Лябедзька: Задача дэмсіл — дамагацца дэлегітымізацыі вынікаў спецаперацыі «выбары прэзідэнта»
Кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька — пра тое, што дэмакратычныя сілы могуць супрацьпаставіць «спецаперацыі па ўтрыманні ўлады» беларускага рэжыму.
Паводле звестак BELPOL, беларускія ўлады прызначылі датай прэзідэнцкіх выбараў 23 лютага 2025 года — раней гаварылася, што ў адпаведнасці з заканадаўствам яны павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня.
Пацвердзіць інфармацыю ў цяперашніх варунках немагчыма, але арганізацыя сілавікоў спасылаецца на надзейныя крыніцы ўнутры Беларусі і паведамляе, што планы «выбарчай кампаніі» ўжо распрацаваныя і ўзгодненыя па ўсіх абласцях.
Чаму рэжым так спяшаецца, ці мае прынцыповае значэнне дата і ці ёсць у дэмакратычных сілаў стратэгія дзеянняў на чарговых «бязвыбарах», «Филин» абмеркаваў з кіраўніком цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатолем Лябедзькам.
— На думку палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Валера Карбалевіча, сцэнар лютаўскіх выбараў верагодны — больш за тое, калі дата сапраўдная, гэта пацвярджае намер Лукашэнкі балатаваццца і адсутнасць пераемніка. Як вы мяркуеце, ці можа «зліў» пра выбары 23 лютага быць праўдай, ці бачыце іншую дату?
— Я б зрабіў акцэнт на тым, што дата не ўплывае на спіс удзельнікаў гэтай спецаперацыі па ўтрыманні ўлады. І таксама не ўплывае на лічбы, якія будуць зафіксаваныя ў выніковым пратаколе. І першае, і другое ўжо ёсць — гэта канстатую, як факт.
Цяпер адносна таго, калі гэта можа адбыцца. Цалкам верагодна, што ў лютым. Па-першае, 23-е — псіхалагічна камфортная дата для палкоўнікаў і генералаў, якія сёння кіруюць у краіне. Па другое, у зімні час рэжыму ўсё ж больш зручна кантраляваць і кіраваць патокамі выбарцаў — людзі не расцярушваюцца па летніках, па замежжы. А адміністрацыйны рэсурс можна кропкава задзейнічаць, каб стварыць адчуванне, што ёсць вялікая цікавасць да гэтай спецаперацыі, і людзі валам ідуць на выбарчыя ўчасткі.
Таму я дапускаю гэтую дату. Мы бачым, што апошнія мерапрыемствы такога кшталту ўлады імкнуцца больш праводзіць у зімовы час, калі людзі больш прывязаныя да свайго месца жыхарства, да працы, і тады іх лягчэй кантраляваць.
Пагаджуся і з тымі аргументамі, што гучаць наконт стана здароўя <Лукашэнкі>: чым хутчэй, тым лепш.
Але падкрэслю, што дата — ці гэта будзе 23 лютага, ці 1 красавіка — не істотная. Істотна тое, што вызначаныя і ўдзельнікі, і лічбы, якія будуць у выніковым пратаколе.
— На канферэнцыі «Новая Беларусь» гучалі розныя стратэгіі адносна прэзідэнцкіх выбараў, але адзінства не было. Ці ёсць на сёння нейкае адзінае бачанне, план дзеянняў: што рабіць беларусам на «бязвыбарах», у тым ліку калі яны адбудуцца раней часу?
— Тут трэба пачынаць з мараторыя, чаму ёсць попыт на яго. Прыхільнікі пераменаў, яны падзеленыя. Ёсць частка людзей, якія зыходзяць з таго, што нельга ў прынцыпе ўдзельнічаць у гэтых спецаперацыях, таму што гэта не выбары. Усё роўна як у белых чаравіках ісці па дрыгве — запэцкаешся. Гэта іх прынцыповая пазіцыя, і наўрад ці большасць яе зменіць, калі ім прапанаваць нешта іншае.
Ёсць і другая група прыхільнікаў пераменаў, якая лічыць, што недастаткова проста канстатаваць, што ў Беларусі няма выбараў і сядзець на канапе — патрэбныя дзеянні, актыўнасць. І яны таксама маюць сталую пазіцыю, якую лічаць важнай і не збіраюцца змяняць.
