Інфляцыя ў ЕАЭС. Ці апраўдвае сябе ручное рэгуляванне цэн у Беларусі?

Інфляцыя ў Беларусі ў студзені гэтага года не выглядае зусім жахлівай — асабліва на фоне іншых краін еўразійскага інтэграцыйнага аб'яднання. Мы знаходзімся на трэцім месцы знізу з 12%.


Менш інфляцыя толькі ў Расіі (11,8%) і Арменіі (8,1%). У лідарах цяпер знаходзіцца Казахстан, дзе рост коштаў у пачатку гэтага года склаў 20,7% да студзеня 2022 года, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Казахстан лідзіруе і па росце цэн на прадукты. Тут у студзені яны аказаліся на чвэрць вышэй, чым годам раней. Для параўнання, у Беларусі кошты на прадукты выраслі на 13,6%. Гэта вышэй, чым у Расіі (10,2%), але адчувальна ніжэй, чым у Кыргызстане (17,6%). Менш за ўсё сярод разгляданых краін кошты прадуктаў за год выраслі ў Арменіі (9,4%).

Нехарчовыя тавары ў студзені 2023 года падаражэлі ў Беларусі на 12,8% да студзеня мінулага года. Гэта ў два разы вышэй прыросту цэн у Арменіі (6,2%), блізка да аналагічнай інфляцыі ў Расіі (12,2%) і істотна ніжэй за Казахстан (20,2%).


Цэны паслуг у Арменіі, Беларусі і Кыргызстане павялічыліся ў студзені на 7-9%, а ў Казахстане і Расіі — на 13-14%.

Як бачым, нават моцна звязаныя эканомікі, як краіны ЕАЭС, адчувальна адрозніваюцца ў тэмпах росту коштаў.

Ці апраўдвае сябе ручное рэгуляванне коштаў у Беларусі? Зусім не. Іншыя краіны дамагаюцца падобных вынікаў, а то і лепшых паказчыкаў інфляцыі, без яго. І без усялякіх загадаў пра тое, што рост цэн «жэстачайшэ забараняецца».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: