У ДНР сцвярджаюць, што за іх ваююць кадравыя ваенныя з Расіі, якія ўзялі адпачынак
Прэм'ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка заявіў, што сярод апалчэнцаў знаходзіцца каля 3-4 тыс. расійскіх добраахвотнікаў, у тым ліку кадравых ваенных.

Пра гэта ён паведаміў у звароце, які трансляваў тэлеканал «Расія 24».
«Сёння задаюць вельмі шмат пытанняў, як магло адбыцца, што войска ДНР з разрозненых паўпартызанскіх атрадаў ператварылася ў магутную ваенную арганізацыю, здольную не толькі
супрацьстаяць украінскім узброеным сілам, але яшчэ і перамагаць іх на полі бою. У Кіеве і на Захадзе паўтараюць аб расійскім ваенным ўварванні, каб неяк апраўдаць тыя масавыя паразы, якія ўкраінская
армія нясе ўжо не адзін месяц. Мы ніколі не хавалі, што сярод нас ёсць шмат расіянаў, без дапамогі якіх нам бы прыйшлося вельмі цяжка, складаней было б ваяваць», — сказаў Захарчанка.
Паводле яго слоў, сярод расійскіх добраахвотнікаў ёсць шмат былых кадравых вайскоўцаў. «Сярод нас ваююць і цяперашнія вайскоўцы, якія замест адпачынку прыехалі да нас, каб змагацца за
нашу свабоду. Гэта ўласціва толькі рускім», — сказаў ён,
падкрэсліўшы, што некаторыя расійскія добраахвотнікі, на жаль, гінуць.
gazeta.ru