Ёсць яшчэ прамежкавая група — людзі, якія б можа і хацелі не пайсці, але яны прывязаныя да месца працы ці да інтэрнатаў і г.д. То бок, імі лёгка маніпуляваць, і гаворка ідзе не толькі пра дзяржслужачых, але пра ўсё, што завязана на беларускую сістэму.
Гэта трэба прыняць як факт. Але разам з тым трэба сказаць, што ўсе тры групы выступаюць за свабодныя сумленныя выбары — гэта тыя людзі, хто 2020-м выходзіў з-за гэтага на вуліцы. Мне падаецца, што менавіта пытанне свабодных сумленных выбараў трэба актуалізаваць і паставіць на першае месца. І па гэтым кейсе і працаваць і з нашымі прыхільнікамі, і з тымі, хто сумняецца.
Неабходна дамовіцца, перадусім палітыкам, якія выступаюць спікерамі розных групаў: мы не вядзём канфрантацыю адзін з адным. Таму што калі патрацім частку гэтага часу на тое, каб гаварыць, што няправільную пазіцыю маюць тыя, а не іншыя — то згубім працу з астатнім грамадствам, з тымі, хто хістаецца, не зможам патлумачыць, што свабодныя сумленныя выбары — не толькі права выбіраць, але і эканоміка, дабрабыт, заробкі і ўсё астатняе.
Вельмі важна зараз дабіцца, каб быў мараторый на крытыку і, магчыма, прапанаваць нейкі варыянт меню.
Прынамсі я за тое, каб быў варыянт нейкага спакойнага выбару для людзей: не адну опцыю, што можна рабіць падчас гэтай спецаперацыі, а некалькі. На мой погляд, гэта самае рацыянальнае, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі.
— Каб не атрымаўся лебедзь, рак і шчука — часу, каб дамовіцца, насамрэч не так шмат?
— Яго не так шмат, але ж мы і дамовіліся падчас канферэнцыі «Новая Беларусь», была падпісаная «Платформа 2025», у якой абазначаныя асноўныя мэты. Магчыма, гэта недастаткова выразна прагучала на канферэнцыі, што свабодныя сумленныя выбары — гэта якраз тое, на што мы мусім настройваць кожнага грамадзяніна Беларусі, каб вярнуць гэтае пытанне ў павестку дня сярэднестатыстычнага беларуса.
І другая задача — дамагацца дэлегітымізацыі вынікаў спецаперацыі «выбары прэзідэнта», за межамі і ўнутры краіны. За межамі гэта зрабіць прасцей, і гэтым мы мусім цяпер займацца.
Трэба мець план працы па кожнай міжнароднай арганізацыі, па кожнай краіне. Не варта лічыць, што ўсё ўжо тут вырашана: я прагназую і бачу па асобных краінах, як Балгарыя, Славаччына, Вугоршчына, што там актывізуецца пралукашэнкаўскае лобі, каб знайсці элементы легітымізацыі на міжнароднай арэне.
А ўнутры краіны будзе бітва. Лукашэнка будзе рабіць усё магчымае, каб стварыць уражанне: маўляў, нешта такое было ў 2020 годзе, неадназначнае, але прайшло пяць год, старонка перагорнутая, людзі адумаліся і, як авечкі з апушчанай галавой, вярнуліся да свайго пастуха.
Вось гэта галоўнае, а не тое, пойдзе чалавек на выбарчы ўчастак ці не пойдзе. Для мяне відавочная формула: не хочаш, не хадзі, а калі з нейкіх прычын ты аказаўся на выбарчым участку — прагаласуй супраць усіх.
Але дыскусія распачалася, ведаю, што ўжо ідуць
кансультацыі, і трэба шукаць кампраміс, каб мець, што прапанаваць беларусам у
Беларусі. Каб перадусім гэта было бяспечна для людзей, і каб мы вызначылі
прыярытэтам, што трэба не пераконваць адзін аднаго ў нечым, а змагацца за
свабодныя, сумленныя выбары, і за дэлегітымізацыю вынікаў спецаперацыі ў
Беларусі.