Ціск на рэжым Лукашэнкі мусіць заставацца высокім — генеральны сакратар партыі Меркель
Санкцыі ЕС супраць беларускіх чыноўнікаў — гэта толькі першы крок, заявіў генеральны сакратар партыі ХДС / ХСС канцлера Германіі Ангелы Меркель Паўль Земяк у інтэрв'ю выданню Die Welt, піша Радыё Свабода.
6 кастрычніка ў Берліне Меркель, а потым Земяк і іншыя лідары партыі сустрэліся з экс-кандыдаткай у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай. Яна атрымала ў падарунак фрагмент Берлінскай сцяны, які, паводле яе тэлеграм-каналу, яна расцаніла як «часцінку свабоды».
«У сённяшнім інтэрв'ю Welt я ясна даў зразумець, што мужчыны і жанчыны ў Беларусі кожны дзень мужна змагаюцца за правы і каштоўнасці, якія прымаюцца як належнае ў астатняй частцы Еўропы», — напісаў Земяк на сваёй старонцы ў Facebook. — Пасля больш чым двух дзесяцігоддзяў кіравання Лукашэнкі людзі заслугоўваюць таго, каб за імі з рашучым голасам стаяў Еўрасаюз і падтрымліваў іх у барацьбе за дэмакратычныя ўмовы. Санкцыі, ухваленыя на мінулым тыдні, — гэта толькі першы крок. Ціск на рэжым Лукашэнкі мусіць заставацца высокім. Фальсіфікатары выбараў не маюць права станавіцца іх пераможцамі».