НДА пакідаюць ролю «праслойкі»
Прадстаўнікі НДА Беларусі сцвярджаюць, што афіцыйны Мінск не настроены на дыялог з імі ў межах працы Форума грамадзянскай супольнасці праграмы «Усходняе партнёрства».
Прадстаўнікі НДА Беларусі сцвярджаюць, што афіцыйны Мінск не настроены на дыялог з імі ў межах працы Форума грамадзянскай супольнасці праграмы «Усходняе
партнёрства».
Напрыканцы студзеня адбылося першае пасяджэнне Каардынацыйнага камітэта Форума. Паводле слоў кіраўніка кансорцыума «Еўрабеларусь» і краінавага каардынатара па Беларусі Улада
Вялічкі, цяпер вядзецца актыўная праца ў межах структуры Форума грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, сфарміраваныя працоўныя групы па кожнай з чатырох платформаў «Усходняга
партнёрства» — эфектыўнае кіраванне, эканоміка, энергетыка і кантакты паміж людзьмі. Акрамя таго створаны адмысловыя групы з прадстаўнікоў краін-сябраў праграмы «Усходняе
партнёрства» і краін ЕС, якія будуць займацца фармуляваннем канцэпцыі, падрыхтоўкай другой канферэнцыі Форума, лабісцкай працай, флагманскімі ініцыятывамі, інфармацыйнай палітыкай.
Прадстаўнікі НДА звяртаюць увагу на інертнасць працы структур ЕС і неабходнасць у сувязі з гэтым загадзя рыхтаваць прапановы да Форума, каб яны маглі быць уключаныя ў выніковыя дакументы.
Эксперты бачыць праблему для беларускай дэлегацыі не толькі ў абмежаваным распаўсюдзе інфармацыі афіцыйным Мінскам аб дзейнасці ў межах Форума грамадзянскай супольнасці, але і Еўрапейскім саюзам.
Еўрапейская камісія, да прыкладу, пакуль не змагла прадставіць звесткі аб праектных прапановах, якія нацыянальныя ўрады падрыхтавалі для рэалізацыі.
Палітолаг Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў падкрэслівае, што, нягледзячы на паспяховасць Форума для беларускай грамадзянскай супольнасці, сама праграма
«Усходняе партнёрства» застаецца міждзяржаўнай па сваёй сутнасці. Таму цяпер у Еўрапейскай камісіі не даюць ніякіх гарантый, што прадстаўнікі Форума будуць удзельнічаць у тэматычных
панелях праграмы і нейкім чынам уплываць на іх працу.
«Трансфармацыйны патэнцыял «Усходняга партнёрства» малы, бо ад пачатку праграма задумвалася як інструмент да ўцягнення постсавецкіх краін у еўрапейскі працэс, —
тлумачыць эксперт. — Еўрапейская камісія не зацікаўленая «прэсаваць» улады, каб яны прыслухоўваліся да меркавання грамадзянскай супольнасці. Форум грамадзянскай супольнасці
як такі не быў прадугледжаны першапачаткова. Яго роля — праслойка паміж дзяржаўнымі прадстаўнікамі і еўрапейскімі структурамі, і задачы Форума прэзентуюцца еўрапейскімі чыноўнікамі як
кантрольныя і дарадчыя. Таму, калі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці спрабуюць нейкім чынам ламаць фармат, выходзіць са сваімі праектамі, то гэта выглядае недарэчна для нацыянальных урадаў і
чыноўнікаў ЕС. Бо платформы разглядаюцца найперш як месца, дзе грамадзянская супольнасць магла б размаўляць з уладамі».
Фармат «Усходняга партнёрства» яшчэ не да канца сфармаваны. Да сярэдзіны сакавіка будзе прынятае рашэнне пра склад беларускай дэлегацыі ў парламенцкай асамблеі Еўранэст. ЕС
прапанаваў уладам Беларусі два варыянты фарміравання дэлегацыі (толькі з прадстаўнікоў недзяржаўных структур, ці ў фармаце 5 + 5), на што прагучала заява аб магчымым выхадзе Беларусі з
«Усходняга партнёрства». Мельянцоў лічыць, што падобныя варыянты развіцця падзей трэба пралічваць ужо цяпер і вырашаць, што ў такім разе будзе рабіць беларуская дэлегацыя
Форума.
У шэрагу актуалій, якія стаяць перад прадстаўнікамі беларускіх НДА, — фарміраванне лобі-груп, праваабарончых механізмаў, напаўненне праектамі і прапановамі платформаў па эканоміцы і
энергетыцы, а таксама інфармацыйная праца. «Дэлегаты Форума павінны самі запаўняць інфармацыйныя прабелы, і больш таго — у сваіх краінах браць на сябе функцыю «еўрапейскага
лікбеза», каб зацікаўліваць іншых акцёраў да супрацы», — упэўнены Дзяніс Мельянцоў.
Наступная сустрэча каардынацыйнага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці пройдзе ў Кіеве 24–25 сакавіка, працоўных груп — у красавіку-маі. Другая сесія Форума грамадзянскай
супольнасці папярэдне прызначаная на 15–16 лістапада.