Навумчык рэзка адказаў на закіды Цапкалы

Валер Цапкала, адказваючы на пытанне, ці адчувае ён адказнасць за тое, што ў 1994 годзе падтрымліваў Лукашэнку, сказаў: «Тады мы ўсе былі наіўнымі». Адзін з тагачасных  лідараў фракцыі БНФ у парламенце — Сяргей Навумчык катэгарычна не пагаджаецца.

Сяргей Навумчык, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк

Сяргей Навумчык, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк

Сяргей Навумчык на сваёй старонцы ў Facebook завочна адказвае былому ўдзельніку прэзідэнцкіх выбараў 2020.

«Ня ўсе былі наіўнымі. Між іншым, спадар Цапкала слушна заўважыў, што наступ Лукашэнкі на дэмакратычныя свабоды пачаўся ўжо ў 1994-м, прадэманстраваўшы газэты зь белымі плямамі — вось толькі не пажадаў нагадаць, замест чаго гэтыя плямы там зьявіліся.

А зьявіліся яны замест дакладу дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі. Імя Антончыка, канешне ж, таксама ўзгадана не было.

Увогуле, вельмі выгодна выкрэсьліць з памяці імёны тых, хто не пагаджаўся, хто супраціўляўся, хто змагаўся, — тады ўласныя дзеяньні можна апраўдаць «наіўнасьцю».

І гэта, акрамя іншага, умацоўвае міфы пра поўную, татальную няздольнасьць беларусаў (усіх, без выключэньня — гэта важны момант) да супраціву.

Колькі такіх міфаў пра хаця б апошнюю сотню гадоў беларускай гісторыі створаныя лукашэнкаўскімі прапагандыстамі — і падтрымліваюцца некаторымі з тых, хто цяпер называе сябе ягонымі апанэнтамі. Вось некаторыя.

«Усе беларусы падтрымалі бальшавікоў у стварэньне СССР».

navumczyk_3.jpg

Ня ўсе. З падаўленьнем БНР у крыві не пагадзіліся дзясяткі тысяч беларусаў; дастаткова ўзгадаць герояў Слуцкага паўстаньня ў канцы 1920 году, якія са зброяй змагаліся супраць Чырвонай арміі за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі. Хай і не ў такіх маштабах, вымяраемых тысячамі ўзброеных ваяроў, але антыбальшавіцкая ўзброеная (падкрэсьліваю — узброеная) барацьба не спынялася ў Беларусі і ўсе 1920-я гады.

 «Пра Незалежнасьць і Бел-Чырвона-Белы сьцяг беларусы забыліся».

Ня ўсе забыліся. Арганізатары створанага на Глыбоччыне і Пастаўшчыне «Саюзу беларускіх патрыётаў» Антон Фурс і Васіль Мядзелец у 1947 былі асуджаныя ў 1947 да сьмяротнага пакараньня, а Алеся Ўмпіровіч, якая пашыла Бел-Чырвона-Белы Сьцяг з «Пагоняй», ў 1948 атрымала 25 гадоў.

«У брэжнеўскія часы ў БССР, адрозна ад Масквы, дзе былі дысыдэнты, ад Літвы ці Ўкраіны, дзе існавалі нацыянальныя і падпольныя арганізацыі, усе маўчалі».

Ня ўсе. У Менску зь сярэдзіны 1960 дзейнічала беларуская нацыянальная суполка «На паддашку», у які ўваходзілі Яўген Кулік (будучы аўтар эталёну дзяржаўнага гербу Беларусі «Пагоня», Міхась Чарняўскі, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін. Сябра суполкі Лявон Баразна быў забіты ў 1972 годзе, а Зянон Пазьняк — звольнены з працы і доўгі час ня мог нікуды ўладкавацца.

«Працэс русіфікацыі беларусы ўспрынялі прыязна».

Далёка ня ўсе. У 1968-м некалькі сотняў студэнтаў БДУ зь ініцыятывы Алеся Разанава падпісалі ліст да Машэрава з патрабаваньнем вярнуць выкладаньне прадметаў па-беларуску (Разанаў быў за гэта выключаны з унівэрсытэту). У 1978 Міхась Кукабака напісаў артыкул супраць гвалтоўнай русіфікацыі, за што падвергся рэпрэсіям (у агульнай складанасьці ў турмах і «псіхушках» Кукабака правёў 17 гадоў).

У канцы 1970-х група студэнтаў БДУ (Вінцук Вячорка, Ігар Гермянчук, Сяргей Дубавец, Ларыса Сімаковіч ды іншыя) стварылі суполку «Майстроўня», якая вяртала моладзь да нацыянальных каранёў; Віктар Івашкевіч арганізаваў акцыю за стварэньне школ і дзіцячых садкоў на беларускай мове.

Лічу вельмі важным узгадаць гэтыя імёны.

«Беларусам Незалежнасьць звалілася зь неба».

Дэпутаты ад БНФ на прыступках трыбуны Вярхоўнага Савета

Дэпутаты ад БНФ на прыступках трыбуны Вярхоўнага Савета

Ня ўсім. Незалежнасьць была марай пакаленьняў беларускіх патрыётаў. Калі казаць непасрэдна пра працэс дзяржаўнага будаўніцтва сучаснай Беларусі, дык у маі 1990 Сойм БНФ вызначыў дасягненьне Незалежнасьці як галоўную палітычную мэту, у чэрвені дэпутаты БНФ на чале зь Пазьняком унесьлі ў Вярхоўны Савет праект «Дэклярацыі аб Незалежнасьці», які прадугледжваў поўны выхад з СССР. Апазыцыя БНФ у ВС-12 падрыхтавала пакет законапраектаў (у тым ліку і эканамічных, уключна з прыватнай уласнасьці на зямлю), які мусіў стаць прававым падмуркам Незалежнасьці. Удзельнікі цяпер ужо легендарнага красавіцкага страйку 1991 (100 тысяч на плошчы перад Домам ураду) патрабавалі наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы (г.зн., абвяшчэньне Незалежнасьці дэ-юрэ. Прашу зьвярнуць увагу: гэта былі рабочыя). Дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі ў жніўні 1991-га выйшлі на плошчы гарадоў з патрабаваньнем Незалежнасьці.

