Палітычная кампанія-2015: З беларуса хоць вяроўкі ві

Паэт Уладзімір Някляеў, які адседзеў за кратамі пасля ўдзелу кандыдатам у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, вырашыў стварыць шырокі  агульнанацыянальны рух для пераменаў у краіне, абароны яе незалежнасці. Пераможца выбараў-2010 Аляксандр Лукашэнка 15 мая на сталічным МТЗ пераконваў шырокія масы, што ў крызіс лепш перакантавацца без пераменаў.



mozha_tak_i_treba.jpg

«Трымайцеся за свае працоўныя месцы. Паменш слухайце балбатуноў», - параіў прэзідэнт рабацягам прадпрыемства, у якога цяпер вялікія праблемы са збытам тэхнікі легендарнай маркі «Беларус».

Улада села ў галёш з заробкамі


Пры гэтым нязменны прэзідэнт і думкі не дапускае, што па выніках прызначаных на лістапад прэзідэнцкіх выбараў улада можа памяняцца.
Выбарчая кампанія разглядаецца проста як нейкае часовае напружанне для нязменных кіруючых вярхоў, тыпу сесіі ў студэнтаў. «І да гэтага іспыту мы павінны дастойна падрыхтавацца без усялякага папулізму, каб вы нас потым пасля выбараў не папракалі, што нешта паабяцалі, але пасля выбараў забыліся», - адзначыў Лукашэнка на МТЗ.
На самай справе ўжо відавочна, што правалена прэзідэнцкае абяцанне пяцігадовай даўнасці - давесці да 2015 года сярэдні заробак у эквіваленце да тысячы долараў. У сакавіку сярэдні заробак у краіне склаў каля шасці з паловай мільёнаў беларускіх рублёў, што па цяперашнім курсе - менш 460 долараў.
Цяпер абяцанні кіраўніка краіны не ў прыклад сціплейшыя: «Мы пастараемся пры адсутнасці росту заработнай платы збалансавацца так, каб цана не захліствала заработную плату».
Карацей, інструмент стары - адміністрацыйны кантроль над цэнамі. Але наколькі атрымалі поспех беларускія ўлады ў гэтым сваім запале ў інтарэсах народа? За студзень - красавік афіцыйная інфляцыя склала каля 6%. А за гады кіравання Лукашэнкі беларускі рубель абясцэніўся ў сотні разоў.
Мала дзе ў свеце інфляцыя зашкальвае так, як у «стабільнай» Беларусі, дзе ўрад сочыць за цэнаўтварэннем з пугай.
Прэзідэнт разумее, што валюнтарызм не бязмежны, таму агаворваецца: «Калі растуць цэны на імпарт, бог з імі. Галоўнае, каб на тавары беларускай вытворчасці не раслі».
Хітрасць, аднак, у тым, што амаль у любым тавары made in Belarus маецца (а часам і дамінуе) імпартны складнік. Напрыклад, у тых жа цяплічных агурках, якія ў нас удвая даражэй бананаў.
Цяпер Лукашэнка ў плане зарплаты ставіць задачу «захаваць той узровень, які нам дастаўся з мінулага года». Як можна здагадацца, гаворка ўжо не пра чортавы доларавы эквівалент (ён асеў пасля снежаньскай гібрыднай дэвальвацыі), а пра лічбы ў родных драўляных рубліках.
Але калі інфляцыя за 2015 складзе адсоткаў 20 (а да гэтага і ідзе), то адпаведна ўпадзе і пакупніцкая здольнасць гэтай нібыта стабільнай зарплаты.
Прасяданне ўзроўню жыцця прызнае і Белстат. Паводле яго даных, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2015 склалі 95,8% да ўзроўню першага квартала 2014 года.

Не даць апазіцыі шанцу


Такім чынам, упершыню за час кіравання Лукашэнкі народ падвядуць да выбараў у матэрыяльным мінусе. І гэта тэарэтычна дае казыры яго праціўнікам.
Заклік не слухаць «балбатуноў» паказвае, што афіцыйны лідэр трымае ў галаве будучую выбарчую кампанію, калі апазіцыя атрымае хоць бы мінімальныя магчымасці легальна агітаваць за альтэрнатыўныя шляхі развіцця краіны. А значыць - гуляць на незадаволенасці насельніцтва.
Можна меркаваць, што трымае ў галаве восеньскія выбары і Някляеў, які абвясціў аб намеры стварыць рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі».
Пры гэтым місія, за якую ўзяўся экс-старшыня кампаніі «Гавары праўду» пасля нядаўняга выхаду з структур традыцыйнай, старой апазіцыі (з якімі кашы відавочна не зварыў), больш чым няўдзячная.
Сама ідэя стварыць нейкую трэцюю сілу, адгарадзіўшыся ад апазіцыйнага гета, не новая. Былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 году спрабаваў стварыць рух «Воля народу» - хто пра гэты брэнд цяпер памятае, акрамя купкі палітолагаў?
Ды і іншы супернік Лукашэнкі на выбарах-2006 - Аляксандр Мілінкевіч таксама ж стварыў рух «За свабоду», які цяпер вылучаецца ў апазіцыйным шэрагу хіба што нейкай гібрыднасцю - не зусім партыя, але і не зусім трэці сектар.
Жорсткі аўтарытарны рэжым элементарна не дазваляе унутраным апанентам разгарнуцца, набраць ўплыў.

