Нацыянальныя асаблівасці палітвязняў

Вязень сумлення Андрэй Бандарэнка, які знаходзіцца ў Магілёўскай турме №4, выказаў сваю пазіцыю адносна тэрміну «палітвязень», і звяртае ўвагу на нацыянальныя асаблівасці гэтага паняцця.

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка


У лісце ад 12 верасня ён выказвае думку, што «асноўным адрозненнем (ад іншых краін) у нас з’яўляецца ўтойванне сапраўдных прычын крымінальнага пераследу праваабаронцаў і іншых грамадскіх актывістаў». Ён наракае на той факт, што праваабарончыя арганізацыі не заўсёды імкнуцца даведацца ісціну па канкрэтнай справе і часам зыходзяць з фармальных абвінавачванняў або рашэнняў суда.

У пацвярджэнне Бандарэнка спасылаецца не толькі на свой «прыклад» з загадзя неабгрунтаваным абвінавачваннем у хуліганстве, але і на крымінальны пераслед прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, якога першапачаткова абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту з гранатамётам, а потым, калі гэта абвінавачванне развалілася, у незаконным захоўванні патронаў. У свой час статус абвінавачанага атрымаў і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі па факце ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Андрэй Бандарэнка задаецца пытаннем: як разглядзець за фактамі, што фармальна падпадаюць пад прыкметы звычайных крымінальных злачынстваў, палітычны складнік? І сам адказвае: у кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца ва ўсіх абставінах. Пры гэтым важна ўсталяваць сапраўдныя прычыны пераследу грамадзяніна, улічыць яго папярэднюю дзейнасць, наяўнасць канфліктаў з уладнымі структурамі. Ён лічыць неабходным прыцягнуць да вырашэння гэтага пытання шырокае кола праваабаронцаў, не дапушчаючы манапалізацыі права на прыняцце рашэння нейкай адной арганізацыяй. У гэтай сувязі ён вітае ініцыятыву Паўла Севярынца па стварэнні шырокага форуму пад назвай «Свабоду палітвязням!».

Яшчэ Бандарэнка дзякуе рэдакцыі газеты «Новы Час» за перыядычныя публікацыі пра яго турэмныя будні. Ён піша, што «Новы час» — яго адзіны афіцыйны канал з «воляй», не лічачы лістоў ад родных і сяброў.