Палітолаг: Масква працягвае апусканне Лукашэнкі да васальнага ўзроўню
Афіцыйны Мінск працягвае наладжваць стасункі з самаабвешчанай ДНР. На мінулым тыдні ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў у Гомелі прыняла ўдзел каманда з так званай рэспублікі. А пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты і кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін падпісалі ў Санкт-Пецярбургу пагадненне аб пашырэнні партнёрства.
Са слоў самога Пушыліна, гэта з'явілася вынікам «плённай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам», якая адбылася ў Мінску ў красавіку.
— Думаю, гэтыя факты сведчаць, што Масква мэтанакіравана і метадычна апускае статус беларускага хаўрусніка, — пракаментаваў BG.Media гэтыя выпадкі палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. — Калі ўспомніць сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным у красавіку, то, напэўна, гэтыя падзеі з'яўляюцца развіццём дамоўленасцей, якія былі тады дасягнуты.
Прычым у красавіку было відаць, што беларускі кіраўнік прымае госця без усялякага энтузіязму. Тут можна ўспомніць, што Пушылін прыязджаў яшчэ летась, але тады яго «прадынамілі» на вышэйшым узроўні і адправілі ў Берасце ўскладаць кветкі. Цяпер відавочна, што ў Лукашэнкі ўжо няма рэсурсаў для супраціву такому відавочнаму апусканню яго статусу да васальнага ўзроўню.
Што да ўдзелу школьнікаў у спартакіядзе, то тут беларускія ўлады выкарыстоўваюць фальшывы матыў: маўляў, мы супрацоўнічаем з гуманітарных меркаванняў. Гэта ж гучыць і ў тэме адпачынку ўкраінскіх дзяцей у Беларусі. Праўладны паралімпіец Аляксей Талай адкрытым тэкстам сказаў у нядаўнім інтэрв'ю БелТА, што Лукашэнка па сутнасці з'яўляецца патронам гэтай ініцыятывы. Прытым што палітычныя праціўнікі Лукашэнкі, у першую чаргу Латушка, дамагаюцца ордэра для Лукашэнкі ў Гаагскі трыбунал, як гэта ўжо зроблена ў дачыненні да Пуціна. Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей трактуецца як ваеннае злачынства.
Хоць у Беларусі робяць выгляд, што супрацоўніцтва ў такіх сферах адбываецца па гуманітарных меркаваннях і палітыка тут ні пры чым, гэта таксама частка падыгрывання Маскве ў яе цёмных справах.
Дзяржаўныя СМІ імкнуцца не афішаваць сустрэчу беларускага амбасадара з Пушыліным і асабліва падпісанне дамоўленасцей. Гэта піяраць самі «ДНРаўцы».
Прыкладна тое ж адбываецца ў сферы супрацоўніцтва з Крымам. Дэ-факта яно ёсць на ўзроўні ведамстваў, прадпрыемстваў, але пра гэта не крычаць.
«ДНР» і «ЛНР» з пункту гледжання расійскага заканадаўства ўключаны ў склад РФ, і на першы погляд для Лукашэнкі сустрэцца з Пушыліным — тое ж самае, што сустрэцца з любым расійскім губернатарам. Але ёсць відавочная розніца паміж рэгіёнамі, якія былі ў Расіі ў межах 1991 года (іх прызнае сусветная супольнасць), і рэгіёнамі, далучанымі ў выніку анексіі. Кантакты з апошнімі выглядаюць «зашкварна» для Мінска.
— Справа не толькі ў міжнародным іміджы Лукашэнкі. Цяпер усе гавораць аб украінскім контрнаступленні. Пакуль цяжка прагназаваць яго перспектывы, але не выключана, што ўкраінскія войскі пачнуць вызваляць у тым ліку тэрыторыі так званых «ДНР» і «ЛНР». Тады ў Масквы з'явіцца дадатковы фармальны аргумент патрабаваць ад Мінска больш актыўнага ўдзелу ў агрэсіі. Маўляў, глядзі, Аляксандр Рыгоравіч, гэта ўжо напад на Саюзную дзяржаву, а ў нас жа ёсць ваенныя дамоўленасці, — кажа эксперт.
Як Мінск «прафукаў» шматвектарнасць
Лукашэнку не ўдалося выбудаваць шматвектарнасць, як ён пра тое марыў і як удалося, напрыклад, гэта зрабіць у Казахстане. Хоць шанец быў. У 2014 годзе за кошт вобразу міратворца Мінск змог палепшыць стасункі з Захадам, а Лукашэнка проста квітнеў, прымаючы ў сябе еўрапейскіх лідараў.
Класкоўскі называе тры фактары, якія спрацавалі на тое, што Беларусь усё ж такі апынулася ў імперскай пастцы.
— Першы — ён вельмі хацеў пасля Барыса Ельцына заняць месца ў Крамлі. Гэта было адным з галоўных, а можа быць, і галоўным матывам падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Але здарыўся вялікі аблом, таму што прыйшоў Пуцін і ўзяў курс на паглынанне Беларусі.
Другі — Лукашэнка не хацеў праводзіць эканамічных рэформаў, у адрозненне ад таго ж Казахстана, які пры аўтарытарным рэжыме цалкам па-іншаму паводзіў сябе ў дачыненні да эканомікі. У краіне стварылі прывабны інвестыцыйны клімат. Лукашэнка ж хацеў «прыстаканіцца» да танных рэсурсаў і для гэтага падпісваў кабальныя дамовы з Масквой, каб атрымліваць нафту, газ, крэдыты на больш выгадных умовах.
Трэці — 2020 год, калі для Лукашэнкі захаванне асабістай улады стала даражэйшым за ўсё, і гэта фатальна пагоршыла залежнасць Беларусі ад Расіі.