«Трэцяй сілы» у нас не бывае


Так, ініцыятар новага руху пакуль не абвясціў, што мае намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Але гэта было б лагічным крокам, калі ўжо ўзяўся за гуж.
«Калі Някляеў будзе ўдзельнічаць, то гэта зробіць кампанію больш цікавай», - заявіў у каментары для Naviny.by дырэктар па даследаваннях «Ліберальнага клуба» (Мінск) Яўген Прэйгерман.
Аналітык адзначае: экс-лідэр «Гавары праўду» - самы рэйтынгавы з апазіцыянераў па дадзеных НІСЭПД. Да таго ж - воляй-няволяй уступіць у суперніцтва са сваёй былой структурай (якая хоча вылучыць Таццяну Караткевіч). Нарэшце, Някляеў харызматычны, здольны дадаць кампаніі эмоцый, мяркуе Прэйгерман.
Пры гэтым ён падкрэслівае: у цэлым апазіцыя застаецца расколатай, слабой і па вялікім рахунку недзеяздольнай.
Сапраўды, згодна з сакавіцкім апытаннем НІСЭПД, па закрытым пытанні (гэта значыць з канкрэтным спісам прозвішчаў) электаральны рэйтынг Някляева даволі прыстойны - 9,4% (Лукашэнка - 36,9%).
Да таго ж сацыялогія, ды і вопыт ранейшых кампаніяў, паказвае: тая частка электарату, якой відавочна не падабаецца цяперашні палітычны рэжым, гатовая дружна галасаваць за адзінага кандыдата ад апазіцыі. Гэта значыць такі адзіны амаль аўтаматам атрымлівае куш (да 20-25% сімпатый) ужо за кошт свайго статусу. А там яшчэ папрацаваць...
Але ў цяперашнім палітычным сезоне праект адзінага кандыдата бяздарна правалены. І таму Някляеву ў выпадку выхаду на перадвыбарчае поле прыйдзецца змагацца за галасы і з іншымі супернікамі Лукашэнкі. Нават калі тыя будуць бутафорскімі, усё роўна гэта - распыленне пратэстных галасоў.
Валерый Карбалевіч лічыць, што ініцыятыва Някляева наўрад ці неяк паўплывае на сюжэт будучай выбарчай кампаніі.
Палітолаг пакуль не бачыць перадумоў, якія б абяцалі новаму руху масавасць і поспех. «Пра пагрозу незалежнасці кажа ў асноўным апазіцыя, народ жа хутчэй падтрымлівае дзеянні Расіі ва Украіне», - адзначыў аналітык у каментары для Naviny.by.
Так, і наконт лозунгаў. Устаўлю падступную рэмарку: а што, хіба беларускі прэзідэнт супраць незалежнасці? Уласна, і дзяржаўнасць ён ужо цалкам адбудаваў пад сябе.
Так што пры любых лозунгах любому руху ў Беларусі не сысці ад жорсткага пазіцыянавання. Груба кажучы, ты за Лукашэнку ці супраць. Паэт з імем і вялікім жыццёвым шляхам напэўна не гатовы класці рэпутацыю на алтар абслугоўвання рэжыму, які намякае цяпер на сваю цікавасць да чарговай гульні ў грамадскі дыялог.
Значыць, гаворка зноў ідзе дэ-факта аб стварэнні апазіцыйнага брэнда. І колькі б ні гаварылася аб самакіраванні, стаўцы на гарызантальныя сувязі, усё роўна патрабуецца касцяк актывістаў, своеасаблівая вертыкаль. Актывістаў жа толькі жменя. Мілінкевіч у свой час атрымаў шмат папрокаў за тое, што пераманьваў, маўляў, людзей з партый.

З беларуса хоць вяроўкі ві


Зараз жа лёс любой апазіцыйнай ініцыятывы пагаршаецца катастрафічным безграшоўем. Тут і перавабіць няма чым. Наўрад ці пад сцягі новага руху набяжыць натоўп ідэалістаў - іх у прынцыпе мала.
На новы рух няма не толькі грошай, але і драйву ў грамадстве. Сацыялогія паказвае, што ў гэтым плане на руку беларускім уладам сыграў украінскі крызіс.
Да таго ж людзі добра запомнілі ўрок 2010: сунешся супраць улады - мала не падасца.
А галоўнае - даўно адбіты густ да палітыкі, які прачнуўся было ў канцы 80-х - пачатку 90-х. Сёння народ прыціснуты не столькі нават страхам, колькі фаталізмам.
Рабацягі з МТЗ і іншых прадпрыемстваў былой сацыялістычнай індустрыі схільныя больш спадзявацца не на апазіцыйныя праграмы (тым больш што рэформы напэўна будуць дыскамфортныя), а на тое, што «бацька» неяк злаўчыцца, не дасць памерці з галадухі.
Так, а кошты перад выбарамі могуць прытрымаць. Наконт камунальных тарыфаў указанне вуснамі галоўнага начальніка фактычна дадзена. Але цудаў не бывае - у такім выпадку гэтая сціснутая спружына стрэліць пасля выбараў, як ужо было ў 2011-м.
Аднак і тады спробы апазіцыі арганізаваць пратэст у форме народных сходаў (таксама, як думалася, без фармалізму, лішніх структур) пацярпелі фіяска.
Беларус пакуль такі: з яго хоць вяроўкі ві. І таму ўлада асабліва не пераймаецца. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына зыход восеньскіх выбараў на днях параўнала па прадказальнасці з тым, чым канчаецца жыццё. Натхніла ўсіх, хто хоча адважыцца.
naviny.by