Прадстаўнік Еўракамісіі: Запомніце 27 жніўня — у гэты дзень пачалася адкрытая агрэсія РФ ва Украіне
Чэшскі дыпламат заявіў, што часткі Еўропы ў любы момант таксама могуць стаць суб'ектамі расійскай агрэсіі.
Расія паўтарае крымскі сцэнар агрэсіі на мацерыковай Украіне. Пра гэта напісаў прадстаўнік Еўрапейскай камісіі ў Кіеве, чэшскі дыпламат Давід Стулік на сваёй старонцы ў Facebook.
«Запомніце сённяшні дзень, 27 жніўня. Сёння пачалася адкрытая расійская агрэсія на ўкраінскую тэрыторыю. Гэта праўда, што гэтая агрэсія адбывалася доўгі час, пачынаючы з Крыму, але
цяпер стала відавочна, крымскі сцэнар адбываецца і на мацерыковай Украіне», — піша Стулік.
Давід Стулік папярэджвае, што з расійскай агрэсіяй можа сутыкнуцца і непасрэдна Захад.
«Страусавы падыход менш дапаможа ў гэтай сітуацыі. Заўтра мы можам сутыкнуцца з поўнамаштабнай вайной. А паслязаўтра мы, у некаторых частках Захаду, можам стаць суб'ектамі
падобнай агрэсіі», — адзначыў Стулік.
«Сёння мы, еўрапейцы, хто верыць у выразныя каштоўнасці і прынцыпы, павінны ўсвядоміць, што мы таксама ўкраінцы», — адзначае Стулік.
Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт заявіў, што цяпер на Данбасе ваююць рэгулярныя войскі Украіны і Расіі.
У сераду прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Псакі заявіла, што паведамленні з Данбаса сведчаць, што Расія вядзе прамы контрнаступ у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.
У сераду ў СНБА заявілі, што Узброеные сілы Расіі далей перакідваюць ваенную тэхніку і жывую сілу ў памежныя з Украінай раёны, перш за ўсё ў Растоўскую вобласць. Частка гэтых падраздзяленняў
парушыла дзяржаўную мяжу і знаходзіцца цяпер на тэрыторыі Украіны.