Латвія і Эстонія таксама адклікаюць амбасадараў з Беларусі
Раней пра такі крок абвяшчалі Літва і Польшча.
Пасол Латвіі Эйнарс Семаніс і амбасадар Эстоніі Мэрыке Какаеў адкліканы з Беларусі ў свае сталіцы для кансультацый, у бліжэйшыя дні яны з'едуць з Мінска. Пра гэта TUT.BY паведамілі інфармаваныя крыніцы.
Нагадаем, дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і краінамі ЕС разгарэўся 2 кастрычніка з патрабаванняў МЗС Беларусі да амбасадаў Польшчы і Літвы ў нашай краіне скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі. МЗС таксама прапанаваў Варшаве і Вільні адклікаць для кансультацый сваіх паслоў, якія працуюць у Беларусі.
Літва і Польшча спачатку адмовіліся адклікаць паслоў, але пазней перадумалі, і 5 кастрычніка амбасадары Літвы і Польшчы выехалі ў свае сталіцы. Кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раў заявіў, што «ў каардынацыі з Еўрапейскай службай знешніх сувязяў і краінамі — членамі ЕС прынята сумеснае рашэнне адклікаць для кансультацый некаторых з паслоў, акрэдытаваных у Беларусі». Гэта значыць, гаворка ідзе не толькі аб послах Польшчы і Літвы, але і іншых краін ЕС. 6 кастрычніка Мінск пакінуў і пасол Германіі.
Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Мінску Дырк Шубель пакуль застаецца ў беларускай сталіцы.