Бацька за дачку — новая справа ў КПЧ ААН з Гомеля
Камітэт па Правах Чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу па так званай справе “бацька за дачку”.

Аляксандр Процка
Заяўнікам па скарзе з’яўляецца жыхар горада Гомеля Аляксандар Процка, які спрабаваў правесці ў абласным цэнтры пікет супраць абвінавачванняў роднай дачкі ў здзяйсненні крымінальнага злачынства і распачатай супраць яе дыскрэдытацыі з боку дзяржаўных СМІ. Справа зарэгістраваная пад №2712/2015 і накіраваная на адрас дзяржавы для каментару па сутнасці.
Нагадаем, Галіну Процка, якая ехала ў Турцыю на вяселле да сястры, следства падазравала ў вывазе за мяжу дзяўчатаў для заняткаў прастытуцыяй. Бацька дзяўчыны каля двух гадоў, пакуль цягнуліся суды, абараняў яегонар, годнасць і спраўную рэпутацыю. БТ паказала відэасюжэт, у якім назвала яго дачку “сутынёркай, якая перапраўляе беларускіх дзяўчатаў за мяжу для занятку прастытуцыяй”. Падчас трансляцыі дачку Аляксандра Процкі паказвалі ў кайданках.
“У мяне нічога не заставалася, як пачаць публічны пратэст супраць распачатай у дзяржаўных СМІ дыскрэдытацыі маёй дачкі, аднак ўлада адмовіла мне ў гэтым. Нават Вярхоўны суд падтрымаў мясцовую ўладу, заявіўшы, што я абавязаны за свой кошт аплаціць паслугі мясцовых чыноўнікаў, якія будуць абслугоўваць пікет, то бок мяне — адзінокага з плакатам у руках мужчыну”, — успамінае Аляксандар Процка.
Гэтая справа жыхара Гомелю атрымала так званую назву “бацька за дачку”. Варта таксама адзначыць, што Гомельскі абласны суд адмяніў з-за недаказанасці прысуд у дачыненні да дачкі Аляксандра. У скарзе ў Камітэт ААН мужчына сцвярджае, што мясцовыя ўлады парушылі ягонае права на выказванне меркавання і свабоду правядзення мірнага сходу.
Раней Камітэт ААН па Правах Чалавека прызнаваў Аляксандра Процку ахвярай парушэння з боку дзяржавы * ягонага права на свабоду распаўсюду інфармацыі, калі яго прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за распаўсюд запрашэнняў на Чарнобыльскую сустрэчу ў Брагіне.