У Данбасе дзейнічае 15–20 тысяч баевікоў — МУС Украіны
Яшчэ месяц таму колькасць прарасійскіх баевікоў ацэньвалася ў 12 тысяч.
Цяпер на Усходзе Украіны ваюе каля 15–20 тысяч прарасійскіх і расійскіх баевікоў, з якімі пастаянна змагаюцца сілы Антытэрарыстычнай аперацыі.
Дакладную лічбу ніхто назваць не можа, бо баевікі пастаянна ажыццяўляюць ратацыю, атрымліваюць папаўненне, адзначыў у інтэрвію тэлеканалу «1+1» дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка:
«Паводле маіх адчуванняў і падлікаў, іх на Данбасе можа быць да 15–20 тысяч. Але дакладнай лічбы няма».
Антытэрарыстычная аперацыя на Данбасе працягваецца пяты месяц. Цяпер жорсткія баі працягваюцца за Луганск і Данецк, а таксама суседнія з імі гарады і вёскі. Месяц таму ваенны эксперт Дзмітрый Тымчук палічыў, што тэрарыстаў на ўсходзе Украіны каля 12 000 і іх колькасць пастаянна расце за кошт наёмнікаў з Расіі. Апошнім часам з Расіі ў Данбас прыбываюць кадравыя расійскія вайскоўцы са зброяй.