У Беларусі агуркі 16 рублёў. А вінаваты Захад!

Знакамітая Пастанова №713 дзейнічае ўжо на працягу чатырох месяцаў. І якія вынікі? Агуркі сталі па 16 рублёў за кілаграм. Кіраўнік МАРГ заявіў, што ў гэтым вінаваты ЕС!

Аляксей Багданаў. Скрыншот з відэа БТ

Аляксей Багданаў. Скрыншот з відэа БТ

Цяпер замест таго, каб кагосьці арыштаваць за “неабгрунтаванае павышэнне цэнаў” на агуркі да 16 рублёў за кілаграм, Аляксей Багданаў, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, патлумачыў грамадзянам, што трэба толькі крыху пачакаць да канца лютага — і ўсё будзе.

Ён заявіў, што пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 «Аб сістэме рэгулявання цэн» дзейнічае ўжо на працягу чатырох месяцаў. І эфект, нібыта, ад яе ёсць — “інфляцыю па выніках 2022-га ўдалося запаволіць да 12,8%”.

Задача на 2023 год, паводле міністра — “рост коштаў не больш чым на 7-8%”.

Пры гэтым, сістэма рэгулявання працягне ўдасканальвацца, каб не дапусціць на рынку злоўжыванняў. Дзяржорганы рыхтуюць новыя прапановы”, — пра гэта кіраўнік МАРГ распавёў у праграме “Пытанне нумар адзін” на беларускім тэлебачанні.

А наконт агуркоў па 16 рублёў — дык міністр хутка вызначыў вінаватых. І гэта, традыцыйна — падступны Захад:

«ЕС знізіў аб'ём вытворчасці цяплічных гаспадарак. Газ дарагі стаў, а гэта ж трэба ацяпляць цяпліцы, дасвечваць. Гэта ўсё для іх дорага стала, яны знізілі вытворчасць”, — растлумачыў Аляксей Багданаў.

З Турцыі складана завесці, таму што лагістыка ўскладнілася. І сёння адзіны рынак, дзе можна набыць агуркі, гэта Расійская Федэрацыя.

У Расіі рэгуляванне цэн няма. І, вядома, пры ўсплёску кан’юнктуры, яны паднялі шмат у чым цэны».

Але міністр заклікаў беларусаў не перажываць — трэба дажыць да сакавіка, а там “мы ўжо будзем цалкам забяспечаныя нашымі агуркамі”.

Аляксей Багданаў таксама заявіў, што “цэны знізіліся і працягваюць знаходзіцца на кантролі”. Толькі вось абяцаны ім рост цэн у 7-8 працэнтаў за год, які разглядаецца як самы спрыяльны сцэнар, наўрад ці дапаможа беларусам расслабіцца і чакаць, пакуль нарастуць айчынныя гуркі. Да таго ж не варта здзіўляцца, што і гэтыя агуркі таксама могуць аказацца не настолькі таннымі, як хацелася б пакупнікам.