Машына для аднадушнага галасавання
Меў рацыю правадыр сусветнага пралетарыяту Уладзімір Ленін: «Саветы і дыктатура сумяшчальныя».
Класіка на тое і класіка, каб на стагоддзі. Міжволі згадваецца Салтыкоў-Шчадрын з яго знакамітым: «Я сядзеў дома і, як звычайна, не ведаў, што з сабой рабіць. Чагосьці хацелася: ці то Канстытуцыі, ці то сяўружыны з хрэнам, ці то ўзяць бы ды абадраць каго-небудзь. Займець бы добры куш — ды ўбок».
Хрэн я, зрэшты, не люблю. З сяўружынай у мяне не склалася з прычыны адсутнасці ўяўленняў пра яе смакавыя якасці. З добрым кушам не ўсё так адназначна, аднак не будзем пра сумнае.
Што ж застаецца? Канстытуцыя.
Сярод навінаў «БЕЛТА» чытаю: «Асноўны пасыл Канстытуцыі ў тым, што яна для народа. Пра гэта заявіла ў эфіры тэлеканала СТБ член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская».
Ну, нарэшце! У дзяржаве для народа я жыву амаль тры дзясяткі гадоў. Колькі мне яшчэ там адмерана — адзін Бог ведае. Аднак тое, што рэшту сваіх дзён я змарную з Канстытуцыяй для народа, не можа не радаваць.
«З абноўленай Канстытуцыі пачнецца новая старонка ў гісторыі Беларусі», — яшчэ адно аўтарытэтнае меркаванне яшчэ аднаго аўтарытэтнага палітыка, гэтым разам — старшыні камісіі Парламенцкага сходу Саюза Расіі і Беларусі па інфармацыйнай палітыцы Генадзя Давыдзькі. Доўгіх вам гадоў жыцця, спадар старшыня. Працягвайце нас радаваць заявамі такога маштабу.
З апорай на ўласны вопыт дзяржаўнасці
Беларуская мадэль аб’ектыўна існуе. Будавалі яе ад жыцця, імкнучыся, наколькі гэта было магчыма, ісці сваім шляхам. Але жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства нельга, як нельга караблю баразніць марскія прасторы і не абрастаць пры гэтым ракавінкамі. Вось і даводзіцца перыядычна ставіць карабель у док і выдаляць з бартоў усё, што прысмакталася падчас плавання.
Дам слова палітычнаму эксперту — старшыні Беларускага таварыства «Веды» Вадзіму Гігіну: «Пасля ўсенароднага абмеркавання Канстытуцыю вынесуць на рэферэндум — і гэта цалкам дэмакратычны працэс. Прынцыпова, што мы перастаём капіраваць нейкія заходнія ўзоры, часцяком фантомныя. Мы сцвярджаем, што абапіраемся на ўласны вопыт дзяржаўнасці, сваю мадэль народаўладдзя ў выглядзе Усебеларускага народнага сходу, які надзяляецца вельмі шырокімі паўнамоцтвамі».
Пра якія заходнія ўзоры, што, да таго ж, часцяком аказваюцца фантомнымі, ідзе гаворка? Адкрываю Асноўны закон, які пакуль яшчэ не страціў сілу. Чытаю, перачытваю — і амаль у кожным артыкуле натыкаюся на ўзоры. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова працытаваць два артыкулы: «Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава», «Артыкул 2. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы».
А выбары, а парламент, а прынцып падзелу ўладаў? Колькі яшчэ падобных заходніх узораў прысмакталася да борту беларускай мадэлі за 27 гадоў яе плавання…
На жаль, і ў абноўленую рэдакцыю Канстытуцыі ўсё вышэй пералічанае перацякло ў нязменным выглядзе. Сапраўды, жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства нельга. Аднак калі вельмі хочацца, то можна. Надзелены шырокімі паўнамоцтвамі Усебеларускі народны сход (УНС) — гэта наш адказ на выклік дынамічнай сучаснасці. Прыгледзімся да яго больш уважліва.
Вынік адраджэння прамой дэмакратыі добра вядомыя
Тройчы мае рацыю той, хто ставіць знак роўнасці паміж УНС і веча. Быў такі орган самакіравання ў старажытных славян, і не толькі ў славян. Быў ды сплыў, прычым паўсюдна яшчэ ў раннім Сярэднявеччы. Але, як бухгалтар Берлага, герой «Залатога цяляці», веча не вытрымала вочнай стаўкі з... жыццём, якое бесперапынна ўскладняецца.
Інстытуты прамога народаўладдзя лёгка выявіць у старажытных Афінах або ў Запарожскай Сечы. Усе яны маглі дзейнічаць толькі ў лакальных прасторах і пры невялікай колькасці насельніцтва. Таму і абмяжоўваўся памер старажытнагрэчаскага поліса адлегласцю, на якую распаўсюджваўся крык вяшчальніка.
У кнізе «Гісторыя Расіі: канец або новае пачатак?» трох аўтараў (А. Ахіезер, І. Клямкін, І. Якавенка) чытаем: «Рурыкавічы заспелі на землях, на якія былі запрошаныя княжыць або, як здаралася часцей, якія падпарадкоўвалі сілай, родаплемянную арганізацыю жыцця. Гэта былі супольнасці, што ўзначальваліся племяннымі князямі, але найбольш важныя пытанні вырашаліся імі не аднаасобна, а сумесна з народнымі вечавымі сходамі. Князь надзяляўся вялікімі, амаль неабмежаванымі паўнамоцтвамі, аднак пры пэўных абставінах (напрыклад, пры няўмелым кіраванні ваеннымі дзеяннямі) мог быць зрынуты вечам».
Падвядзём кароткі вынік. Веча — форма арганізацыі жыцця на дадзяржаўных стадыях развіцця грамадства. Ва ўсходніх славян яна захавалася ў вясковым укладзе, дзе функцыі кіравання размяркоўваліся паміж памешчыкам і супольным сялянскім сходам.
Бальшавікі ўваскрэсілі вечавы прынцып у саветах. Зноў звярнуся па дапамогу да трох аўтараў: «Саветы, як і веча, адмаўлялі прамежкавыя звёны — у выглядзе бюракратычна-паліцэйскага апарата і прывілеяваных саслоўяў — паміж насельніцтвам і ўладай, якія адпрэчваліся дадзяржаўнай народнай свядомасцю. < ... > Але ў гэтым абноўленым вечавым інстытуце не было месца не толькі для бюракратыі і паліцыі. У ім не было месца ні для закона, які абмяжоўвае ўладу, ні для ўніверсальнага прынцыпу права, ні для ідэі падзелу ўладаў на незалежныя адна ад адной галіны».
Беглы аналіз прапанаванага да абмеркавання тэксту Канстытуцыі пацвярджае ўсё, што было сказана вышэй. Новая старонка гісторыі Беларусі верне нас у савецкае і дасавецкае мінулае. ВНС — гэта да болю знаёмая людзям майго пакалення ідэальная машына для аднадушнага галасавання, машына для легітымацыі нічым не абмежаванай улады першай асобы дзяржавы і створанага пад яе кіраўніцтвам паліцэйска-бюракратычнага апарата.
Бальшавікі здолелі адрадзіць традыцыі веча ў форме, блізкай да сялянскага разумення свету дзякуючы масаваму прытоку сялян у гарады. Вынік адраджэння прамой дэмакратыі добра вядомы. Яна адыграла далёка не апошнюю ролю ў тым, што пазней назвалі «сталінізмам».
З новым годам, дарагія чытачы! З новай старонкай гісторыі Беларусі!