Не ў прыярытэце. Чаму ў Беларусь не спяшаюцца ехаць замежныя кіраўнікі?

Як Лукашэнка ні стараецца, але роўных двухбаковых адносінаў выбудаваць ні з кім не атрымліваецца. Нават далёкія азіяцкія і афрыканскія краіны не рызыкуюць сваёй рэпутацыяй, каб наносіць візіты дыктатару. Хаця, можа, прычына ў іншым?

Беларусь сёння ўжо не такая цікавая для замежных палітыкаў і дыпламатаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусь сёння ўжо не такая цікавая для замежных палітыкаў і дыпламатаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сёлета Аляксандр Лукашэнка здзейсніў мноства паездак у іншыя дзяржавы, падчас кожнай з якіх ён запрашаў прыехаць у Беларусь лідараў гэтых краін. Так, ён клікаў у Беларусь прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, лідара Узбекістана Шаўката Мірзіёева, кіраўнікоў В'етнама То Ламу і Зімбабвэ Эмерсана Мнангагву. Як мінімум з 2019 года Лукашэнка кліча ў нашу краіну прэм'ер-міністра Індыі Нарэндра Модзі. Але ніхто з замежных лідараў на прапановы пакуль не адгукнуўся. У чым прычына?

Былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч лічыць, што няма нічога незвычайнага ў тым, што замежныя лідары, якіх Лукашэнка клікаў у Беларусь, пакуль не прыехалі да яго ў госці. Экс-дыпламат кажа, што, як правіла, візіты ў адказ не здараюцца ў той жа год пасля паездкі, піша «Зеркало».


Глядзіце таксама

— Павінен прайсці прыкладна год, можа быць, два ці тры, — тлумачыць Мацукевіч. — Чаму так шмат? Таму што павінна назапасіцца нейкая павестка. Візіты, як правіла, здараюцца, калі ўжо гатовыя сур'ёзныя дамоўленасці паміж дзяржавамі, якія трэба фіналізаваць і падпісаць дакументы.

Словы Мацукевіча пацвярджае і Георгій (імя зменена), былы беларускі дыпламат, які доўгі час прапрацаваў у апараце Міністэрства замежных спраў. Ён дадае, што адсутнасць візітаў у адказ кіраўнікоў дзяржаў у Беларусь, верагодна, спалучаная таксама і з іншымі фактарамі, спектр якіх можа быць шырокім: ад унутрыпалітычных праблем у гэтых краінах да ўмоў надвор'я. Але не варта выключаць і тое, што адмова ад прыезду ў нашу краіну можа быць выкліканая дрэнным іміджам Беларусі на міжнароднай арэне.

— Для многіх краін мы дакладна не ўваходзім у спіс прыярытэтных дзяржаў, цікавасць там да нас сярэдняя, — лічыць Георгій. — Калі браць агулам і вызначаць агульныя рамкі, то краіны перш за ўсё зацікаўлены ўзаемадзейнічаць з дзяржавамі, якія валодаюць павагай на міжнароднай арэне, у якіх ёсць альбо сур'ёзная база для ўзаемадзеяння, альбо грошы, альбо нейкія неабходныя тавары. І тут пытанне вялікае, наколькі цяпер Беларусь аўтарытэтная, што кіраўнікі тых жа В'етнама або Зімбабвэ былі б гатовыя прыехаць да нас? Яны ж усё аналізуюць і трымаюць гэта ў галаве.


Глядзіце таксама

Павел Мацукевіч лічыць, што да канца 2024 года ў Беларусь наўрад ці прыедуць прэзідэнты Узбекістана і Азербайджана, якія нядаўна наведваў Лукашэнка. Магчыма, іх візіты адбудуцца ў 2025-м. А вось з лідарамі буйнейшых краін, такіх як Кітай або Індыя, лічыць экс-дыпламат, сітуацыя іншая. Лукашэнка іх таксама кліча ў Беларусь, але можа, не чакаючы адказу, сам наведацца да іх у госці.

— За ўвесь час Лукашэнка пабываў у Кітаі 14 разоў, а кітайскія лідары прыязджалі ў Беларусь толькі двойчы: у 2001 годзе прыязджаў Цзян Цзэмінь, а ў 2015-м — Сі Цзіньпін, — прыводзіць прыклад Мацукевіч. — У 2019-м Сі Цзіньпіна зноў чакалі ў Мінску з афіцыйным візітам. Кожны раз, віншуючы яго з днём нараджэння ці нейкім кітайскім дзяржаўным святам, Лукашэнка актуалізаваў сваё запрашэнне наведаць Беларусь. Але ў рэшце рэшт Сі Цзіньпін не прыехаў, а ў 2023-м з афіцыйным візітам Кітай наведаў ужо сам Лукашэнка. Звычайна візіты будуюцца на прынцыпе ўзаемнасці: вы да нас прыехалі, потым — мы да вас. Але з буйнымі важнымі краінамі, такімі як Кітай і Індыя, гэты прынцып не выконваецца — па цалкам зразумелых прычынах.