 Асобна падкрэсьліваю: за Незалежнасьць змагаліся ня толькі 30 дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце, а тысячы актывістаў БНФ, сотні тысяч беларусаў і ў Менску, і ў рэгіёнах.

 І, нарэшце, пра 1994 год, калі нібыта «все были наивными людьми».

Яшчэ ў 1993 годзе дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі з заявай (яна была надрукаваная ў парламэнцкай «Народнай газэце), дзе патрабавалі пазбавіць дэпутата ад Шклоўскай выбарчай акругі № 310 Аляксандра Лукашэнку дэпутацкага мандату. Прычына — дзяржаўная здрада, здрада Беларусі, ягоныя дзеяньні па ліквідацыі беларускай Незалежнасьці і аднаўленьня савецкай імпэрыі шляхам аб’яднаньня з РФ («Я готов на коленях ползти в Россию»).

У тым жа 1993 Васіль Быкаў у той жа «Народнай газэце» выступіў з артыкулам «Каб захаваць ўладу, яны гатовыя аб’яднацца хоць з самім д’яблам», які быў рэакцыяй на заявы Лукашэнкі.

Мы вынесьлі нашую прапанову пазбавіць Лукашэнку дэпутацкага мандату на сэсію, але старшыня Вярхоўнага Савета Шушкевіч, наколькі памятаю, нават не паставіў яе на галасаваньне.

Між тым, калі б Вярхоўны Савет падтрымаў дэпутатаў БНФ і пазбавіў Лукашэнку паўнамоцтваў ужо ўвосень 1993-га, ні было б ні «антыкарупцыйнага» дакладу, сварганенага на сумясі паўпраўды і бессаромнай хлусьні, ні ўвогуле Лукашэнкі як прэзыдэнта.

«Наіўны» Валер Цапкала, тагачасны дарадца старшыні Вярхоўнага Савета Шушкевіча, не чытаў газэты Вярхоўнага Савета? Узгаданыя ім у якасьці такіх жа «наіўных» дэпутаты Ганчар, Сініцын, Лябедзька не чыталі таксама? Ня чулі выступы Лукашэнкі з трыбуны сэсіі ВС, дзе ён сыстэматычна зьдзекваўся з сувэрэнітэту, зь беларускай мовы, з тых, хто абараняў нацыянальныя каштоўнасьці — дэпутатаў БНФ, іх калег па парлямэнце?

«Ды ладна», — як цяпер кажа моладзь. Усё яны чыталі, усё цудоўна ведалі.

І наіўнымі зусім не былі. Проста Незалежнасьць Беларусі ня мела для іх ніякай каштоўнасьці — інакш бы яны ніколі не прасоўвалі ў прэзыдэнты чалавека, які ставіць мэтай яе ліквідацыю.

Так, на выбарах 1994 у першым туры за Лукашэнку прагаласавалі 2 645 140 грамадзянаў. Магчыма, усе яны (ці большасьць зь іх) сапраўды былі «наіўнымі». Але ў тым жа туры 3 136 663 чалавек ВЫКРАСЬЛІЛІ прозьвішча «Лукашэнка», галасуючы за іншых кандыдатаў. Пра гэта забыліся: БОЛЬШАСЬЦЬ беларусаў у першым туры галасавала НЕ ЗА ЛУКАШЭНКУ. І гэтая большасьць, якімі б ні былі іх палітычныя сымпатыі і палітычныя пазыцыі, здолела разглядзець у Лукашэнку тое, што не дазваляла ім падтрымаць Лукашэнку.

І таму актывіст БНФ з васьмю класамі адукацыі з Паставаў ці з Глуску быў куды больш прадбачлівы, мысьліў куды больш дзяржаўнымі катэгорыямі, чым «бліскучыя юрысты» Булахаў і Ганчар, «бліскучы дыплямат» Цапкала ці «бліскучы арганізатар» Сініцын.

Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў хаду гісторыі вызначала актыўная меншасьць. Звычайна гэта — некалькі працэнтаў насельніцтва, лідэраў жа, якія прапаноўвалі слушны шлях і змагаліся за яго ажыцьцяўленьне — у лепшым выпадку сотні, а то і дзясяткі.

Мне даспадобы словы чэскага дысыдэнта, які сказаў, маючы на ўвазе выхад васьмі чалавек на Красную плошчу ў Маскве супраць інтэрвэнцыі ў 1968 у Прагу: «Цяпер у чэхаў ёсьць восем прычынаў не лічыць усіх савецкіх людзей падонкамі» (цытую па памяці).

Замоўчваньне тых, хто не пагаджаўся, хто змагаўся, мае і яшчэ адно нядобрае наступства.

Беларускі народ пры гэтым зусім лягічна прадстае аморфнай, бязвольнай масай, некім статкам, якім лёгка можна маніпуляваць, які хранічна ня мае лідэраў з разуменьнем сапраўдных нацыянальных інтарэсаў. А значыць, гэтаму статку патрэбны пастух у вобразе «вялікага брата» — які, зразумела, знаходзіцца ў Маскве».



Цапкала і Лукашэнка

Цапкала і Лукашэнка