Марголін: Масква зрабіла адназначны выбар — Лукашэнка павінен сысці
Адна з прычын узнікнення адкрытых канфліктаў на постсавецкай прасторы — народы гэтых краін убачылі, што Расія слабее. Такое меркаванне выказаў «Беларускаму партызану» сябра палітрады АГП Леў Марголін.
— Рэвалюцыйныя падзеі пачаліся ў Кыргызстане, не вырашаны палітычны крызіс у Беларусі, працягваецца ваенны канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй. Як вы лічыце, чаму цяпер столькі адкрытых канфліктаў на постсавецкай прасторы?
— Мне здаецца, што народы адчулі, што Расія і яе ўлады паступова слабеюць. Гэта пацвярджаюць і падзеі ў самой РФ: пратэсты ў Хабараўску і атручванне Навальнага.
Акрамя таго, у кожнай краіне, вядома, хапае сваіх суб'ектыўных момантаў.
Азербайджан заручыўся падтрымкай Турцыі, а тая, мабыць, была ўпэўненая, што Расія прыкметна ўпісвацца ў канфлікт не будзе. І сілы ў Масквы ўжо не тыя, ды і сімпатый да цяперашняга рэжыму ў Арменіі там не адчуваюць.
У Кыргызстане мы назіраем далёка не першую рэвалюцыю, таму рэжым там не закасцянеў, як у Беларусі і Расіі. Плюс мясцовае грамадства падзеленае на кланы.
— Як у сувязі з тым, што адбываецца можна ацаніць знешнюю палітыку Расіі, бо канфлікты разгараюцца ў яе краінах-саюзніках з ліку членаў ЕАЭС?
— Як ні дзіўна, асэнсаванай палітыкі з боку Расіі я не бачу — асабліва ў апошнія месяцы. Вазьміце скандал з атручваннем Навальнага: акрамя тупога адмаўлення з боку Масквы нічога не стаіць. Але гэта не пазіцыя моцнага гульца, калі табе плююць у вочы, а ты кажаш, што гэта божая раса.
Або вазьміце сітуацыю ў Нагорным Карабаху: Расія заўсёды лічыла, што гэта яе вотчына і яна для сваёй выгады можа дзесяцігоддзямі падтрымліваць там тлеючы канфлікт (як у Прыднястроўі ці ў Абхазіі з Асеціяй).
Але нешта пайшло не па сцэнары. Расіі паказалі, што яна ў гэтым рэгіёне ўжо не з'яўляецца манапалістам на рашэнні.
— Якой бачыце пазіцыю Масквы ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі?
— Думаю, у Крамлі прынята наступнае рашэнне: хутчэй за ўсё, Лукашэнку далі пэўны перыяд, падчас якога ён павінен прыняць важныя рашэнні па перадачы паўнамоцтваў.
Не выпадкова Палата прадстаўнікоў тэрмінова папрасіла ў народа ўносіць прапановы па змяненні Канстытуцыі. Значыць, у Крамлі паставілі Лукашэнку часовыя абмежаванні. Але ці атрымаецца ў рэальнасці зрушыць яго з месца — пытанне.
Пры гэтым Расіі будзе вельмі складана далей падтрымліваць Лукашэнку — гэта, перш за ўсё, вельмі дорага і затратна. Паўтара мільярда долараў, якія яму абяцаюць зараз, — гэта ўсяго толькі на выплату доўгу і пару месяцаў жыцця.
Лічу, Масква зрабіла адназначны выбар: Лукашэнка павінен сысці.
— Выказваецца меркаванне, што пратэст у Беларусі можа стаць антырасійскім, паколькі на дадзеным этапе Масква выказала падтрымку Лукашэнку.
— Не думаю, што пратэст здабудзе антырасійскіх характар. Вы бачыце, што нават члены Каардынацыйнай рады перыядычна робяць рэверансы перад Пуціным. Акрамя таго, у нашых народаў шмат цесных сувязяў, і беларусы вельмі выразна разумеюць: трэба адрозніваць палітыку Крамля і стаўленне расіян.
І трэба разумець, што Пуцін не будзе публічна распавядаць пра рашэнне па замене Лукашэнкі. Кепскі прыклад заразлівы: калі паказаць, што можна ціскам народа зрушыць рэжым, то такая думка можа паўстаць і ў расіян.