Пасля саміта ў Мінску: патрэбны перакладчык з рускай мовы на рускую
Польская газета "Rzeczpospolita" змяшчае каментар пра саміт Мытны саюз — Украіна — ЕС у Мінску.
Анджэй Ламаноўскі піша: "На саміце афіцыйна карысталіся дзвюма мовамі: англійскай і рускай. Адзіным прэзідэнтам, якому не быў патрэбны перакладчык, быў Пётр Парашэнка. 20 гадоў практыкі бізнэсмэна, які працуе на памежжы Усходу і Захаду, далі вынікі. І, магчыма, гэта памылка Парашэнкі. Трэба было прасіць перакладчыка з рускай мовы Пуціна на рускую, якую ведае Парашэнка.
"Мы не ўмешваемся ў вашыя адносіны з Канадай або Кітаем", — тлумачыў у Мінску Пуцін прадстаўнікам Еўрасаюза. Тады няхай і яны, маўляў, не ўмешваюцца ў справы „ягонай” Украіны. У Мінску выявілася, што некаторыя словы, а нават цэлыя фразы, не існуюць у расійска-пуцінскай мове. Да таго ж „сувэрэнітэт”, „выказванне сваёй волі”, „свабодны выбар” існуюць толькі ў кабарэтнай мове – каб смяшыць калег.
Паводле Пуціна, сур’ёзна гучаць толькі „зона ўплываў” і „легітымныя інтарэсы”. Галоўная праблема ў тым, што расійска-пуцінская мова не мае нічога супольнага з рускай", — піша "Rzeczpospolita".