Колькі лідараў будзе ў Руху «За Свабоду»?

У Руху «За Свабоду» склалася сітуацыя, якая пагражае расколам арганізацыі. Аляксандр Мілінкевіч, пад якога дэ-факта стваралася арганізацыя, сыходзіць з пасады старшыні. На яго месца прэтэндуюць два яго намеснікі і моцных лідара — Алес Лагвінец і Юрась Губарэвіч.

6331ccb8ad1e.jpg

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя Руху павінна адбыцца ў гэтую нядзелю, 16 кастрычніка. Але ўжо зараз у прэсе агучваюцца розныя інсінуацыі пра «раскол» з-за амбіцый прэтэндэнтаў. Каб крыху знізіць градус жарсцяў, адзін з прэтэндэнтаў на пасаду старшыні арганізацыі, Алесь Лагвінец правёў невялічкую прэс-канферэнцыю.

Фактычна, ён публічна агучыў сваю прапанову для сябраў Рады Руху і да дэлегатаў канферэнцыі. Палягае яна ў тым, каб дэлегаты з’езду на «пераходны перыяд» ўнеслі змены ў Статут арганізацыі. Гэтыя змены прадугледжваюць ўвядзенне інстытуту сустаршынства ў Руху цягам двух гадоў. А калі хваля, выкліканая сыходам Мілінкевіча, крыху супакоіцца, а сустаршыні праявяць сябе напоўніцу, можна будзе казаць і пра выбары аднаго старшыні.

Па словах Лагвінца, такую ідэю ўхваляе частка сябраў Руху, і менавіта ад іх яму паступіла гэтая прапанова. «Людзі, якія сталі дэлегатамі, давалі нам такі наказ: не дай бог, каб адбылося нейкае непатрэбнае супрацьстаянне і каб ці той, ці іншы кандыдат на старшыню Руху «За Свабоду» потым адышоў ці выйшаў з Руху «За Свабоду», — паведаміў Лагвінец.

Ён спадзяецца, што дэлегаты канферэнцыі, прынамсі, сур’ёзна задумаюцца над яго прапановай, і другі прэтэндэнт на старшынства, Юрась Губарэвіч, улічыць яе таксама. «Я думаю, што ў кожнага з нас ёсць палітычная адказнасць і палітычная воля для таго, каб далей працаваць разам. Вялікія начальнікі, прысабечванне арганізацыі — гэта, мне падаецца, не тое, што будзе да твару нашай арганізацыі», — упэўнены Лагвінец.


l1.jpg

Ідэя Лагвінца з прэс-канферэнцыяй зразумелая. Акрамя таго, каб выкласці сваю пазіцыю па пытанні старшынства ў арганізацыі і спыніць чуткі, плёткі ды інсінуацыі, Лагвінец сваім крокам спадзяецца інтэнсіфікаваць унутрыарганізацыйную дыскусію на гэты конт. І, апроч усяго, зрабіць яе публічнай, бо, як сказаў палітык, Рух «За Свабоду» шмат дасягнуў за 10 год сваёй дзейнасці і стаў пэўным брэндам у дэмакратычным асяродку. Раскол у такой структуры, які можа адбыцца (а можа і не), прынясе значную іміджавую шкоду не толькі самому Руху ў прыватнасці, але і дэмакратычнаму асяродку ў цэлым.

Тым не менш, пазіцыя палітыка выклікае пэўнае неразуменне. На пытанне журналістаў, ці ведае пра гэтую прапанову другі прэтэндэнт на лідара, Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец адказаў: «Я дасылаў яму запрашэнне на прэсавую канферэнцыю, ён гэта чуў, я ўпэўнены, ад шмат каго з дэлегатаў. Прынамсі, я ведаю людзей з мінскай арганізацыі, якія такія рэчы прапаноўвалі. Я думаю, што праз гэтую прэс-канферэнцыю я надам новы імпульс абмеркаванню гэтай ідэі».

То бок, асабіста ад Лагвінца Губарэвіч гэтага не чуў.

Што будзе, калі альбо Губарэвіч не пагодзіцца з Лагвінцом, альбо дэлегаты з’езду не прымуць сустаршынства? Усё ж такі змены ў Статут арганізацыі патрабуюць рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі, а як паставіцца да такіх зменаў Мінюст, і ці не скасуе ён рэгістрацыю Руху ўвогуле? Прадказаць дзеянні гэтай структуры ўвогуле немагчыма.

Тут Лагвінец будзе глядзець па сітуацыі. Заўтра пройдзе сход Рады Руху, паслязаўтра — канферэнцыя арганізацыі. «Мне важная рэакцыя і Юрася Губарэвіча, і заўтрашняй Рады, і дэлегатаў. На месцы мы вырашым, але я вылучаю сваю кандыдатуру на пасаду старшыні, або, спадзяюся, сустаршыні Руху «За Свабоду», — адзначыў Лагвінец.


gubarievich1.jpg

Юрась Губарэвіч у размове з «НЧ» сказаў, што Алесь Лагвінец сапраўды «паінфармаваў» яго пра прэс-канферэнцыю, але ў яго былі на гэты час іншыя справы. Што тычыцца сустаршынства, то Губарэвіч адказаў літаральна так: «Пра тое, што гэта ідэя часткі дэлегатаў — я нічога такога не чуў. Бо мы правялі ўжо ўсе рэгіянальныя сходы, дзе гэтая ідэя падтрымкі не знайшла. Асабіста я лічу, што гэтая ідэя дастаткова слабая, бо яна не пойдзе на карысць Руху «За Свабоду», Таму што так ці інакш на гэтым узроўні будзе працягвацца барацьба і перацягванне канату. На сёння мы абодва абвесцілі, што маем намер балатавацца на старшыню, і, натуральна, выйграць гэтыя выбары, і не мае сэнсу адступаць ад такіх пазіцый. Акрамя таго, і я, і Алесь адназначна заяўлялі, што будзем заставацца ў Руху і працаваць на карысць Руху пры любым раскладзе. Так што я перакананы, што кожны мусіць трымаць сваё слова, і ніякага расколу па выніку ў арганізацыі не будзе».

Падаецца, што ўсе гэтыя пытанні вырашаюцца проста. Адзін з прэтэндэнтаў на старшыню бярэ пляшку і прыязджае да другога прэтэндэнта, які выстаўляе закусон. І гадзінкі праз паўтары ў абодвух застаецца толькі адно нявырашанае пытанне: «Хто бяжыць за другой?»

Так што, мажліва, уся гэтая «інтрыга» закручаная з адной мэтай: узняць цікавасць да Руху «За Свабоду». Калі так, то сваёй мэты абодва прэтэндэнты дасягнулі. Будзе вельмі цікава паслухаць, што скажуць на гэта дэлегаты з’езду.