Партыям падрыхтавацца да ліквідацыі. Але яе ніхто і не заўважыць

Анансаваная перарэгістрацыя партый хутчэй за ўсё пахавае ўсе незалежныя партыйныя праекты. Зрэшты, у дадзеным выпадку дарэчная прымаўка «лепш хуткая смерць, чым доўгія пакуты».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Знакамітая хатка РСДРП у цэнтры Мінска, дарэчы, сярод іншага з'яўляецца помнікам эпохі першага партыйнага будаўніцтва ў гісторыі Беларусі. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у краі пачалі з'яўляцца палітструктуры з праграмамі, статутамі і іншымі рэчамі, уласцівымі партыям. Зрэшты, да пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя на палітычнай сцэне засталася толькі адна з іх — бальшавікоў. У Заходняй, падкантрольнай палякам, Беларусі нейкі міжпартыйны плюралізм існаваў да 1939-га.
Наступны этап партыйнага будаўніцтва ў Беларусі прыпаў на пачатак 90-х, калі з Канстытуцыі СССР знік знакаміты 6 пункт аб тым, што КПСС з'яўляецца адзінай легальнай партыяй у краіне. Неўзабаве, ледзь не кожныя два-тры месяцы, рэестр беларускіх партый стаў папаўняцца новымі суб'ектамі. Прычым часам вельмі экзатычнымі. Напрыклад, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, аналагаў якой няма нідзе ў свеце. Яна, дарэчы, існуе і зараз.
Увогуле стварэнне партый часам выглядала дастаткова «прыкольна». Так, дэлегатаў устаноўчага з'езду Партыі Аматараў Піва рэкрутавалі з тых, хто прыйшоў на раздачу халяўнага піва ў Палац чыгуначнікаў. Безумоўным сімвалам эпохі партыйнага грундэрства пачатку 90-х стала «Сядзіба БНФ» на тагачаснай вуліцы Варвашэні, 8.Пры гэтым нованароджаныя партыі маглі быць філіяламі агульнасаюзных ці расійскіх партый (напрыклад, бальшавікі Ніны Андрэевай). Гэта часта прыводзіла да хаосу. Так, пасля поспеху Жырыноўскага на думскіх выбарах 1993-га ў Беларусі з'явілася адразу некалькі секцый ЛДПР, якія ў дадатак канкурыравалі паміж сабой. Каб рэгуляваць працэс, у 1994-м, ужо ў незалежнай Беларусі, быў прыняты першы, прычым архіліберальны, Закон аб партыях. Для рэгістрацыі агульнанацыянальнай партыйнай сеткі на той момант было дастаткова ўсяго 300 сябраў.


Відавочна, што такі ажыятаж узнік не на голым месцы. Лічылася, што краіна пойдзе па шляху заходняй дэмакратыі, дзе партыі адыгрываюць важную функцыю ў палітычным жыцці. Аднак мадэль з моцнымі партыямі не задавальняла посткамуністычную эліту. Магчыма, тагачасны прэм’ер Кебіч баяўся БНФ, які на той момант меў найбольш буйную партыйную арганізацыю. Так ці інакш, у прынятай у сакавіку 1995-га Канстытуцыі выбараў па партыйных спісах не прадугледжвалася.
На той момант гэта не выглядала цалкам фатальна. Як вядома, у свеце ёсць краіны, дзе выбары праходзяць толькі па мажарытарным прынцыпе, але пры гэтым партыйнае жыццё проста бурліць. Дастаткова ўспомніць Вялікабрытанію. Аднак у нас падобны нумар не прайшоў з шэрагу прычын. Найперш з-за фальсіфікацыі падліку галасоў на выбарах і негалоснай татальнай забароны на публічныя акцыі. Гэта з часам абумовіла маргіналізацыю апазіцыйных партыйных праектаў.
Аднак усё гэта адбывалася не адразу. Партыйны бум у РБ працягваўся да канца 90-х, калі рэжым, якому партыі, нават лаяльныя, у прынцыпе не патрэбныя, канчаткова стабілізаваўся. Пасля гэтага спробы зарэгістраваць новую апазіцыйную партыю можна пералічыць на пальцах. Але нават тыя, якія мелі месца, былі беспаспяховымі. А заснавальнікам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі адмовілі ў рэгістрацыі ажно 7 разоў. Дарэчы, таксама блакіраваліся спробы стварэння прарасійскіх партый або спробы прывесці да кіраўніцтва ў партыі прарасійскіх палітыкаў.
Па вялікім рахунку цяжка зразумець, чаму ўлады так баяцца рэгістраваць новыя незалежныя партыі? Па сутнасці, на сённяшні дзень у партый апазіцыйнага лагера застаўся адзіны прывілей — вылучаць сваіх сябраў у выбарчыя камісіі і выстаўляць партыйных кандыдатаў на некаторыя выбары без працэдуры збору подпісаў. Аднак з цягам часу чыноўнікамі была адладжана практыка, калі прадстаўнікам крамольных партый адмаўлялі ў падобных дзеяннях. Самы папулярны спосаб «дыскваліфікацыі» — знайсці памылкі ў прадстаўленых дакументах.
Наогул партыйная палітыка ўлад часта была вельмі незразумелай. У 2006-м улады раптам паспрабавалі закрыць калякінскіх камуністаў. Відавочцы тых падзей сцвярджаюць, што таварыш Калякін і яго атачэнне маральна былі гатовы да сыходу ў падполле. Аднак у апошні момант ад ідэі забароны раптам адмовіліся. Незразумела, якім чынам атрымала рэгістрацыю купка пенсіянераў-фанатаў Зянона Пазняка. Гутарка пра партыю хрысціянскіх кансерватараў, правадыр і старшыня якіх на момант рэгістрацыі жыў за мяжой.


