У Заслаўі распачаўся «Астравецкі шлях»

Як паведамляе Радыё Свабода, 26 траўня ў Заслаўі пад Мінскам прайшла акцыя «Астравецкі шлях» супраць будаўніцтва Беларускай АЭС, у якой удзельнічалі каля 15 чалавек.

astravecki_hliah.jpg


Арганізатарамі выступілі Беларуская партыя «Зялёныя», БХД, Рух салідарнасці «Разам».
Як паведаміў намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітры Кучук, на акцыі сабралося 15 чалавек. Сярод іх палітыкі і актывісты дэмакратычных арганізацый з Мінску, жыхары Радашковічаў і Маладэчна.

Чаму на акцыі ў Заслаўі не было мясцовых жыхароў?

Прамоцыі «Астравецкага шляху» ў Заслаўі сярод мясцовых жыхароў не было, сказаў Кучук. Арганізатары не ведалі ці будзе дазвол на акцыю і вырашылі не заклікаць людзей на несанкцыяванае мерапрыемства, удзел у якім — адміністрацыйнае правапарушэнне. На наступных акцыях «Астравецкага шляху» арганізатары чакаюць убачыць больш мясцовых жыхароў.

Акцыю дазволілі?

Не. 10 траўня ў Заслаўскі гарвыканкам падалі заяўку на правядзенне вулічнай акцыі супрацьатамнай тэматыкі. 18 траўня арганізатары атрымалі адказ, што рашэнне аб дазволе мусіць прымаць Мінскі райвыканкам, які забараніў «фактычнае» правядзенне вулічнай акцыі.

Навошта тады ехалі ў Заслаўе?

Пасля забароны акцыі Мінскім райвыканкамам арганізатары адмовіліся ад правядзення вулічнай акцыі. Арганізатары правялі экскурсію па горадзе, круглы стол і збор подпісаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Чарнобыльскі Шлях-2018 у Мінску

Чарнобыльскі Шлях-2018 у Мінску


У чым сутнасць акцыі?

26 красавіка штогадовы Чарнобыльскі шлях памяці ахвяраў аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў пачаў кампанію супраць будаўніцтва Беларускай АЭС «Астравецкі шлях».

Чытайце таксама: Дзяржава паглыбляе наступствы Чарнобыля

Паводле слоў сустаршыні БХД Паўла Севярынца, штомесяц з красавіка па лістапад шлях з Мінску ў Астравец пракладуць супрацьатамныя акцыі:
    26 красавіка — Мінск;
    26 траўня — Заслаўе;
    26 чэрвеня — Радашкавічы;
    26 ліпеня — Маладэчна;
    26 жніўня — Вялейка;
    26 верасня — Смаргонь;
    26 кастрычніка — Ашмяны;
    26 лістапада — Астравец.