Куды пайсці дармаеду?
Мы шмат наракалі на нашу сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аднак мала хто бачыў яе знутры. Аказваецца, у нас ёсць такая магчымасць!
На сайце Мінгарвыканкама з’явілася інфармацыя аб правядзенні адкрытага конкурсу на пасаду намесніка кіраўніка Кастрычніцкага раёна, які курыруе ЖКГ. Сярод патрабаванняў да кандыдата — практычны вопыт і стаж кіруючай работы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі не менш за 5 гадоў, адказнасць, стрэсаўстойлівасць і ўменне працаваць у камандзе.
Партал TUT.BY высветліў, што адкрытыя вакансіі нават на высокія пасады ў гарадской вертыкалі — не выключэнне, а звычайная практыка. Калі інфармацыю пра вакансію не публікуюць на сайце выканкама, то яна ў любым выпадку перадаецца ў адкрыты доступ на біржу працы. Прэтэндаваць на працоўнае месца могуць і людзі без вопыту дзяржслужбы. У выпадку паспяховага праходжання сумоўя кандыдату давядзецца здаць экзамен.
Але ж умовы нагадваюць стары анекдот: «На пасаду прэзідэнта прэтэндаваць можа той, хто мае досвед працы прэзідэнтам не менш за пяць гадоў». Менавіта так можна расцаніць патрабаванне «стаж кіруючай работы ў сферы ЖКГ не менш за 5 гадоў».
Абвестка Мінгарвыканкама выклікала цікавасць у інтэрнэце: беларусы на форумах запытваюць, ці бяруць «дармаедаў» на гэтую пасаду. «Кадравы голад. Драздоў на ўсіх не хопіць, а сядзець на працы па 12 гадзін або на нарах за 800 рублёў ужо мала жадаючых», — адзначаюць яны. Што, у прынцыпе, адлюстроўвае стаўленне і да ўлады, і да дзяржслужбы.
Яшчэ адну «сенсацыю» з рынку працы выдала на тыдні міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Паводле яе меркавання, галоўная праблема на рынку працы — дысбаланс попыту і прапановы. «Наймальнік чакае кваліфікаваных, з вопытам работы кадраў. Тыя, хто сёння звяртаецца ў службу занятасці, — як правіла, людзі, якія доўга не працавалі, страцілі кваліфікацыю або пераацэньваюць свой патэнцыял. У гэтых умовах давядзецца працаваць, задавальняючы, з аднаго боку, наймальніка, а з іншага — здымаючы напружанасць на рынку працы і забяспечваючы максімальнае працаўладкаванне нашых грамадзян. Гэта галоўная задача дэкрэта № 1 «Аб садзейнічанні занятасці», — сказала Ірына Касцевіч.
Зноў, як у анекдоце: «Дзе здабыць досвед працы, калі на ўсе пасады ўжо патрабуюцца людзі з досведам працы?»
Безумоўна, зразумелая спроба спадарыні Касцевіч у чарговы раз апраўдаць тое, што яны наварацілі з дэкрэтам пра дармаедаў. Але атрымалася нягегла. Будзем шчырымі — дэкрэт №1 тут не пры чым, а міністарка працы і сацыяльнай абароны проста канстатавала: тыя курсы перакваліфікацыі ці падвышэння кваліфікацыі, якія прапануюць беспрацоўным службы занятасці, неэфектыўныя альбо не працуюць увогуле. Бо менавіта яны павінны дапамагаць тым, хто «доўга не працаваў ці страціў кваліфікацыю». І ў першую чаргу на гэта трэба звярнуць увагу, а не на тое, як выкруціцца. Словы «ў гэтых умовах давядзецца працаваць» выглядаюць менавіта як спроба выкруціцца, а не вырашаць праблему.
А некаторыя праблемы мы ствараем самі. Шмат было дзідаў зламана вакол беларускай АЭС. І гэтыя дзіды працягваюць ламацца. Літва неаднаразова казала пра тое, што набываць энергію са спрэчнага аб’екта не будзе. І ў выніку вырашыла ўвогуле разарваць старую савецкую энергасістэму. Міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас распарадзіўся пачаць рэалізацыю праекта па аптымізацыі сеткі перадачы электраэнергіі на паўночным усходзе краіны.
«У рамках праекта будуць праводзіцца работы па мадэрнізацыі сеткі, якія неабходныя для паспяховага адключэння савецкай сістэмы і падключэння да бяспечнай еўрапейскай сеткі. У той жа час гэта забяспечыць надзейную працу сеткі і лепшую якасць абслугоўвання для спажыўцоў паўночна-ўсходняга літоўскага электраэнергетычнага сектара і зэканоміць больш як паўмільёна еўра на год з-за зніжэння эксплуатацыйных расходаў на электраабсталяванне», — заявіў Вайчунас.
Сярод іншага, гэтая мадэрнізацыя прадугледжвае дэмантаж самай магутнай высакавольтнай лініі, якая злучае Ігналінскую АЭС з Беларуссю. Раней Вайчунас заявіў, што праект па дэмантажу ЛЭП, якія злучаюць Літву з Беларуссю, — сігнал Мінску аб нязменнасці стаўлення да БелАЭС. «Гэта абсалютна выразны сігнал Беларусі, што тыя планы, якія намі зацверджаныя, паслядоўна ажыццяўляюцца», — сказаў чыноўнік.
З улікам гэтай акалічнасці яшчэ больш абвастраецца пытанне, якое задаў Лукашэнка: як БелАЭС будзе ўбудаваная ў сістэму беларускай гаспадаркі? Асабліва з улікам таго, што электраэнергію з яе не будуць браць ані Літва, ані Польшча. А ва Украіне і Расіі сваіх атамных станцый (дарэчы, непадалёк ад Сінявокай) хапае.
Нябачнае выйсце ўсё ж ускосна прапанавана. Беларусь трапіла ў дзясятку найбольш дружалюбных краінаў для крыптавалют і блокчэйн-праектаў. Рэйтынг быў прадстаўлены на сайце канферэнцыі BlockShow Europe 2018. Беларусь апынулася на 10-м месцы. Першае месца ў Швейцарыі. Далей ідуць Гібралтар, Мальта, Вялікабрытанія, Данія, Германія, Партугалія, Нідэрланды, Фінляндыя і Беларусь.
Складальнікі рэйтынгу прааналізавалі рэгуляванне крыптавалют у 48 еўрапейскіх краінах. Наша краіна ўвайшла ў гэтую дзясятку, бо да 2023 года, згодна дэкрэту аб лічбавай эканоміцы, у нас вызначаны нулявы падатак на крыптавалюты.
А што? У час агульнага шалу з біткойнам з’явіліся паведамленні пра тое, што людзі выкуплялі (ці пачыналі будаваць) цэлыя электрастанцыі, каб тыя сілкавалі майнінг-фермы па здабычы крыптавалютаў. У нас жа праз год на гэта запрацуе цэлая АЭС. Электрычнасць з яе ўсё роўна няма куды падзець — галоўнае, каб мы пачалі ўжо зараз будаваць каля яе тую самую майнінг-ферму.
Праблема ў тым, што будучыня (дый «цяпершчына») крыптавалютаў — цьмяная. Калі ўжо сваю «крыпту» запускае ўдзельніца і вядучая «Дому-2» Вольга Бузава, то зрабіць гэта могуць і жук, і жаба. У выніку каштоўнасць той «крыпты» наблізіцца да нуля. І нам трэба злавіць момант, пакуль гэтага не адбылося.