Сеткі ўздоўж трас не ратуюць ад сутыкненняў з жывёламі

Сеткі, якімі агароджваюць лес уздоўж трасаў, каб абараніць людзей і дзікіх звяроў ад сутыкнення на дарогах, на практыцы нясуць пагрозу.

medved_belarus.jpg


Нядаўна ў інтэрнэце з’явілася відэа, дзе ўздоўж трасы бяжыць буры мядзведзь. Злева – шаша, а справа – лес, аднак ён за металічнай агароджай, і трапіць у свой звыклы асяродак звер не можа.
Многіх пацешыла згаданае відэа, знятае пад Вячай на аўтамабільны відэарэгістратар, бо мядзведзя ў дзікай прыродзе пабачыць складана: у Беларусі жыве ўсяго каля 100 асобінаў гэтага віду. Але насамрэч гэты эпізод паказвае, у якой небяспецы знаходзяцца і звяры, і аўтамабілісты. І тут зусім не да смеху.
Як абарончая сетка ператвараецца ў пастку?
Штогод у Беларусі адбываюцца дзясяткі аварый, дзе гінуць або калечацца як людзі, так і жывёлы. Прычым сутыкненні здараюцца і на ўчастках, “абароненых” сеткай. Рэч у тым, што ў гэтых агароджах праходы ёсць толькі ў месцах другарадных дарог, з аднаго боку трасы. Або там, дзе грыбнікі ці зборшчыкі ягад пашкодзілі сетку, каб трапіць лес. Праз такі праход на трасу выходзяць звяры, якія не могуць перайсці на другі бок у лес: там паўсюль агароджа. Звяры трапляюць у пастку, яны ў паніцы носяцца па дарозе і правакуюць аварыі.
Як зрабіць дарогі бяспечнымі для аўтамабілістаў і для звяроў? У многіх краінах для гэтага робяць экадукі – адмысловыя шырокія пераходы для звяроў над трасай, з глебай, дрэвамі і кустамі. Кошт такой канструкцыі высокі, але і эфектыўнасць таксама. Трубы-тунелі, якія могуць размяшчацца пад дарогай, звычайна не падыходзяць для капытных, таму гэты варыянт не гарантуе сапраўднай бяспекі на дарогах.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:
“Агароджы павінны скіроўваць жывёл да экадукаў, спецыяльных экалагічных мастоў, але ў Беларусі агароджу ставяць, а на экадукі грошай няма. Алень ці мядзведзь, вядомы міграцыйным інстынктам, ідзе ўздоўж металічнага плота, пакуль не знойдзе дзірку ці праход для другараднай дарогі на скрыжаванні, праз які трапляе на трасу і ўжо не можа з яе вылезці”.
АПБ звярнулася ў Мінпрыроды з лістом, у якім просіць паспрыяць таму, каб сеткі без магчымасці ўсталявання экадукаў не выкарыстоўваліся, а там, дзе ўжо ёсць агароджа, сетку пакінулі толькі на самых небяспечных участках. “У выпадку наяўнасці тэхналагічных разрываў у сетцы, аналагічны разрыў павінен быць і на супрацьлеглым баку агароджы”, — гаворыцца ў лісце.
Паводле прэс-рэлізу
Даведка НЧ: Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны.