Мары і рэальнасць. Лукашэнка раптам расхваліў ЕАЭС, хаця насамрэч гэта малаэфектыўная арганізацыя

25-26 снежня Лукашэнка здзейсніў традыцыйную перадсвяточную паездку ў госці да Пуціна. Шмат хто звярнуў увагу на тое, што гэтым разам ён паводзіў сябе даволі пасіўна: мала размаўляў (верагодна, праз праблемы з голасам), нейкія мерапрыемствы ўвогуле прапусціў. Але і за тое нямногае, што мінскі госць у Санкт-Пецярбургу з сябе выціснуў, можна зачапіцца.

Лукашэнка і Пуцін. Фота: ТАСС

Лукашэнка і Пуцін. Фота: ТАСС

У панядзелак адбылося пасяджэнне кіраўнікоў краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), і, безумоўна, менавіта яно было галоўнай падзеяй гэтых двух дзён.

Якраз пра ЕАЭС Лукашэнка і прамаўляў больш за ўсё. Узнёсла, натхнёна, нібыта гэта такая цудоўная арганізацыя, якая «нам будаваць і жыць дапамагае». І без якой няма будучыні ў шчаслівых яе ўдзельнікаў.

Ён крытыкаваў ШАС і БРІКС, куды, аднак, вельмі імкнецца ўступіць. Нешта казаў пра СНД, якое таксама чымсьці не дагадзіла. Але, вядома, на ўвазе меў найперш Еўрасаюз, дзеля пэўнай альтэрнатывы якому ЕАЭС (раней — ЕўрАзЭС), уласна, і стваралася.

З вялікім імпэтам Лукашэнка заявіў, што ўсё добра ў аб’яднанні, але важна «не страціць тэмп і не спыняцца ў супрацоўніцтве і развіцці інтэграцыі».

«Трэба рухацца ў гэтым кірунку, — маніфеставаў беларускі дыктатар. — Каб мы былі вядучай не толькі рэгіянальнай, але і сусветнай эканамічнай арганізацыяй!»

Што ж, давайце разбірацца ў «вялікіх» дасягненнях ЕАЭС, а параўнанні з якім ЕС — проста нейкае непаразуменне на абшарах «калектыўнага Захаду».

У Еўразійскі эканамічны саюз уваходзіць усяго пяць дзяржаў. Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан і Арменія. Ёсць яшчэ тры краіны са статусам назіральнікаў — Узбекістан, Куба, якая далёка, і Малдова, якая імкнецца ўступіць у Еўрасаюз. І ўсё — не хочуць туды ні Таджыкістан, ні Азербайджан, ні Туркменістан, не кажучы ўжо пра Кітай ці Індыю. Відаць, невялікі прыбытак ад сяброўства ў гэтым аб’яднанні.

Глядзіце таксама

Бюджэт ЕАЭС фарміруецца прапарцыйна, 85% яго складаюць расійскія грошы (беларускія каля 5%). Яго памер на 2024 год плануецца зацвердзіць неўзабаве, але не факт, што гэтая інфармацыя з’явіцца ў агульным доступе. Зрэшты, пра парадак лічбаў вядома ўжо зараз.

Напрыклад, на прамысловую кааперацыю — гэта адна з самых трэндавых на сёння тэм — вырашана выдзеліць 1,8 млрд расійскіх рублёў. Гэта каля 18 млн еўра, то-бок слёзы нават у параўнанні з сумамі, якімі Крэмль субсідзіруе беларускую эканоміку. Нічога не чуваць і пра тое, каб ЕАЭС накіроўваў буйныя грошы на падтрымку сваіх сяброў, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі.


Глядзіце таксама

Відавочна, што і стратэгічны сэнс існавання гэтага саюза дастаткова дробны. Прыбраць бар’еры для гандлю, зрабіць палёгкі на супольным рынку працы і ўсё ў такім вось малазначным духу. Уласна кажучы, няма нічога ў ЕАЭС, чаго б той жа Лукашэнка не меў у рамках Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Што, як бачым, не перашкаджае яму надзьмуваць шчокі і пафасна разважаць пра касмічны ўзровень арганізацыі.

Ужо з гэтага бачна, што ЕАЭС не вытрымлівае аніякіх параўнанняў з Еўрасаюзам. Гэта з’явы літаральна з паралельных сусветаў — быццам з макра- і мікравымярэнняў.

