Левыя ідуць на «абумоўленыя» выбары
Беларуская партыя левых «Справялдівы свет» пойдзе на выбары са сваім кандыдатам у прэзідэнты. Ім стане лідэр партыі Сяргей Калякін. За гэта прагаласавалі ўдзельнікі партыйнага з’езду.
Тым не менш, яны пакідаюць за сабою магчымасць зняцця свайго кандыдата ледзьве не ў любы момант.
Рашэнне пра вылучэнне партыйнага кандыдата на прэзідэнцкія выбары гэтага года дыскутавалася за закрытымі дзвярыма — без журналістаў і гасцей з’езду. Спрэчкі былі, калі меркаваць па ўзбуджаным стане дэлегатаў, даволі цяжкімі. Тым не менш, пайменнае галасаванне вызначыла, што пазіцыя тых, хто казаў пра складанасць удзелу партыі ў выбарах аднаасобна, успрынята не была. За вылучэнне свайго кандыдата прагаласавала 105 дэлегатаў з’езда, супраць —39, устрымаліся пры галасаванні 16 асобаў. Такім чынам, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» будзе вылучаць прэтэндэнтам у прэзідэнты Сяргея Калякіна.
Варта зазначыць яшчэ адно: рашэнне з’езда, згодна Статуту партыі, абавязковае для выканання ўсімі сябрамі партыі. Тыя, хто галасаваў супраць, павінны падпарадкавацца прынятаму рашэнню. У накаторых сябраў партыі ўзнікнуць складанасці. Асабліва ў тых, хто працуе ў ініцыятыве «Народны рэферэндум», якая вылучае сваім кандыдатам Таццяну Караткевіч.
Сяргей Калякін пасля галасавання выйшаў да журналістаў. І, нягледзячы на прынячтае рашэнне, заявіў, што яно па-ранейшым складанае. «Гэта вельмі адказнае рашэнне для партыі, прычым, яно звязанае не толькі з самім прыняццём рашэння. Пацверджанне таго, хто меў працыю ў гэтай спрэчцы, у далейшым шмат у чым вызначыцьі далейшы лёс партыі», — зазначыў Калякін.
«І прыхільнікі, і праціўнікі вылучэння партыйнага кандыдата разумеюць, што выбары даюць дадатковую магчымасць партыі для таго, каб працаваць з людзьмі, завабліваць іх на свой бок і ўсё з гэтым звязанае. Тыя, хто лічаць, што гэтага (вылучаць партыйнага кандыдата — аўт.) не трэба рабіць, таксама ведаюць у якой краіне мы жывем, і што не ўсё вырашаюць выбаршчыкі. Шмат што вырашаецца іншым шляхам, і ўлада мае магчымасці, каб праз наш удзел у выбарах нанесці шкоду патрыі і дыскрэдытаваць яе. У тым ліку, у грамадстве, у галовы людзей убіваецца думка, што ўсе тыя, хто ўдзельнічае ў выбарах — падстава з боку ўладаў. Шмат хто не хоча ўдзельнічаць у выбарах, прымаючы пад увагу і гэтую тэзу», — адзначыў лідэр «Справядлівага света»
«Таму і было прынятае рашэнне, што па гэтым пытанні галасаванне пайменнае. За гэтым рашэннем стаіць адказнасць людзей, тое, што яны бяруць на сябе адказнасць за працу далей на кандыдата. Разумееце, мы павінны будзем зараз даказаць, што, ідучы на выбары, мы выконваем волю людзей, якія хочуць пераменаў. Калі людзі нас падтрымаюць, значыць, партыя мае сэнс. Але калі людзі нас праігнаруюць па нейкіх прычынах, то гэта будзе параза партыі», — зазначыў Калякін.
