Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні скаргі на нерэгістрацыю БХД

Вярхоўны суд Беларусі 25 траўня адмовіў у задавальненні скаргі на нерэгістрацыю Міністэрствам юстыцыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

1527249741_161198_1_350.jpg


Пра гэта паведаміла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, піша bchd.info.
Суд падтрымаў усе довады Мінюста.
“На жаль, тыя нашы доказы, якія былі прадстаўленыя на ўчорашнім паседжанні, не былі прынятыя да ўвагі. Але мы будзем праводзіць новыя з’езды і падаваць дакументы, пакуль нас не зарэгіструюць”, — адзначыла Вольга Кавалькова.
Сёмы ўстаноўчы Партыі БХД адбыўся 23 снежня 2017 года, але ў красавіку 2018-га з міністэрства юстыцыі была атрыманая чарговая, сёмая, адмова ў рэгістрацыі. Сярод падставаў для адмовы ў рэгістрацыі — адсутнасць хатніх ці працоўных нумароў у некалькіх заснавальнікаў. Апроч таго, улады палічылі прычынай для адмовы памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў. “Але гэта ўсё тэхнічныя памылкі, якія маглі б быць выпраўленыя. Яны не павінны быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі палітычнай партыі. Ці шмат людзей сёння карыстаецца хатнім тэлефонам, калі ёсць мабільны? Дый на працах не паўсюль ёсць стацыянарныя тэлефоны. І тыя формы для рэгістрацыі палітычнай партыі, якія патрабуе Мінюст, ужо даўно састарэлі”, — адзначыла Вольга Кавалькова.
Таксама ў Мінюста ўзніклі пытанні адносна памяшкання, якое было прадастаўленае ў якасці юрыдычнага адрасу. “Усе патрэбныя дакументы адносна адрэсы і нават больш, чым патрабуе заканадаўства, былі прадастаўленыя ў міністэрства, таму ніякіх пытанняў не павінна было ўзнікнуць”, — заявіла сустаршыня БХД.
Таксама ў адказе адзначалася, што ў Міністэрства юстыцыі паступілі заявы ад асобных грамадзян, якія быццам бы свае подпісы пад заснаваннем не ставілі. Але пры гэтым ніякія прозвішчы ў сувязі з гэтым у адмове не ўзгадваліся.
Кіраўніцтва БХД лічыць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі палітычным.