Міхаіл Пастухоў: Ці патрэбна прэзідэнцкая ўлада ў Беларусі?

10 ліпеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка стаў дэ-факта першым прэзідэнтам Беларусі. 20 ліпеня таго ж года ён прынёс прысягу і стаў кіраўніком дзяржавы дэ-юрэ. Доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі, суддзя Канстытуцыйнага суда першага складу Міхаіл Пастухоў прыводзіць дзесяць аргументаў за скасаванне пасады прэзідэнта.

Кадр з сюжэту тэлекампаніі ВИД

Кадр з сюжэту тэлекампаніі ВИД

Што паказаў час?


З той пары прайшло 25 гадоў, час жыцця цэлага пакалення. Чатыры разы Лукашэнка пераабіраўся на прэзідэнцкіх выбарах (2001, 2006, 2010, 2015), хоць па Канстытуцыі меў права быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны.
Чарговыя выбары ў 1999 г. ім былі прапушчаныя. Замест іх у лістападзе 1996 г. быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум, па выніках якога была ўведзена новая рэдакцыя Канстытуцыі. У ёй у заключных палажэннях з'явіўся «хітры» артыкул (144), у адпаведнасці з якім прэзідэнт захоўваў свае паўнамоцтвы, і яны чамусьці вылічаліся «... з дня ўступлення ў сілу сапраўднай Канстытуцыі».
Тут, праўда, узнікае пытанне: якая Канстытуцыя ў Беларусі сапраўдная — Канстытуцыя 1994 г. ці папраўкі ў яе, прынятыя па выніках рэферэндуму? Калі гэтай Канстытуцыяй лічыць папраўкі ў Канстытуцыю, то падаўжэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта без выбараў трэба прызнаць захопам улады.
Рашэнне аб адмене абмежаванняў на заняцце пасады прэзідэнта, прынятае па выніках рэферэндуму 2004 г., нельга лічыць законным.
Па-першае, на рэферэндум могуць выносіцца толькі «найважнейшыя пытанні» дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Між тым, пастаўленае пытанне адлюстроўвала праблему аднаго грамадзяніна, які ўжо двойчы абіраўся прэзідэнтам.
Па-другое, на рэферэндум выносілася пытанне, непасрэдна звязанае з удзелам дзеючага кіраўніка дзяржавы ў прэзідэнцкіх выбарах. Гэта ўступала ў супярэчнасць з ч. 2 арт. 112 Выбарчага кодэкса.
Па-трэцяе, фармулёўка пытання ўтрымоўвала два розных па сэнсе пытання, што супярэчыла ч. 5 арт. 114 Выбарчага кодэкса.

Па-чацвёртае, прадастаўленне «першаму прэзідэнту» права яшчэ раз удзельнічаць у выбарах азначае атрыманне ім неабгрунтаваных пераваг перад іншымі грамадзянамі (арт. 22 Канстытуцыі).
Ад рэферэндуму да рэферэндуму колькасць паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы павялічылася. Так, ён аднаасобна стаў прызначаць рэспубліканскія рэферэндумы і вызначаць іх пытанні; прызначаць выбары ў Палату прадстаўнікоў; прызначаць практычна ўсіх чыноўнікаў, а роўна вызваляць іх ад пасады; фармаваць урад і адпраўляць яго ў адстаўку.
Кіраўнік дзяржавы атрымаў права выдаваць дэкрэты як акты надзвычайнага характару, якія маюць сілу закона. Пры ім сталі стварацца розныя органы, службы, цэнтры. Кіраванне справамі разраслося да самастойнага і нікому не падкантрольнага ведамства са сваім бюджэтам і банкам.
Па сутнасці справы, пры прэзідэнце была створана яшчэ адна дзяржава («блізкае кола»), якая стала кіраваць усімі дзяржорганамі, установамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі.
Узнікае слушнае пытанне: ці трэба нам два дзяржаўныя апараты: адзін — закрыты ад грамадства, іншы — адкрыты, залежны ад першага? Ці патрэбна нам наогул пасада прэзідэнта?
Я асабіста — прыхільнік парламенцкай (парламентарнай) рэспублікі, дзе можна абыходзіцца без пасады прэзідэнта. Яго функцыі можна ўскласці на старшыню парламента і калегіяльны прэзідыум. Ніякай адміністрацыі, кіравання справамі, службы аховы, аркестра, бібліятэкі, паліклінікі і іншых структур, якія абслугоўваюць інтарэсы аднаго чалавека. І нуль выдаткаў.

