Лукашэнка павіншаваў Пуціна і беларусаў з «Днём яднання з Расіяй». Як ідзе яднанне
Дамова аб стварэнні «Супольнасці Беларусі і Расіі» была падпісаная 2 красавіка 1996 году з ініцыятывы Лукашэнкі, яна «падагрэла» масавыя пратэсты, якія ўжо ішлі ў Беларусі пасля рэферэндуму 1995 года, нагадвае "Радыё Свабода".
Аляксандр Лукашэнка накіраваў 2 сакавіка віншаванне Уладзіміру Пуціну з «Днём яднання народаў Беларусі і Расіі», піша БЕЛТА. На сайце прэс-службы Лукашэнкі апублікаваны таксама зварот да расейцаў і беларусаў з гэтай нагоды.
«За гады супольнага будаўніцтва мы дасягнулі значных вынікаў, эфектыўна вырашыўшы ключавыя задачы двухбаковай супрацы. Сёння Саюзная дзяржава ёсць прыкладам паспяховай інтэграцыі для ўсёй еўразійскай прасторы», — кажа Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні, накіраваным, акрамя Уладзіміра Пуціна, таксама Дзмітрыю Мядзведзеву, Валянціне Матвіенцы, Генадзю Зюганаву, Патрыярху Маскоўскаму Кірылу ды іншым расійскім палітыкам.
Дамова аб стварэнні «Супольнасці Беларусі і Расіі» была падпісаная 2 красавіка 1996 году з ініцыятывы Лукашэнкі, яна «падагрэла» масавыя пратэсты, якія ўжо ішлі ў Беларусі пасля рэферэндуму 1995 году.
Інтэграцыйнае аб’яднанне потым двойчы мяняла назву, але структуры «Саюзнай дзяржавы» так і не атрымалі шырокіх паўнамоцтваў. Расія і Беларусь з цягам часу адмовіліся ад ідэяў кшталту аднаго кіраўніка дзвюх дзяржаваў і адзінай валюты.
Шэраг функцыяў у эканоміцы, якія прадугледжваліся для кіраўніцтва «Саюзнай дзяржавы», цяпер выконвае Еўразійскі эканамічны саюз, у якім Беларусь ужо мае меншае права голасу — там разам з Расіяй і Беларуссю ўдзельнічаюць Арменія, Казахстан і Кыргызстан. Некаторыя рашэнні ЕАЭС, абавязковыя да выканання Беларусьсю, маюць сумнеўную карысць для краіны, як фактычная забарона этыкетак з адной толькі беларускай мовай.
«Саюзніцкія стасункі нашых дзяржаваў спрыяюць пашырэнню ўзаемавыгадных эканамічных і гуманітарных сувязяў, устанаўленню роўных правоў і адзіных сацыяльных гарантый для грамадзянаў», — казаў Лукашэнка ў звароце да беларусаў і расейцаў.
У канцы мінулага тыдню ён жа казаў пра расейцаў: «Калі яны вырашылі нас нахіляць незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы». Такой была рэакцыя Лукашэнкі на чарговыя забароны на ўвоз тавараў з Беларусі ў Расію — «харчовыя войны» ўвайшлі ў актыўную фазу неўзабаве пасля «нафтагазавых войнаў». Між Беларуссю і Расеяй працягваюцца таксама візавыя і іншыя непаразуменні.
На расейскай цэнтральнай тэлевізіі могуць дазволіць сабе абразіць і Лукашэнку, і Беларусь — напрыклад, назваць Лукашэнку «гуляшчай жонкай». Лукашэнка на такое параўнанне не рэагаваў наўпрост, але намякаў, што яму не падабаюцца некаторыя формы працы расійскага ТВ (цытату пра гэта выразала большасць беларускіх дзяржаўных СМІ).
«На міжнароднай арэне мы выступаем кансалідавана, уносячы важкі ўклад у гарантаванне міру і бяспекі. Паслядоўна і вынікова ўмацоўваем абараназдольнасць нашых краінаў, аб’ядноўваючы намаганні перад абліччам сучасных выклікаў і пагрозаў», — казаў таксама Лукашэнка ў звароце да беларусаў і расейцаў.
Украіна не раз крытыкавала Беларусь за падтрымку Расіі ў «крымскім пытанні» на міжнароднай арэне. МЗС Беларусі раней тлумачыў, што «пазіцыя Беларусі ў дачыненні Украіны не памянялася ні на ёту», дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым.
Таксама суседзі насцярожана ставіліся да Беларусі падчас расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017»: турбаваліся, што Расія можа скарыстацца краінай як пляцдармам для агрэсіі супраць іншых дзяржаваў, увесці войскі і не вывесці. Але вайсковая супраца працягнулася — нядаўна беларускія салдаты вучыліся ў Расіі ваяваць з сепаратыстамі і «памяркоўнай апазіцыяй».