Міхаіл Жамчужны атрымаў адказ ад Вярхоўнага суда
Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, атрымаў адказ на наглядную скаргу, якую ў пачатку жніўня накіраваў у Вярхоўны суд.
У скарзе Міхаіл Жамчужны ўказаў, што ў адносінах да яго меў месца не “працягваемы” аператыўны эксперымент, а паўторны, а крымінальная справа супраць яго была ўзбуджана больш чым праз год пасля здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Такім чынам, праваахоўныя органы штучна стваралі ўмовы, якія правакавалі яго на паўторнае здзяйсненне аналагічных дзеянняў, каб атрымаць доказы здзяйснення ім больш цяжкіх злачынстваў.
У адказе на скаргу палітвязня намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч адзначыў, што прысуд Міхаілу Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасці з заканадаўствам. Суд касацыйнай інстанцыі дасканала праверыў довады скаргі асуджанага і дапаўненні да яе і ў выніку згадзіўся з вынесеным прысудам.
Таксама стала вядома, што заснавальнік праваабарончай установы “Платформа інавэйшн” пераведзены ў іншы атрад папраўчай калоніі. І ўжо на новым месцы Жамчужны атрымаў першае папярэджанне — за тое, што ў яго нібыта была брудная тумбачка. Калі ён здзейсніць яшчэ адно парушэнне, то будзе лічыцца злосным парушальнікам. З гэтай нагоды Міхаіл Жамчужны накіраваў скаргу на дзеянні адміністрацыі калоніі.
Нагадаем, што ў ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу.
У аснову абвінавачання леглі наступныя дзеянні Міхаіла Жамчужнага: на працягу 2013–2014 гг., атрымаўшы згоду супрацоўніка органаў унутраных спраў (старшага інспектара — дзяжурнага медыцынскага выцвярэзніка УУС Віцебскага аблвыканкама), Жамчужны М.І. атрымліваў службовыя дакументы з інфармацыяй, якая, на думку Жамчужнага М.І., уяўляла грамадскі інтарэс: звесткі аб узбуджаных крымінальных справах у дачыненні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 аб здарэннях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спецданясенне па факце раптоўнай смерці грамадзяніна Кудзелкі ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкама, Загад МУС «Аб асобных аспектах працы з кадрамі ў МУС». Дадзеныя дакументы перадаваліся Жамчужным у праваабарончую ўстанову «Платформа».
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.