Дзесяць аргументаў за скасаванне пасады прэзідэнта

Аргумент 1: пасада прэзідэнта была ўключана ў Канстытуцыю 1994 г. на завяршальным этапе яе падрыхтоўкі. Яна адразу ўступіла ў супярэчнасць з прынцыпам падзелу ўладаў (арт. 6), стварыла перадумовы для залежнасці суддзяў ад прэзідэнта, які атрымаў права іх прызначаць (п. 10 арт. 100), пазбавіла ўрад як цэнтральны орган кіравання самастойнасці (арт. 107).
Аргумент 2: для менталітэту беларусаў аўтарытарны стыль кіравання не быў характэрным на ўсім працягу гісторыі. Пасля здабыцця дзяржаўнага суверэнітэту ў 1990-1991 гг. уладу надавалі прадстаўнічым органам — Вярхоўнаму Савету (арт. 2 Дэкларацыі). Ні аб якім прэзідэнце размова не ішла.
Аргумент 3: прэзідэнцкая ўлада тоіць у сабе небяспеку ўзурпацыі. Яна разбэшчвае дзяржапарат, стварае неабгрунтаваныя прывілеі і льготы для абраных, развівае кланавасць і беспакаранасць людзей з вузкага кола. Яна мае тэндэнцыю да пралангацыі і ўкаранення.
Аргумент 4: увядзенне пасады прэзідэнта з шырокімі паўнамоцтвамі дало магчымасць першаму прэзідэнту ўмацаваць сваю ўладу, у тым ліку шляхам стварэння пры сабе шэрагу структур, «асабістай гвардыі» і бюджэту. У далейшым гэтая ўлада вырадзілася ў самадзяржаўе з неабмежаваным тэрмінам праўлення.
Аргумент 5: з прававога пункту гледжання пасада прэзідэнта страціла сваё значэнне пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 г. Тады, насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда аб рэкамендацыйным характары галасавання па папраўках у Канстытуцыю, была ўведзена новая рэдакцыя Канстытуцыі з пасадай прэзідэнта — кіраўніка дзяржавы. Прычым гэтая пасада была замешчана Лукашэнкам без усялякіх выбараў.
Аргумент 6: як паказала практыка, пасада прэзідэнта дорага каштуе беларускаму народу. Пра заробак і багацці беларускага прэзідэнта нічога не паведамляецца, але новыя набыцці транспартных сродкаў кажуць аб няўлічаных крыніцах даходаў. Кіраванне справамі прэзідэнта, як і іншыя прэзідэнцкія структуры, даўно выйшлі з-пад кантролю грамадства і хаваюць свае прыбыткі.
Аргумент 7: прэзідэнцкае кіраванне прывяло да ўсталявання татальнага кантролю за грамадствам і кожным грамадзянінам. Ніхто не можа аспрэчыць рашэнні і дзеянні прэзідэнцкай улады. Грамадзяне ператварыліся ў падданых, што, па сутнасці, адмяняе дзеянне ўсіх канстытуцыйных правоў і свабодаў.
Аргумент 8: адзінаўладдзе пазбаўляе грамадства і грамадзян перспектыў развіцця. Дырэктыўная эканоміка выракае на застой. Знешнія даўгі катастрафічна нарастаюць. Краіна становіцца закладнікам палітыкі аднаго чалавека, а ён сам усё больш аказваецца ў залежнасці ад суседняй дзяржавы.
Аргумент 9: выбары прэзідэнта — гэта грамадскае хваляванне і дарагая працэдура. Амбіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты мабілізуюць шырокія слаі грамадства, сеюць разлад, напружанасць у адносінах. Як паказала беларуская гісторыя, кандыдаты, якія прайгралі, і іх прыхільнікі нярэдка праследуюцца.
Аргумент 10: змена прэзідэнта ва ўмовах неразвітай дэмакратыі спараджае праблему транзіту ўлады, то-бок перадачы яе ў надзейныя рукі. Супрацьстаяць гэтай з'яве досыць складана. У выніку тэмпы развіцця зніжаюцца.

Як жыць без прэзідэнта?


Можна жыць так, як жылі да яго, у часы «мяккага праўлення» Станіслава Шушкевіча і Мечыслава Грыба. Яны, як кіраўнікі парламента — Вярхоўнага Савета — выконвалі функцыі кіраўніка дзяржавы на грамадскіх пачатках.
На мой погляд, гэта аптымальная форма праўлення для Беларусі як невялікай дзяржавы. Гэта значыць, скасаваць пасаду прэзідэнта і ўвесь яго абслуговы апарат. Ускласці функцыі кіраўніка дзяржавы на старшыню парламента.
Як гэта зрабіць? Лёгка і проста. У тры этапы.
Першы этап: вярнуцца да Канстытуцыі 1994 г., якая была і засталася адзінай легітымнай Канстытуцыяй краіны. Рашэнне аб гэтым можа прыняць усебеларускі народны форум як прадстаўнік народа (арт. 3 Канстытуцыі).
Другі этап: прызначыць выбары ў законны парламент, якім па Канстытуцыі з'яўляецца Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Рашэнне аб гэтым можа прыняць той жа ўсебеларускі форум, як і сфармаваць новы склад Цэнтрвыбаркама.
Трэці этап: правесці свабодныя і справядлівыя парламенцкія выбары па змешанай выбарчай сістэме (130 + 130). Новы парламент зацвердзіць папраўкі ў Канстытуцыю і ўзновіць легітымныя органы ўлады. Можна без прэзідэнта.
naviny.by