Небяспекі рэальныя і ўяўныя

Лідар Кітая Сі Цзіньпін любіць цытаваць чыноўніка і паэта Су Шы (1037–1101): «З усіх няшчасцяў пад нябёсамі самае пагібельнае для дзяржавы — гэта калі здаецца, што ўсё складаецца добра і паспяхова, але існуюць прыхаваныя небяспекі. Калі за імі здолець не ўсачыць, становішча пагоршыцца — і нішто яго ўжо не ўратуе».

pesets.jpg

Колькасць магчымых няшчасцяў імкнецца да бясконцасці. Кожны мае права ўносіць свой уклад у агульны спіс небяспекаў ды няшчасцяў. Ніводная з рэдакцый беларускай Канстытуцыі гэтаму не перашкаджала, не перашкаджае і не плануе рабіць тое надалей. Зразумела, паміж фармальным правам і магчымасцю яго рэалізацыі існуе пэўны зазор, аднак ён пераадольваецца тым прасцей, чым больш высокі адміністрацыйны статус мае суіскальнік. А ў Беларусі недахопу ў статусных людзях не назіраецца.
Згодна з Су Шы, небяспекі дзеляцца на прыхаваныя і відавочныя (адкрытыя). Не стану спрачацца з кітайскім мудрацом, што не пазбаўляе мяне права падзяліць небяспекі на рэальныя і ўяўныя.
Прычын, якія спараджаюць уяўныя небяспекі, лічыць — не пералічыць. Адна з самых папулярных — выкарыстанне ўласных страхаў і фобій для тлумачэння паводзін апанентаў.
Свежы прыклад: «Калі прыязджаў сюды Пампеа, мы з ім селі ў кабінет. Я яму задаў запар некалькі пытанняў. Кажу: “Вы што, вар’яты? Перадай свайму Трампу, вы вар’яты”. Ён на мяне глядзіць: “Што вы маеце на ўвазе?” — “Вы навошта аб’ядналі наймагутную ядзерную краіну з велізарным ваенным патэнцыялам з магутнай эканамічнай дзяржавай у адну кучу і спрабуеце весці вайну супраць гэтага аб’яднання? Вы ніколі не выйграеце. Вы навошта, вар’яты, гэта робіце?”»
У чым тут фішка? На думку аўтара цытаты, міжнародныя адносіны — гэта гульня з нулявой сумай, у якой чыясьці перамога аўтаматычна азначае паразу кагосьці. У такой логіцы Амерыка, якая прэтэндуе на ролю адзінай звышдзяржавы, імкнецца ўсіх перамагчы. Імкнуцца яна, канешне, імкнецца, але навошта ж так адкрыта грэбаваць прынцыпам «падзяляй і ўладар»? Вар’яты, дый толькі!
Аднак жа не перавяліся яшчэ людзі рацыянальныя. Ім палец у рот не кладзі. Яны разумеюць, што ў свеце, хай і ў прыхаванай (гібрыднай) форме, ідзе перманентная вайна. На дварэ XXI стагоддзе, але з часоў цара Гароха ў пытанні арганізацыі геаграфічнай прасторы прынцыповых зменаў не адбылося. Варта толькі камусьці праявіць слабіну, як суседзі не марудзячы прыступаюць да рэалізацыі планаў у стылі генерала Пфуля з рамана Льва Талстога «Вайна і мір»: «Die erste Kolonne marschiert, die zweite Kolonne marschiert...» (Першая калона маршыруе, другая калона маршыруе...). І таму порах заўсёды трэба трымаць сухім.