«З заўтрашняга дня мы абвяшчаем людзям, што ідзем на выбары, але «ідзем разам з вамі». Мы ідзем не за чымсці, мы разумеем сённяшнюю сітуацыю, і хочам, каб вы ішлі разам з намі, плячом да пляча. Таму ўступайце ў ініцыятыўную групу кандыдата, ахвяруйце грошы ў ягоны выбарчы фонд, працуйце са сваімі знаёмымі, блізкімі, родзічамі. Мы надрукуем нашую праграму, што мы прапануем грамадству змяніць у эканоміцы, сацыяльнай сферы, палітыцы. Хочаце жыць лепш —падтрымайце нас. Не хочаце — падтрымайце каго-небудзь іншага», — распавёў Калякін пра далейшыя планы партыі.
Між тым, рашэннне з’езда прадугледжвае і зняццё кандыдата з выбарчай гонкі. «У выпадку, калі мы пабачым, што людзей, якія ўваходзяць у ініцыятыўную групу кандыдата будуць выклікаць у КДБ, ціснуць на іх на працы, мы зразумеем, што проста падстаўляем гэтых людзей — мы сыйдзе з выбараў, патлумачыўшы прычыну нашага сыходу. Так, мы ідзем на выбары, шырокафарматна. Але на кожным этапе мы ставім свае ўмовы. І будуць дадзеныя паўнамоцтвы альбо органам партыі, альбо ініцыятыўнай групе ці штабу кандыдата прымаць рашэнні аб зняцці кандыдата», — заявіў Калякін.
Што тычыцца прызыву выбаршчыкаў на плошчу, то Калякін не будзе заклікаць туды людзей. «Я не лічу, што сілавое вырашэнне пытання ўлады ёсць дабром для Беларусі. Я лічу, што гэта можна і трэба зрабіць мірным шляхам, і тут усё рашэнне за людзьмі. Ніякія сілавыя метады ўтрымання ўлады, калі людзі масава стануць на іншы бок, не дапамогуць дзейснай уладзе ўтрымацца, нават сілай. Калі яна пойдзе на сілавы шлях утрымання ўлады, то гэта можа быць трагедыяй, нават горш за ўкраінскую.
«Калі вам было чуваць, шмат хто казаў: «Я супраць вылучэння свайго кандыдата, але я буду працаваць. Таму рашэнне было складаным», — зазначыў Калякін.
Між тым, расчаравання ў тых, хто выступаў супраць ўдзелу партыйнага кандыдата ў выбарах, няма. Напрыклад, Дзмітрый Яненка казаў быў з тых «прагматыкаў», якія выступалі супраць вылучэння партыйнага кандыдата. Зараз яму прыйдзецца выконваць рашэнне партыі.
«Да таго, што дэлегаты з’езду нашую пазіуцыю не падтрымалі, я стаўлюся нармальна. Я не збіраюся выходзіць з партыі, таму што яна прыняла не тое рашэнне, якое мне падавалася слушным. Я буду працаваць, як і паабяцаў з трыбуны з’езда: сабраць мінімум сто подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты і не менш за мільён рублёў у ягоны выбарчы фонд», — заявіў Яненка.
Але таго ж самага ён патрабуе і ад іншых. «Мне здаецца, тыя, хто падтрымаў вылучэнне партыйнага кандыдата, мне здаецца, не зусім разумеюць, што гэта будзе. Як толькі будзе абвешчаная кампанія, трэба будзе забыцца на свае лецішчы, трэба будзе забыцца на працу, узяць адпачынак, стаяць у пікетах, збіраць подпісы. Гэта ўсе павінны асэнсоўваць», — лічыць Яненка.
Пасля непрацяглых спрэчак партыйны з’езд запісаў у рэзалюцыі, што «з’езд… даручае Цэнтральнаму камітэту парті і Бюро ЦК ўважліва аналізаваць хаду кожнага этапа кампаніі і на падставе гэтага прымаць рашэнні аб далейшым удзеле партыі ў прэзідэнцкай кампаніі 2015 года». То бок, Калякін можа зняцца ў любы момант, і збіраць паўторны з’езд для гэтага не спатрэбіцца.