Маніторынг выбарчай кампаніі
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Хельсінскі камітэт» (БХК) разам з незарэгістраваным Праваабарончым цэнтрам «Вясна» абвясцілі пра пачатак кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У адпаведнасці з Указам прэзідэнта № 21 ад 2010 года, выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў прызначаны на 25 красавіка. (На здымку: Алесь Бяляцкi)
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Хельсінскі камітэт» (БХК) разам з незарэгістраваным Праваабарончым цэнтрам «Вясна» абвясцілі пра пачатак кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У адпаведнасці з Указам прэзідэнта № 21 ад 2010 года, выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў прызначаны на 25 красавіка.
(На здымку: Алесь Бяляцкi)
Як адзначаецца ў заяве кіраўнікоў праваабарончых арганізацый, «у сувязі з гэтай значнай падзеяй у жыцці нашай краіны мы, беларускія праваабаронцы, заяўляем, што заўжды выступалі і выступаем
за свабодныя і справядлівыя выбары, правядзенне якіх дазволіла б умацаваць давер грамадзян да органаў мясцовага самакіравання, паспрыяла б развіццю дэмакратыі ў краіне». Ацэнка этапаў
выбарчага працэсу будзе ажыццяўляцца, сыходзячы з іх адпаведнасці выбарчаму заканадаўству Беларусі і міжнародным стандартам, выканання прынцыпаў транспарэнтнасці, свабоды і справядлівасці выбарчага
працэсу. Асаблівая ўвага будзе надавацца рэалізацыі новых палажэнняў выбарчага заканадаўства, унесеных напярэдадні палітычнай кампаніі.
Па словах старшыні БХК Алега Гулака, маніторынг будзе доўгатэрміновым. «Гэта значыць, што мы ацэньваем у тым ліку і сітуацыю, на фоне якой адбываюцца выбары, паколькі зразумела, што
сапраўдныя свабодныя і справядлівыя выбары могуць праходзіць толькі ў той сітуацыі, калі для гэтага маецца дастаткова правоў і свабод, каб людзі маглі свабодна сфарміраваць сваё меркаванне, не баяцца
прыйсці ці не прыйсці на выбары, зрабіць усвядомлены выбар, і іх выбар быў бы ўлічаны дакладным і правільным чынам», — падкрэсліў праваабаронца.
Алег Гулак
Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч адзначыў, што не апраўдала сябе і не дзейнічае ў поўнай меры норма, у адпаведнасці з якой у складзе выбарчых камісій, у дадзеным выпадку пасля
першага этапу кампаніі — тэрытарыяльных, траціну павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый. «Калі параўноўваць склады камісій на ранейшых выбарах, і
тады траціну складалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, іншая справа, што гэта праўрадавыя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Такая ж тэндэнцыя захавалася і
зараз», — падкрэсліў праваабаронца.
Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла паведаміў, што Беларускі Хельсінскі камітэт разам са спецыялістамі ў галіне выбарчага заканадаўства падрыхтаваў і прапанаваў палітычным партыям, усім
удзельнікам выбарчага працэсу шэраг рэкамендацый, звязаных з абскарджваннем парушэнняў выбарчага права.
«Гэта тэма вельмі важная для таго, каб адсачыць, наколькі працэдуры выбарчага працэсу будуць адпавядаць тым заканадаўчым нормам, з якімі мы сёння маем справу. Досвед мінулых выбарчых
кампаній паказваў, што многія дзяржаўныя структуры і выбарчыя камісіі фармальна ставіліся да абскарджвання рашэнняў выбарчых адміністрацый, дзеянняў выбарчых камісій, іншых удзельнікаў выбарчага
працэсу ў сувязі з парушэннямі дзейнага выбарчага заканадаўства. У многіх выпадках суды не прымалі да разгляду скаргі ўдзельнікаў выбарчых працэдур. Сёння гэта больш-менш упарадкавана, у трынаццаці
выпадках у Выбарчым кодэксе маюцца прадпісанні аб магчымасцях судовага абскарджвання рашэнняў выбарчых адміністрацый», — адзначыў юрыст.
Па словах кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, перад Цэнтрвыбаркамам і іншымі выбарчымі камісіямі стаіць цяжкая задача правесці цяперашнія мясцовыя выбары «больш-менш
прыстойна».
«Я хацеў бы сказаць пра атмасферу страху, якая пануе сёння ў беларускім грамадстве, і асноўны лозунг, які «ўбівалі» выканаўчыя ўлады ў апошнія гады — «не
высоўвайся!», — на жаль, спрацоўвае. Аналізуючы сітуацыю 2009 года — адносна спакойнага, паколькі не было палітычных кампаній, буйных нацыянальных кампаній, тым не менш,
трэба адзначыць, што фактычна кожны тыдзень, кожны месяц мы рэгістравалі звальненні палітычных і грамадскіх актывістаў з працы, што, напрыклад, у малых гарадах і мястэчках стварала праблемы выжывання
чалавека і яго сям’і, і такіх выпадкаў за мінулы год у нас зафіксаваны дзесяткі. Гэта тычыцца і студэнтаў, якіх за актыўную грамадзянскую пазіцыю выключалі з ВНУ. І хачу прыгадаць апошні
абуральны выпадак, калі прадстаўнікоў розных палітычных партый, што працуюць настаўнікамі, выклікалі ў Мінскі аблвыканкам, дзе ад іх катэгарычна запатрабавалі выйсці з палітычных партый і структур.
Гэтай справай зараз займаецца пракуратура… Такія ініцыятывы чыноўнікаў дзесяткамі праяўляюцца ў рэгіёнах, а цэнтральныя ўлады на ўсё гэта глядзяць скрозь пальцы, калі не сказаць, што
пакрываюць і нават ухваляюць такую дэпалітызацыю беларускага грамадства», — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Праваабаронцы заявілі, што ў сваёй працы яны адкрытыя да супрацоўніцтва з усімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі, а таксама асобамі, зацікаўленымі ў правядзенні свабодных, справядлівых і
дэмакратычных выбараў.
«Мы будзем рады, калі цэнтральныя выбарчыя органы будуць успрымаць наша назіранне як магчымасць зрабіць гэтую сістэму лепшай. Зразумела, што без назірання, без грамадзянскага кантролю
паляпшаць сітуацыю складана. Наша задача — паказваць праблемы перш за ўсё выбарчым органам, а іх задача — гэтыя праблемы вырашаць. Калі мы тут знойдзем паразуменне, то спадзяюся,
што нашы наступныя выбары будуць яшчэ лепшымі», — падсумаваў старшыня БХК Алег Гулак.