З сустрэчы ў Мінску усё толькі пачынаецца
На гэтым тыдні ў свеце быў пабіты абсалютны рэкорд па колькасці публікацый са словамі “Мінск” і “Беларусь”. Прэса і экспертная супольнасць актыўна каментуюць вынікі мінскага саміту.
Пра Беларусь (прычым на вокладках і галоўных старонках інтэрнэт-сайтаў) згадвала практычна кожнае вядучае выданне ў свеце.
А вось што тычыцца тону матэрыялаў пра вынікі мінскага саміту, то, на жаль, большасць з іх маюць песімістычны прысмак: перамовы, як прызнаюць шматлікія аналітыкі, не далі канструктыву, і перш за ўсё ў пытанні міру на Данбасе.
Праўда, практычна ўсе напярэдадні прызнавалі, што такі варыянт падзей быў бы фантастычным. У Мінску ўкраінцы ні пры якіх умовах не перайшлі б чырвоную лінію — не адмовіліся б ад Крыма і не пагадзіліся б прызнаць самаабвешчаныя рэспублікі Данбасу суб’ектамі перамоўнага працэсу. Менавіта гэта і трэба Маскве.
Таму расійская тактыка ў Мінску, як піша нямецкі “Die Welt”, заключалася ў тым, каб увогуле асабліва тэму Данбасу і Крыму не чапаць. У расійскай аналітычнай супольнасці папулярна думка пра тое, што зрух у перамоўным працэсе паміж Расіяй і Украінай наконт Крыму і Данбасу магчымы пасля таго, як зменіцца пазіцыя ўкраінскіх эліт і пазіцыя насельніцтва. А для такіх пераменаў пакуль час яшчэ не прыйшоў.
Магчыма, таму наконт тэмы вайны на ўсходзе Украіны Пуцін на агульнай сустрэчы абмежаваўся толькі заявай аб тым, што сітуацыю "нельга вырашыць шляхам далейшай эскалацыі сілавога сцэнару без уліку надзённых інтарэсаў паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў краіны і без мірнага дыялогу з іх прадстаўнікамі". Значна больш ён казаў пра неабходнасць захаваць рынак Мытнага саюзу ад тавараў з ЕС, які пойдуць сюды пасля далучэння Украіны да Асацыяцыі. Парашэнка ж, наадварот, больш гаварыў пра важнасць палітычнага ўрэгулявання ваеннага крызісу, чым пра эканоміку.
Так ці інакш, ключавым вынікам саміту стала рашэнне аднавіць дыялог па газавым пытанні. Перамовы па энергетычных пытаннях з удзелам міністраў паліва і энергетыкі Украіны, Расіі і Еўрапейскага саюза адбудуцца 6 верасня. Таксама бакі дамовіліся да 12 верасня сфармуляваць пытанні, якія ў Расіі і краін Мытнага саюза ўзнікаюць з нагоды асацыяцыі Украіны і ЕС. Парашэнка таксама нешта сказаў пра дарожную карту да міру на Данбасе, аднак публіцы нават тэзісна пра яе змест не распавёў.
Нягледзячы на такі сціплы і ўзаемна прымальны афіцыйны вынік сустрэчы, ура-патрыёты абедзвюх краінаў пабачылі ў яе выніках поўны і адназначны канфуз сваіх супернікаў.
Так, “Украінская праўда” піша: "Парашэнка выкарыстаў перамовы ў Мінску для непасрэдных кантактаў і ўплыву на прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана, таксама незадаволеных эканамічнай экспансіяй Масквы. Пад носам у Пуціна Парашэнка правёў дэманстрацыю новых магчымасцяў Украіны, якую падтрымлівае эканамічна магутны Еўрасаюз. Рэакцыя Назарбаева была красамоўнай — казах заявіў, што не бачыць пагрозы для сваёй краіны ў супрацоўніцтве Брусэля і Кіева. Пасля правядзення перамоў у Мінску знікаюць неафіцыйныя прычыны затрымкі ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Камісары ЕС прынялі ўдзел у перамовах з краінамі Мытнага саюза, і гэта нейтралізуе аргументы прарасійскага лобі ў Еўропе пра нібыта шкоду асацыяцыі з Украінай для еўрапейскага бізнэсу ў Расіі. Ну і план Пуцін—Меркель, як гэта часта бывае, апынуўся фікцыяй".
У Кіеве лічаць перамогай ужо само з’яўленне Парашэнкі ў мінскім Палацы незалежнасці. "Напярэдадні саміту ў Мінску Уладзімір Пуцін рабіў усё для таго, каб сарваць прыезд туды ўкраінскага прэзідэнта", — пра гэта сёння ў эфіры "5 канала" сказаў надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны Раман Бяссмертны. "Расія выскоквала з штаноў, спрабуючы сарваць візіт прэзідэнта Парашэнкі ў Мінск", — сказаў дыпламат. У прыватнасці, паводле яго слоў, такую мэту мела спроба атакі Марыупаля. "Само з'яўленне Парашэнкі прывяло Пуціна ў шок. Гэта было відаць, ён толкам не можа прачытаць тэкст. Відавочна, што прэзідэнт Пуцін здзіўлены пазіцыяй Еўрапейскага саюза і Украіны і з'яўленнем Парашэнкі ў Мінску", — адзначыў ён.
Славянафільскі лагер таксама святкуе перамогу. «Мяркуючы па тым, што Парашэнка не захацеў удзельнічаць у сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы, яго настолькі ўразілі маштабы страт Украіны, што ён уцёк пагаварыць з Кэтрын Эштан» (“Аргументы и Факты”).
“Падкрэсленым сыходам ад абмеркавання палітычнага складніку ўкраінскага крызісу Пуцін паказаў, што не лічыць Парашэнку раўнапраўным партнёрам для вырашэння пытанняў вайны і міру, бо гэта прадмет для перамоваў Масквы і Вашынгтона. У той жа час зараз адміністрацыя Барака Абамы не гатовая да прамых расійска-амерыканскіх перамоваў на гэтую тэму” (“РБК”).
Больш салідныя СМІ акцэнтуюць увагу на самім факце пачатку дыялогу. "Пуцін і Парашэнка сустрэліся, абмяняліся інфармацыяй. Гэта было галоўным зместам сустрэчы ў Мінску. Першы крок зроблены, а значыць, за ім будуць і іншыя крокі" ("Deutsche Welle"). Прарывам, на думку нямецкага агенцтва, з'яўляецца той факт, што бакі ў ходзе перамоваў пагадзіліся, што сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны — гэта гуманітарная катастрофа.
Амерыканскі канал “Fox News” увогуле лічыць, што паразуменне паміж краінамі непазбежнае, паколькі бакі адразу слушна пачалі абмяркоўваць не абстрактныя рэчы, а казаць пра эканоміку, якая ляжыць у аснове канфлікту. "Галоўны вынік мінскай сустрэчы Парашэнкі і Пуціна — прызнанне важнасці пытання аб гандлі. Урэшце, менавіта канфлікт двух гандлёвых саюзаў стаў перадумовай вайны на Украіне", — упэўнены адзін з экспертаў, які пракаментаваў для каналу вынік саміту.
Наколькі рэалістычныя такія прагнозы, мы даведаемся дастаткова хутка. Саміт толькі закончыўся, і яго абмеркаванне, па выніках якога будзе фармулявацца павестка дня наступнай сустрэчы, толькі пачалося.