта прэтэндавалі сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы, прынятыя на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Іх шырокі спіс адкрываўся абавязацельствам да 2015 года «наблізіць памеры заработнай платы да тысячы долараў у эквіваленце». Сказана — зроблена. Але «самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту зарплаты насельніцтва» па факце апынуліся самымі высокімі тэмпамі яе падзення.

Аднак бязвыхаднае на першы погляд становішча не збянтэжыла «дзяржаву для народа» і яе нязменнага кіраўніка. Нязручны факт быў забыты.

Камуністы хрушчоўскага прызыву забыліся ў 1980 годзе пра сваё абяцанне пабудаваць за дваццаць гадоў матэрыяльную базу камунізму, прадэманстраваўшы тым самым бяспамяцтва ў сусветным маштабе. Праз пяць гадоў гэта бяспамяцтва адгукнулася Перабудовай.

Бяспамяцтва, яно ж амнезія — «захворванне з сімптомамі страты памяці, асабліва на нядаўнія важныя падзеі, або няпоўныя ўспаміны пра падзеі, якія адбыліся». Вызначэнне амнезіі я запазычыў у Вікіпедыі. Да беларускай сацыяльна-палітычнай практыкі яно не мае ніякага дачынення, і таму бескарысна спрабаваць лячыць бяспамяцтва АП метадамі традыцыйнай медыцыны.