Так ці інакш, выключаныя з барацьбы за ўладу, партыйныя фарміраванні паступова лагічна дэградавалі. У тым ліку з-за матэрыяльных праблем. Бізнес, які ў пачатку 90-х падтрымліваў партыйныя праекты, разглядаючы іх у якасці патэнцыйнага лобі, пачаў шукаць новыя схемы. Стала ўтрымліваць партыі за кошт партыйных унёскаў ва ўмовах нізкіх заробкаў нерэальна. Працаваць з замежнымі фондамі таксама было няпроста, паколькі большасць з іх, паводле статута, не працуюць з партыямі.
Гэта, дарэчы, спарадзіла феномен, пры якім палітызаваныя НДА накшталт «Гавары праўду» або «Рух за свабоду» мелі больш салідны рэсурс і адпаведна былі больш прыкметнымі ў палітычным жыцці. Вынікам стала міграцыя многіх вядомых партыйцаў у шэрагі такіх НДА, што ў прыватнасці нанесла моцны ўдар па кадрах БНФ.
Так ці інакш, бюджэты партый за апошнія дзесяць гадоў рэзка скараціліся, што негатыўна адбілася на колькасці офісаў і штаце функцыянераў. У лепшым выпадку грошай хапала на цэнтральны офіс і заробак для старшыні. Некаторыя партыі нават гэтым сябе не турбавалі. Напрыклад, эсдэкі Шушкевіча ўвогуле не мелі офіснага памяшкання.
Такі дэкаданс лагічна прывёў да скарачэння колькасці сябраў партый. У перапынках паміж удзелам у выбарчых кампаніях дзейнасць партый нагадвала працу асветніцкіх клубаў або сустрэчы сяброў. Зрэшты, часам нават у нешматлікіх тусоўках мелі месца бурныя канфлікты паміж кіраўніцтвам і актывам. Прычын для фронды было шмат. У тым ліку не будзем забывацца, што лідарства ў партыі давала нейкі грамадскі статус, гарантавала рэгулярныя паездкі за мяжу, запрашэнні на дыпламатычныя раўнды.
Падчас канфліктаў узнікала глеба для расколаў унутры партый або выхаду нейкіх незадаволеных фракцый са структуры. Абсалютным рэкардсменам па колькасці расколаў з'яўляюцца айчынныя сацыял-дэмакраты. Нават тыя, хто спрабаваў прасачыць эвалюцыю сацыял-дэмакратыі, блыталіся ў колькасці эсдэкаўскіх праектаў, што працуюць ці працавалі ў Сінявокай.
Парадаксальным чынам рэпрэсіі пасля жніўня 2020-га і значны адток актыву за мяжу не звялі да нуля партыйнае апазіцыйнае жыццё. Зрэшты, мусіць, на гэтым увесь пазітыў і сканчаецца. Тыя групы людзей, якія аб'ядноўваюцца пад партыйнымі брэндамі, цяжка назваць партыямі. Трэба прызнаць, што іх ліквідацыю па выніках перарэгістрацыі партый практычна ніхто не заўважыць.
Аднак сітуацыя не пазбаўлена нейкай пікантнасці. Варта пагадзіцца з думкай палітычнага аксакала Сяргея Калякіна наконт таго, што не толькі апазіцыйныя партыі, але таксама праўладныя не адпавядаюць патрабаванням законаў. І больш таго, яны таксама няздольны прайсці перарэгістрацыю. Сапраўды, набраць пяць тысяч партайгеносе, зарэгістраваць купу рэгіянальных і першасных арганізацый, знайсці офісы ў рэгіёнах (так запісана ў праекце новага закона) — той яшчэ галаўны боль. Прычым усё гэта трэба зрабіць за паўгода.
Адзіны варыянт захаваць рэгістрацыю для партыі — пратэкцыя ўлады, якая будзе заплюшчваць вочы на недахопы. А калі гуляць зноў будуць несумленна, то не выключаны самыя неверагодныя контуры будучага партыйнага краявіду Беларусі. Аж да таго, што ўсё застанецца як ёсць.