Танней купляць, чым захопліваць

Богу — Богава, а Пфулю — пфулева. Між тым, жаданне чалавека карыстацца выгодамі ніхто не адмяняў. Існуе, аднак, нюанс. Растлумачу яго з дапамогай расійскага палітолага Дзмітрыя Арэшкіна: «Для таго, каб карыстацца выгодамі, амерыканцам не трэба Ямал захопліваць. Дастаткова вырабляць зялёную нарэзаную паперу, якая выклікала б эканамічны давер. І за гэтую паперу вы атрымаеце нафту, газ і ўсё астатняе. У адрозненне ад таго, што было ў ХХ стагоддзі, і тым больш у ХІХ, калі трэба было захапіць тэрыторыю».
У Беларусі ахвочых грэбліва выказвацца пра зялёную нарэзаную паперу відзьма-нявідзьма, што, аднак, не перашкаджае Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту весці падлік нашых поспехаў на ніве экспарту-імпарту ў «адной вядомай нам валюце», якую яе эмітэнт рэгулярна «выкарыстоўвае ў якасці зброі».
Абмяжуюся адным прыкладам з Паслання-2022: «Экспарт галіны (аграпрамысловага комплексу. — С. Н.) дасягнуў максімальнага аб’ёму за апошнія дзесяць гадоў — каля 7 мільярдаў долараў, значыць, не толькі на нафце можна зарабляць».
Зарабляць, прабачце, што? Нарэзаную зялёную паперу? Вось і ламай пасля гэтага галаву наконт небяспекі, якая для нас усіх зыходзіць ад долараў, што складаюць істотную частку золатавалютных рэзерваў краіны.
Рэальная або ўяўная?
Але вернемся да Дзмітрыя Арэшкіна. «Амерыканцам не трэба захопліваць Венесуэлу, якая ў іх пад бокам і якую захапіць раз плюнуць. Ім значна танней купляць гэтую нафту, чым усталёўваць сваю адміністрацыю, кантраляваць усялякія індзейскія плямёны, браць на сябе адказнасць за медыцынскае забеспячэнне і гэтак далей».
А як наконт нафты беларускай, якая здабываецца рэспублікай-партызанкай штогод у колькасці 1,6 мільёна тон?

Якая справа спадару Кугелу да Беларусі?

Белы пухнаты звярок мае ўласцівасць падкрадацца незаўважна. Тым не менш з дапамогай «Независимой газеты» аднаго прадстаўніка віду Vulpes lagopus мне ўдалося днямі вылавіць: «Расійскі рынак працы стаў рынкам кандыдата», лічыць дырэктар кадравай кампаніі Unity Фелікс Кугел. «Практычна ва ўсіх сферах адчуваецца дэфіцыт персаналу. Кампаніі вядуць канкурэнцыю за кадры і імкнуцца паляпшаць умовы працы, каб зацікавіць большую колькасць кандыдатаў і хутчэй закрываць пазіцыі», — распавядае ён. «Асноўныя прычыны, з-за якіх кампаніі адчуваюць кадравы голад, звязаныя з дэмаграфічнай ямай, адтокам іншаземнай працоўнай сілы, недахопам кваліфікаваных кандыдатаў».
Пра якую краіну гаворка? Натуральна, пра Расію. Якая справа спадару Кугелу да Беларусі, што вось ужо тры дзесяцігоддзі паспяхова адбівае ўсялякія спробы паквапіцца на святое — на наш суверэнітэт і нашу незалежнасць?
Прыгадаем пытанне пад нумарам 1, якое прагучала ў Пасланні–2022: «Ці гатовыя вы, беларусы, плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву?»
Адказ відавочны: гатовыя. Аднак пагрозы маюць уласцівасць падзяляцца на рэальныя і ўяўныя. Рэальныя, хай гэта не падасца дзіўным, заўважыць часам складаней за ўяўныя, бо яны маюць уласцівасць падкрадацца незаўважна. Спіс такога кшталту пагроз узначальвае пагроза пад назвай «жыццё сыходзіць з сістэмы». Так званыя «збеглыя» — толькі яе нязначная частка, якую без спецыяльнай оптыкі і не разглядзець.
Усё цячэ і ўсё змяняецца, у тым ліку і глабальная эканоміка. «У нашы дні, — тлумачыць ізраільскі гісторык Юваль Харары, багацце залежыць ад валодання не столькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, колькі ведамі. І калі нафтавыя радовішчы можна захапіць сілай, то з крыніцамі ведаў гэта не пройдзе».
Крыніцы ведаў ва ўсе часы «галасавалі нагамі». Іх не захапіць, іх і не ўтрымаць. Куды яны перацякаюць — за тымі тэрыторыямі і будучыня.