У ЕС уваходзяць 27 краін, і чарга жадаючых папоўніць яго склад цягнецца ажно да Басфора. Наўпрост зараз статус кандыдатаў маюць Албанія, Боснія і Герцагавіна, Грузія, Малдова, Паўночная Македонія, Сербія, Турцыя, Украіна і Чарнагорыя. Некаторыя краіны кшталту Нарвегіі, Швейцарыі ці Ісландыі ў Еўрасаюз уступаць не спяшаюцца, але пры гэтым моцна інтэграваны ў еўрапейскія працэсы. Апытанні паказваюць, што шмат брытанцаў шкадуе аб выхадзе з саюза. А Венгрыю, якая пры аўтакраце Орбане непрыхавана шкодзіць аб’яднанню, толькі паспрабуй выпхнуць за дзверы — упрэцца так, што не зрушыш.

ЕС не пашырае свой склад ужо даволі даўно — з 2013 года, калі ўваходны квіток атрымала Харватыя. Сакрэту няма, чаму Брусель трымае такую паўзу. Каб стаць паўнавартасным членам Еўрасаюза, патрэбна здаць вельмі шмат «уступных экзаменаў». Зразумела, што ваюючай Украіне, недэмакратычнай Турцыі ці Сербіі, якая сімпатызуе Крамлю, у бліжэйшы час поспех на гэтым кірунку не свеціць. Дый наогул абстаноўка ў рэгіёне зараз занадта турбулентная, каб планаваць стратэгічныя крокі. Тым не менш еўраінтэграцыя застаецца тым прывабным маяком, на свет якога рухаюцца многія краіны.

Чым прываблівае Еўрасаюз, даўно вядома. Найперш — ён надае велізарны імпульс для эканамічнага развіцця.

Возьмем для прыкладу Польшчу, якая ўступіла ў ЕС у 2004 годзе. За першыя 15 гадоў у саюзе краіна атрымала ад яго 110 млрд еўра чыстых паступленняў, павялічыла ВУП на 400 млрд, давяла экспарт да 200 млрд, траншы на развіццё і інвестыцыі склалі звыш 200 млрд. Рост польскай эканомікі называлі экспаненцыяльным, у выніку яна цяпер з’яўляецца шостай па велічыні ў ЕС, а яе ВУП за 2023 год прагназуецца на ўзроўні 21-га месца ў свеце.

Пры гэтым апошнія гады адносіны Варшавы і Бруселя перажывалі крызіс, у першую чаргу праз кансерватыўную пазіцыю кіруючай партыі «Права і справядлівасць». Але на кастрычніцкіх выбарах перамогу атрымала ліберальная апазіцыя, і ў выпадку паспяховай перазагрузкі адносін Польшча можа атрымаць каля 60 млрд еўра дапамогі, якая раней была заблакіравана.

Пры гэтым менавіта польская дзяржава аказвае значную падтрымку Украіне ў вайне супраць Расіі: яна прыняла найбольшую колькасць украінскіх уцекачоў, а таксама дала прытулак тысячам і тысячам беларускіх палітычных эмігрантаў. І пакуль лукашэнкаўская прапаганда плявузгае пра гаротнае жыццё палякаў, менавіта сюды едуць сотні тысяч беларусаў, каб працаўладкавацца і нарэшце атрымліваць годныя заробкі.

Вядома, уступленне ў ЕС — гэта не гарантыя, а толькі шанец на добрае жыццё. Польшча ім скарысталася выдатна. Пры гэтым ёсць і адваротныя прыклады — тут ужо як хто спрацуе. Тым не менш еўраінтэграцыя ў цэлым з’яўляецца самым кароткім шляхам да дабрабыту на кантыненце, і сёння гэта разумеюць больш-менш усе.

Вось і параўноўвайце — слёзы ў ЕАЭС і дзясяткі мільярдаў у ЕС. Быць на кароткім ланцугу ў Крамля ці часткай вялікай дэмакратычнай супольнасці. Як бы пыхліва Лукашэнка не хваліўся інтэграцыйнымі праектамі з Расіяй, Казахстанам і іншымі аўтакратыямі, ён цудоўна разумее, што сапраўдныя эканамічныя поспехі — на Захадзе, а не Усходзе.

Але на Захад яму нельга, там яго проста не прызнаюць легітымным палітыкам. Таму нічога не застаецца, як лісліва расшарквацца перад Крамлём у спадзеве атрымаць чарговую грашовую падачку.